Прэс-сакратарку Партыі БНФ Кацярыну Маркоўскую разьмяркоўваюць у «Ленінскі кліч»

Студэнтку 5-га курса і прэс-сакратарку Партыі БНФ Кацярыну Маркоўскую разьмеркавалі ў крычаўскую газэту «Ленінскі кліч» на працу загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі. Студэнтка зьбіраецца зьвяртацца ў суд, бо разьмеркаваньне прайшло з парушэньнямі.

25 красавіка на факультэце журналістыкі БДУ прайшла камісія па разьмеркаваньні выпускнікоў пад кіраўніцтвам міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча. Апроч міністра у склад камісіі ўвайшлі дэкан факультэту журналістыкі Сяргей Дубовік, кіраўнікі катэдраў, намесьнік дэкана па вучэбнай працы Вольга Самусевіч. Выпускнікам было прапанавана самім шукаць месца працы й прыносіць запыты.

Кацярына Маркоўская
Кацярына Маркоўская. Фота Насты Шылінай.

Кацярына Маркоўская мела запыт на працу літаратурным рэдактарам у выдавецкім доме Таварыства беларускай мовы ў Лідзе. Але з хадайніцтва Сяргея Дубовіка яго не задаволілі.

Кацярына Маркоўская заканчвае факультэт журналістыкі па спэцыяльнасьці «літаратурны рэдактар». Кася патлумачыла Generation.by незаконнасьць ейнага разьмеркаваньня:

«Лічу такое разьмеркаваньне, па-першае, несправядлівым, што, вядома, камісія ацаніла як суб'ектыўнае меркаваньне, а, па-другое, незаконным, — мяне разьмеркавалі не па маёй спэцыяльнасьці, чым парушылі пункт 9 палажэньня пра разьмеркаваньне выпускнікоў».

Кацярына зьбіраецца даказаць несправядлівасьць разьмеркаваньня ў Крычаў:

«Буду абскарджваць рашэньне камііі ў міністэрстве адукацыі. Гэта, зразумела, плёну ня дасьць — дарадца міністра Радзькова Віктар Іўчанкаў зьяўляецца кіраўніком маёй кафэдры — але праз гэта буду мець адказ па сутнасьці. Пасьля — падаваць у суд. Тым больш, што камісія, калі я сказала, што лічу разьмеркаваньне не па спэцыяльнасьці незаконным, зьдзекліва сказала, каб я падала на іх у суд».

У лютым 2008 з факультэта журналістыкі нібыта за акадэмічную непасьпяховасьць быў адлічаны сябра Сойму Партыі БНФ Франак Вячорка. Кацярына Маркоўская перакананая, што ейнае разьмеркаваньне — працяг кампаніі рэпрэсіяў супраць студэнтаў журфака БДУ:

«Журфак сябе дыскрэдытаваў канчаткова. Гэты факультэт пераўтварыўся ў рэпрэсіўны інструмэнт сыстэмы адукацыі супраць іншадумства і ініцыятывы», — кажа студэнтка.

SlaDa 16:30, 25/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.126 seconds.