Тацяна Беланогая і першы студыйны альбом «Двукроп’е»

Тацяна Беланогая запісала першы ў жыцьці студыйны альбом — «Двукроп’е». А прэзэнтацыю зладзіць увесну. Кружэлка — шчасьлівыя наступствы перамогі на польскім бардаўскім фэстывалі OPPA 2006. Альбом чацьвёрты па ліку. Назіраем, як рок-дзяўчынка з гітарай эвалюцыянуе ў нешта іншае, яшчэ больш выразнае і масавае.

­

Віялянчэль, флейта і Беланогая

У запісе прымалі ўдзел: віялянчэль Юліі ГлушыцкайНародны альбом»), скрыпка Карэна Карапецяна (ВІА «Харлі», дуэт «A&K »), флейта гукарэжысэра Алега Чыжыка ды іншыя. Ранейшае бард-рокаўскае гучаньне хавалася сьціплым фонам за Таніным вакалам. У «Двукроп’і» ж музыка падаецца асобным творам, заварожвае.

Таня, распавядзі, як адбылася прэзэнтацыя ў Варшаве.

«Я была адна, бязь іншых музыкаў. Прыйшло шмат беларусаў, і зьявілася адчуваньне, што я сьпяваю для сваіх. Таму я адкрылася і нават палякам спадабалася! Але калі запытаўся карэспандэнт, як я сябе адчуваю, мне чамусь захацелася адказаць: «Як на вайне». Альбом пра каханьне. А закахацца можа і польская дзяўчына, і беларуская. Было прыемна, што Пётар Бакаль, старшыня літаратурна-музычнага таварыства «Балада», мой альбом пахваліў. Гэта усё ж чалавек з краіны, дзе вышэйшы ўзровень».

А ў Менску ты будзеш прэзэнтаваць кружэлку таксама адна?

«Каб зрабіць праграму, трэба жаданьне. А я такая лайдачка! (сьмяецца — ад аўт.) Адна справа альбом з музыкамі запісаць, а іншая — адыграць канцэрт. Каб з гуртом сыграць, трэба, па-першае, жаданьне, а па-другое, час. Так што я адна буду».

Ну, а як наконт гурта з заўсёдным складам?

«Я думала пра гэта, але б вось калі прыйшлі людзі і сказалі: «У нас ёсьць гурт, пайшлі!»,  — я б пайшла. Увогуле, я актыўны чалавек па жыцьці, але зьбіраць гурт неяк баюся. Можа, баюся сваёй мары ці адказнасьці. Зрэшты, у мяне рок-н-рольныя сьпевы, яны патрабуюць пэўнай цяжкасьці. Так што, думаю, будзе гурт для наступнага альбома».

Пісаць альбом на кухні і не чакаць перамогі

Сталееш — і усё болей гнуткасьці. І меней — максымалізму, дзёрзкасьці. Вось і гітара, блізкі сябар Тані, была ў папярэдніх дысках «Система координат» і «Пабачыць сьвет» цяжкаю, з маладым пратэстам, дзягілеўскаю. Цяпер — куды больш мяккая, празрыстая, ашчадна прамаляваная.

«Там такія сьпевы пра каханьне, што я і хацела іх зрабіць мяккімі. Але справа ў тым, што кожны чалавек па-свойму грае. У «Системе координат» грала я, а ў гэтым альбоме — Зьміцер Крамушчанка. Атрымалася зусім па-іншаму! Хаця і гітара засталася адной і той жа».

А ці былі якія-небудзь складанасьці, калі музыкаў падбірала?

«Не, не было. З гітарыстам Зьмітром Крамушчанкам мы ужо паўгады рэпэтавалі. Музыкі без праблем сышліся. Скрыпач Карэн Карапецян неяк падсьвядома прачытаў усе мае жаданьні. Я сядзела ў трансе!»

Пры запісе якія складанасьці ўзьніклі?

«Праца над альбомам расьцягнулася. Першыя запісы рабілі ў лютым, а потым ужо ўлетку. Усё лягло на мае плечы: я і сьпяваю, і пра дызайн клапачуся!»

Чужыя творы Таню натхняюць. Музычнае жыцьцё яна ўжо ўдыхала ў вершы Янішчыц, Цьвятаевай, Бродзскага, сястры Марыі Беланогай. Цяпер загучала Натальля КучмельКаханы мой»).

Таня, а якіх паэтаў яшчэ ад цябе чакаць?

«Мяне зараз каўбасіць ад сапраўднага амэрыканскага кантры. І англамоўнага паэта Робэрта Фроста люблю. То бок, нешта такое англамоўнае, пад гітарку — мне зараз гэта вельмі падабаецца! На Янішчыц нешта хачу запісаць, яна мяне ўжо гадоў пяць разьдзірае! Я ўжо гатова пайсьці на кухню і проста там запісаць. Не чакаць жа мне зноўку перамогі!»

Палюбі бліжняга

У лірыцы Тані часьцяком зьяўляюцца хрысьціянскія матывы. Каханьне пераплятаецца зь любоўю да бліжняга:

Пакахай мяне той, з кім я — рака.
На беразе тваім вырасьце высокая трава.
Пакахай мяне той, хто адчувае больш
Любоў да людзей і любоў да самога сябе
Пакахай мяне»)

Таня — хрысьціянка.

«Хрысьціянства — адна з рэлігій, дзе любоў — прынцып жыцьця. Ты ідзеш з гэтай любоўю ў сьвет, і яна да цябе вяртаецца. Табе зрабілі нешта дрэннае, але ты ўспрымаеш гэта як памылку і няведаньне. Усёдараваньне — гэта такая моц! Вось мы жывем, гонім на нашую краіну, але галоўнае, насамрэч, каб у сэрцы была любоў! Галоўнае — людзі. І якая розьніца, што ў нас гэтыя шэрыя сталінскія будынкі! Вось нашыя суседзі ў вёсцы маёй бабулі зрабілі плот і зямлю неяк ня так адмерылі, а мая бабуля і кажа: «Каб ім добра было!». Усе сьцьвярджаюць, што беларусы — добрая нацыя, а насамрэч, у нас шмат злосьці».

Такое адбылося інтэрвію — эмацыйнае, што графічна вылілася ў шматлікія клічнікі, ды, як заўжды, упрыгожанае сьмехам. І з радаснай лёгкасьцю, што застаецца апасьля журналісцкіх гутарак з Таняй Беланогай.

Фота з сайту Тацяны Беланогай

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0723 seconds.