Слову «ОК» ня месца ў расейскай мове

Да такой высновы прыйшлі ўлады Чувашыі — і прапанавалі замяніць ангельскае слова на расейскае «дабро». Якім чынам будзе адбывацца ачышчэньне расейскай мовы не ўдакладняецца.

 

2008 абвешчаны ў Чувашыі «Годам добрых спраў» — адмыслова стораны сайт, на якім, апроч непасрэдна добрых спраў і дабрачыннасьці, будзе прапагандавацца ўжываньне слова «дабро» замест «ок».

Чувашы, асабліва моладзь, доўга не маглі ўцяміць, чым уладам так не да спадобы такое звыклае ў нашы дні слова «ок». Міністарка культуры Чувашыі Натальля Валодзіна патлумачыла:

«Будзем змагацца за чысьціню і прыгажосьць расейскай мовы».

Студэнты без энтузіязму аднесьліся да ініцыятывы ўраднікаў. А вось аднаму з мабільных апэратараў прыйшлося задумацца, што рабіць з тарыфам «ГудОК». Тут ня толькі шкоднае ангельскае «ок», а яшчэ і чужаземны «гуд».

Слова «дабро» хоць і ёсьць сынонімам «ок», але гучыць архаічна і ня зручнае для смс-паведамленьняў, дзякуючы якім «ок» і стала такім папулярным.

Дарэчы, у Чувашыі дзьве дзяржаўныя мовы: расейская і чуваская. Сярод жыхароў рэспублікі 67,8% чувашоў і 26,7% расейцаў.

Чысьціня чуваскай мовы ў сьпіс добрых спраў на 2008 год не патрапіла. А варта было б: хаця чуваская мова вывучаецца ў школах, палітыка ўраду накіраваная на абрусеньне насельніцтва. Амаль няма тэле- і радыёпраграм на чуваскай мове, дзяржаўная дакумэнтацыя і прамовы ўраднікаў і прэзыдэнта робяцца на расейкай мове. Няма ніводнага ўрадавага ці нават якога школьнага сайту на чуваскай мове.

SlaDa 03:52, 03/03/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0751 seconds.