Журналісты запусьцілі «Вольнае слова»

Калектыўным запускам папяровых самалёцікаў быў адзначына пачатак «Вольнага слова 2008» — конкурсу прафэсійных журналісцкіх працаў. Сёньня Беларуская асацыяцыя журналістаў узнагародзіла пераможцаў 2007 году.

­

 

Конкурс Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» мае шэраг істотных адметнасьцяў. Па-першае, галоўная ідэя — не ўзнагародзіць «журналіста-змагара», а ацаніць менавіта прафэсійныя якасьці, журналісцкі талент.

Па-другое, ацэньваліся не аўтары, а тэксты. Таму не было ніякіх крытэраў, апроч якасьці: прэміі атрымалі і маладыя журналісты, і журналісты з багатым досьведам, прадстаўнікі рэгіянальных і сталічных выданьняў.

150 дасланых тэкстаў ацаніла прафэсійнае журы, у склад якога ўвайшлі Тацяна Мельнічук, Юлія Слуцкая, Андрэй Аляксандраў, Анатоль Гуляеў, Максім Жбанкоў, Аляксандр Старыкевіч, Андрэй Скурко. Старшыня журы — Юрась Карманаў. Разам з Жаннай Літвіной ён вёў урачыстую цырымонію ўзнагароджаньня.

Жанна Літвіна, сярод іншага, засяродзіла ўвагу на ўведзеным у гэтым годзе прафэсійным сумоўі для тых, хто зьбіраецца паступаць на факультэт журналістыкі. Разам зь Юрасём, яны казалі пра неабходнасьць падтрымліваць менавіта журналіста. Бо ў нашых умовах за шыльдай «журналіст» у большасьці выпадкаў хаваецца агітатар альбо піяршчык. Пераможцы конкурсу «Вольнае слова» — гэта якраз узоры сапраўднай журналісцкай працы, якая была ацэненая ганаровымі дыплёмамі і грашовымі прэміямі ў памеры ад 100 да 300 тысяч рублёў.

 

Найлепшы інфармацыйны матэрыял:

І. Зьміцер Панямонаў («Эўрапейскае радыё для Беларусі»)
«На плошчы Незалежнасьці паклалі радыёактыўную плітку»

ІІ. Руслан Гарбачоў («Іntex-press», Баранавічы)
«Как я был инвалидом»

ІІ. Глеб Лабадзенка («Комсомольская правда» в Белоруссии»)
«Белорусское молоко разошлось в Смоленске за 15 минут»

ІІІ. Алена Наважылава («Белорусские новости», БелаПАН)
«С новым газом, Беларусь!» 

Найлепшая аналітычная публікацыя:

І. Валеры Карбалевіч («СНплюс. Свободные новости плюс»)
«Инфляция оптимизма» 

ІІ. Віталь Тарас («Наша Ніва»)
«Данайскія дары» 

ІІІ. Сяргей Законьнікаў («СНплюс. Свободные новости плюс»)
«Здаровы сэнс падказвае»

Лепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру:

І. Сямён Печанко («Наша Ніва»)
«Дзікар і Джулія» 

ІІ. Алена Чэб («Брестский курьер»)
«Мелочи семейной жизни, или Уикенд без права на отдых» 

ІІІ. Віталь Цыганкоў ( Радыё «Свабода»)
«Нацыянальная ідэя ўлады — «жывіце і ня думайце»

Намінацыя «Дэбют»:

Зьміцер Панкавец («Наша Ніва»)
Міхаіл Герчык: «Не спадзяваўся выбрацца адтуль» (Быхаў-Менск)

Гэтыя тры намінацыі абраныя невыпадкова. Юрась Карманаў патлумачыў, што інфармацыя — гэта кроў журналістыкі, аналітыка — мозг, а ў літаратурна-мастацкім жанры раскрываецца душа.

 

Вынікі конкурсу дэманструюць пераемнасьць пакаленьняў журналістаў. Так, Віталь Тарас, атрымаўшы сваю ўзнагароду, павіншаваў найперш сваіх малодшых калегаў. У сваю чаргу, «Дэбют» Зьміцер Панкавец, які толькі паўтары гады ў журналістыцы, падзякаваў за падтрымку сталейшаму пакаленьню, у прыватнасьці Андрэю Дынько.

Generation.by пацікавіўся ў Зьмітра, як адчувае сябе малады журналіст у «Нашай Ніве»:

«Мне ў газэце давяраюць. І маладым я сябе ўжо не адчуваю».

Сваю прэмію Зьміцер расцаніў як аванс. Другі малады журналіст, Глеб Лабадзенка, адзначыў, як важна атрымаць прызнаньне калег. А Алена Наважылава палічыла прысуджэньне прэміі эканамічнаму матэрыялу дасягненьнем беларускай эканомікі.

 

Павіншаваць пераможцаў прыйшлі калегі і бард Алесь Камоцкі, які падарыў некалькі кампазыцый, праанансаваўшы свой канцэрт у малой залі КЗ Мінск 16 сакавіка.

Усе разам урачыста запусьцілі папяровыя самалёцікі — сымбалі конкурсу — абвясьціўшы тым самым пачатак «Вольнага слова 2008».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1231 seconds.