Сусьветнай навуцы можа паспрыяць кожны з дапамогай свайго хатняга кампутара

­­­­Агульная колька­сьць кампутараў у сьвеце нядаўна перавысіла лічбу 1 млрд. Пры гэтым большасьць зь іх асноўную частку часу выкарыстоўвае свае рэсурсы ня болей чым на 5%. У тым ліку і той кампутар,­ зь якога чытаецца зараз гэты тэкст, на­ўрад ці цалкам выкарыстоў­вае­ свае рэсурсы. Пра тое, як далучыцца да пошуку іншаплянэтных цывілізацый, пошуку лекаў ад СНІД, альбо разьвязваньня складаных матэматычных тэарэмаў — у матэрыяле.­­­­­­

 

У часы Ньютона й Каперніка навукоўцы вымушаныя былі спадзявацца толькі на свой аналітычны розум. Але існуе занадта шмат матэматычных тэарэм і гіпотэз, якія немагчыма было пра­верыць анал­ітычна, але толькі з дапам­огай шматлікіх, нудных і аднолькавых апэрацый, якія б усё чалавецтва рабіла дзесяцігодзьдзямі, узброіўшыся паперкай і асадкай. Калі зьявіліся першыя машыны-памочнікі, якія пачалі выконваць за чалавека складаныя вылічэньні — разьвіцьцё навукі пайшло куды хутчэй. У другой палове ХХ стагодзьдзя кампутару знайшлося яшчэ адно важнае прызначэньне – пошук і сартаваньне карыснай і цікавай інфармацыі.

Першы кампутар зьявіўся пад час Другой Сусьветнай вайны, і выкарыстоўвалі яго, зразумела, у вайсковых м­этах. Але ўжо праз дзесяць год немагчыма было сябе ўявіць нейкую навуковую лябараторыю без кампутара. Калі казаць пра першыя кампутары, то яны былі слабейшыя за сучасныя калькулятары, але нават яны спрасьцілі жыцьцё навукоўцам.

З пашырэньнем і паглыбленьнем экспэрымэнтаў, ад кампутараў патрабаваліся ўсё большыя магутнасьці. І ўжо напрыканцы 70-ых гадоў пачалі зьяўляцца супэркампутары, якія рабілі мільёны й нават мільярды апэрацый на сэкунду. Але нават ня гледзячы на тэхнічны прагрэс і геамэтрычнае павялічэньня магутнасьцей вылічальных машынаў, іх усё роўна катастрафічна не хапае.

Даг­рукацца да іншаплянэтнай цывілізацыі

Пачалі зьяўляцца ўсё новыя й новыя праекты, больш амбітныя і больш патрабавальныя да магутнасьцей кампутараў. Адзін з такіх праектаў, пад назвай SETI, быў распачаты каля 30 гадоў таму. Сусьветнавядомыя астраномы сьцьвярджалі, што пры той колькасьці зорак, якія існуюць у галяктыцы, нават калі вельмі малы адсотак зь іх мае іншыя плянэты, і яшчэ меншы адсотак зь тых плянэт маюць умовы, прыгодныя для жыцьця – то іх усё роўна будзе каля дзесятка тысяч. І на якой-небудзь зь іх можа быць сапраўды разумнае жыцьцё.

У 1992 годзе навукоўцы пачалі атрымліваць першыя дадзеныя з радыётэлескопаў, але іх было так шмат, што вельмі хутка паўстала пытаньне «як лічыць?». Нават калі аб’яднаць усе супэркампутары ўсіх лябараторый для апрацоўкі дадзеных з тых тэлескопаў, то вылічэньні занялі б дзесяцігодзьдзі. А ёсьць жа й іншыя, больш важныя праекты, для каторых таксама патрэбныя кампутары. Вучоны сьвет быў у тупіку, але...

У пачатку 80-х гадоў са зьяўленьнем ІВМ РС пачалася новая кампутаровая эра. Кампутары прыйшлі ў кожны дом, як дапаможнік, цацка, настаўнік. Ужо праз 20 год, іх было зроблена сотні мільёнаў. Большую частку часу магутнасьці гэтых кампутараў практычна не выкарыстоўваліся. І камусьці прыйшла ў галаву ідэя — а што калі прапанаваць звычайным карыстальнікам і энтузіястам дапамагчы ў навуковых дасьледаваньнях?! Для гэтага дастаткова ўсяго толькі разаслаць праз інтэрнэт маленькія пакеты дадзеных для вылічэньняў усім, хто таксама хоча хутчэй пазнаёміцца з братамі па розуму зь іншых плянэтаў. І ня гледзячы на ўвесь скепсіс, знайшлося шмат жадаючых дапамагчы. Гэта быў грандыёзны посьпех!

Навуковая лябараторыя на тваім хатнім кампутары

Трэба зазначыць, што шматлікія дасьледчыя цэнтры й лябараторыі тым часам таксама адчуваюць недахоп у магутнасьцях іх кампутараў. Біёлягі, якія працуюць над пошукамі лекаў на СНІД і рак, фізыкі, якія пацеюць над разгадкай задумкі Бога, матэматыкі з чарго­вымі дзіўнымі тэарэмамі — усім ім у вырашэньні гэтых важных для ўсяго чалавецтва праблем можа дапамагчы кожны, хто мае ў хаце кампутар. Мільёны людзей з усяго сьвету ўжо прадставілі патрэбную магутнасьць свайго кампутара для вырашэньня гэтых праблемаў. Навукоўцы Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту адмыслова для гэтых мэтаў якраз распрацавалі праграму-кліент BOINC, якую кожны можа спампаваць зь інтэрнэту, паставіць на свой кампутар, выбраць цікавыя на свой густ праекты й ... нічога больш не рабіць. Адзінае што будзе нагадваць аб тым, што вы дапамагаеце шукаць гравітацыйныя хвалі, альбо вельмі чаканыя лекі – гэта ­стылёвы скрынсэйвэр на працоўным стале.

­На жаль, у Беларусі праект не атрымаў вартай яму ўвагі. Па статыстыцы толькі 650 чалавек з усёй Беларусі прынялі ўдзел у розных праектах BOINC. А гэта трохі больш, чым у Зымбабвэ й трохі менш, чым у Гандурасе. Але насамрэч нічога складанага – трэба проста сьцягнуць са старонкі праекту праграмку, заінсталяваць яе і выбраць тое, што найбольш адпавядае вашаму сьветапогляду і інтарэсам, і нашчадкі будуць вам потым вельмі ўдзячныя!­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1485 seconds.