20–21 верасьня ў Лагойску пройдзе фэстываль «Кубак піва — 2008»

Міжнародны піўны фэстываль пройдзе на тэрыторыі ГСАК «Лагойск» ужо ў пяты раз. Заснавальнікі фэсту хочуць «падвысіць культуру півапіцьця і надаць падзеі статус нацыянальнай традыцыі». Беларускі «Кубак піва» сябруе зь вядомым баварскім «Oktoberfest» і традыцыйна адчыніцца расьпіцьцём кега піва, адмыслова прывезенага зь Нямеччыны.

 

Сёлета пройдзе юбілейны «Кубак піва» — пяты. Арганізатары расцэньваюць разьвіцьцё фэстывалю як адлюстраваньне росту культуры спажываньня піва і адзін са спрыяльных сымптомаў аздараўленьня нацыі.

Дапамагаць піўному аздараўленьню сёлета будуць выступы беларускіх музыкаў (Марыам, Сандра, Вольга Змуршчык, «Палац», «Крама», «Drum Ecstasy», «Ячменный солод», «В джазе только дедушки!») і конкурсы з дэманстрацыяй старажытных традыцыяў півапіцьця і броварства: «Піўны інтэлектуал», «Хуткія піваносы», «Лепшы дэгустатар», «Чатыры канцы» і іншыя.

Сваё майстэрства ў броварстве прадэманструюць беларускія і замежныя піваварні. А сярод гледачоў традыцыйна пройдзе змаганьне за галоўны прыз «Кубка піва» — піўны драўляны куфаль ручной працы.

Для дзяўчатаў уваход на піўны фэст вольны, для хлопцаў — 8 тысяч. Таксама арганізаваныя адмысловыя аўтобусы зь Менску: ад станцыі мэтро «Усход» да фэсту 20 і 21 верасьня з 11:00 да 24:00 будуць курсаваць аўтобусы коштам у 5 тыс. Для прыватнага транспарту будзе наладжана некалькі парковак.Час працы «Кубка піва»: субота — 12:00-23:00, нядзеля — 12:00-20:30.

tarka 12:50, 17/09/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0897 seconds.