«Сегодня они пришли за Кенни, завтра придут за тобой»: расейскія блогеры правялі акцыю ў падтрымку South Park

«Картмана в президенты!», «Не грози Южному парку, попивая сок у себя в кабинете!», «Они убили Кенни!!!», «Все, кто против, будут наказаны!», — і ўсё гэта на плякатах з разрываючымі душу мілымі выявамі Кені і іншых герояў культавага мультсэрыялу South Park. «Экстрэмісцкія» паводле заключэньня маскоўскай пракуратуры «Калядныя песенькі ад Містэра Какашкі» вывелі расейскіх блогераў на пікет у цэнтры Масквы.

­

«Кенни жил! Кенни жив! Кенни будет жить!» і нават намаляваная маркерам расейская «сьвятыня» — маўзалей — з новым гаспадаром — Кенін. Гэта ня менш крэатыўны адказ расейскіх блогераў на рашэньне бассманнай пракуратуры Масквы аб прызнаньні зьместу сэрыі «Містэр Хэнкі, Калядная Какашка» экстрэмісцкім. Увесь скандал разгарнуўся вакол расейскага анімацыйнага каналу для дарослых 2×2, дзе і трансьляваўся вядомы мультсэрыял.

Падзеі пачалі разгортвацца ўвесну 2008-га, калі расейскія «пяцідзесятнікі» запатрабавалі прызнаць South Park экстрэмісцкім і забараніць яго паказ ў Расеі, а таксама распачаць крымінальную справу супраць каналу 2×2. У верасьні экспэрты (адмыслова навучаныя прафэсары й дактары навук) падрабязна вывучылі ўсе рэплікі ў сэрыі і нават далі навуковае тлумачэньне на 17 старонках, дзе літаратурнай мовай расьпісалі, хто такі містэр Какашка. Тэлеканалу далі папярэджаньне, пад пагрозай стаіць працяг ліцэнзіі на вяшчаньне. У зьвязку са скандалам рэйтынгі 2×2 толькі растуць, а прыхільнікі South Park зьбіраюць подпісы і выходзяць на вуліцы.

Без кропелькі сумневу ў пачуцьці гумару пракурораў, блогеры склалі зварот у Генпракуратуру РФ і іншыя адпаведныя структуры з тлумачэньнем, як яны разумеюць South Park і просьбай не зачыняць тэлеканал:

«South Park — гэта адзін з самых вострых сатырычных фільмаў сучаснасьці, які высьмейвае парокі сучаснага амэрыканскага грамадзтва, такія як: ханжаства, крывадушнасьць, даведзеная да абсурду паліткарэктнасьць, выхаваньне сапраўднага зьместу веры, ператварэньне рэлігіі ў прыладу палітычнай барацьбы, маніпуляваньне грамадзкай сьвядомасьцю з дапамогай ідэалёгіі і іншыя».

«Зьмест гэтага сэрыялу выклікае ўсьмешку, а не „страх, паніку і жах“» — пад зваротам толькі за першыя суткі падпісалася болей тысячы жж-карыстальнікаў. А найбольш перакананыя выйшлі 13 верасьня ў маскоўскі Новапушкінскі сквэр абараняць любімы мультфільм і тэлеканал вясёлымі плякатамі і лёзунгамі. Кені мае цяпер добрыя шанцы стаць новым расейскім сымбалем барацьбы за свабоду слова. Бо акцыя мела неверагодны рэзананс.

 
 

Акцыя ў падтрымку South Park і тэлеканалу «2×2» у Маскве 13 верасьня. Выявы з lenta.ru.

Зараз гледачы тэлеканалу працягваюць збор подпісаў і абмяркоўваюць у жж-суполцы новыя акцыі ў абарону South Park і «2×2». Бо ліцэнзія каналу дзейсная толькі да 17 кастрычніка 2008 году, а пры вырашэньні пытаньня працягу ліцэнзіі думкі гледачоў будуць улічвацца.

«Пепел Кенни стучит в наших сердцах!» — прыдумляюць крэатыўныя плякаты ўжо й піцерцы, якія зьбіраюцца выйсьці ў абарону South Park 21 верасьня. Мяркуючы па розгаласе ў рунэце, абарона South Park можа прыняць сур’ёзныя маштабы.

tarka 09:00, 16/09/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1134 seconds.