Музыкі скарыстоўваюць магчымасьці мозгу значна эфэктыўней за звычайных людзей

Музычная школа ў многіх з нас у дзяцінстве не выклікала захапленьня, але прымус з боку бацькоў цяпер навукова апраўданы. Псыхолягі правялі дасьледваньне й пацьвердзілі, што музыкі думаюць ня так, як усе астатнія людзі. І наагул творчыя людзі эфэктыўней скарыстоўваюць абедзьве часткі галаўнога мозгу. А музыка паляпшае ня толькі разумовыя здольнасьці, але й фізычную выносьлівасьць.

Здагадкі й меркаваньні, што музыкі й цалкам творчыя людзі маюць больш нестандартнае мысьленьне і больш эфэктыўна задзейнічаюць у працы абодва паўшар’і мозгу, былі й раней. Але зараз псыхолягі вырашылі падыйсьці да пытаньня з навукога пункту гледжаньня й правесьці асобнае дасьледваньне.

Навукоўцы з Vanderbilt University абралі для дасьледваньня менавіта музыкаў, бо лічаць, што творчае мысьленьне для апошніх — частка штодзённага жыцьця. Так, прафэсійныя музыкі мусяць выкарыстоўваць абедзьве рукі, кожная зь якіх незалежна прайграе на інструмэнце сваю мэлёдыю, што ў выніку зьядноўваецца ў агульны твор. Да таго ж музыкам часта прыходзіцца ў дадатак адначасова чытаць музычныя сымбалі і адлюстроўваць іх у гуку. Прасьцей кажучы, задача ня простая і адным паўшар’ем мозгу тут не абыйсьціся.

IQ48
На здымку Яўген Бузоўскі з IQ48 грае ажно ў тры рукі пры запісе новага альбому гурта :)

Псыхолягі сабралі для заданьня дзьве групы ўдзельнікаў: студэнты-музыкі з 8-гадовым стажам вывучэньня гульні на інструмэнтах і далёкія ад музыкі студэнты падрыхтоўчага курсу па псыхалёгіі. Але абедзьве групы былі раўназначныя па ўзросту, полу, адукацыі і інш.

У ходзе двух экспэрымэнтаў удзельнікі прыдумлялі як мага болей ужываньняў звычайным побытавым прадметам, праходзілі тэст па падбору славесных асацыяцыяў, выконвалі іншыя простыя кантрольныя заданьні. У гэты час навукоўцы адсочвалі актыўнасьць мозгу ўдзельнікаў дасьледваньня.

«Калі вымяралі актыўнасьць кары галаўнога мозгу, то заўважылі, што вопытныя музыкі праяўлялі іншую па якасьці, а не па колькасьці, працу мозгу», — тлумачыць у прэс-рэлізе адзін зь ініцыятараў дасьледваньня псыхоляг Bradley Folley.

Таксама навукоўцы высьветлілі, што музыкі ў цэлым маюць большы IQ. Такім чынам, дасьледнікі падтрымалі тэорыю, што заняткі музыкай паляпшаюць разумовыя здольнасьці.

Зрэшты, ня толькі разумовыя. Іншая група дасьледнікаў з Brunel University правяла 20-гадовае дасьледваньне сувязі музычнай матывацыі ў спорце і працы. Высьветлілася, што музыка спрыяе і фізычнай выносьлівасьці. Так, музычнае суправаджэньне павышае выносьлівасьць цела на 15% і дапамагае атрымаць ад спорту значна большае задавальненьне.

tarka 20:10, 07/10/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1869 seconds.