Баісься дэпрэсьняка? — Затэсьціся ў нэце!

Пляны продажу генэтычных тэстаў праз Сеціва, якія дапамогуць юзэрам высьветліць, ці могуць яны захварэць на розныя псыхічныя хваробы, непакояць брытанскіх псыхіятраў.

­

 

Шызафрэнію замаўлялі?

Ці пакінулі нам нашыя дарагія продкі гадкія генныя камбінацыі, якія павялічваюць верагоднасьць такіх непрыемных захворваньняў, як біпалярныя дэпрэсія ці шызафрэнія? Гэта можна будзе высьветліць з дапамогаю адмысловых тэстаў. Біятэхналягічныя кампаніі пачнуць прадаваць іх праз некалькі месяцаў.

Але ж пэрспэктывы продажу праз Сеціва моцна непакояць вядучых псыхіятраў. На іх думку, тэхналёгіі яшчэ занадта слабыя, і таму яны ня могуць дапамагчы ў пастаноўцы дакладнага дыягназу, адзначае аглядальнік «The guardian».

«Гэтыя тэсты толькі засмуцяць, увядуць у зман і прымусяць нэрвавацца грамадзтва ды пацыентаў», — кажа прафэсар псыхалёгіі Кардыфскага унівэрсытэта Нік Крэдак (Nick Craddock). «Нас яшчэ чакае доўгі шлях перад тым, як такія аналізы змогуць дапамагчы пацыентам. Выкарыстаньне тэстаў зараз можа прынесьці толькі шкоду».

Іншае меркаваньне мае другі круты прафэсар з Інстытуту псыхіятрыі, што ў туманным Лёндане, спадар Дэвід Колер (David Collier):

«Гэтыя тэсты запатрабаваныя ў клінічных умовах, а ў горшым выпадку пацыент можа моцна расхвалявацца, калі даведаецца вынікі аналізаў».

Яшчэ б не хвалявацца: уяві, што дзядзька ў кампе раптам кажа, што ты будучы шызык!

Вінаватыя, як заўсёды, гены

Хаця, можа таму хвалююцца і прафэсійныя псыхіятры, што нехта адбірае іх патэнцыйны заробак за лячэньне яшчэ ня хворых, але папярэджаных пацыентаў?

Тэсты базуюцца на апошніх дасьледаваньняў камбінацый генаў, якія могуць павялічваць верагоднасьць узьнікненьня дэпрэсіі ці шызафрэніі. Кожны варыянт вызначае зусім невялікую рызыку захворваньня, але пры разглядзе спалучэньняў камбінацый узьнікае магчымасьць прадказаньня агульных рызык для чалавека, кажуць у кампаніях, што распрацоўваюць тэсты.

Як вынік, некаторыя кампаніі, у тым ліку NeuroMark у Каларада, Psynomics у Каліфорніі і SureGene у Кентукі, распрацавалі тэсты, якія базуюцца на гэтых спалучэньнях камбінацый і рыхтуюць некаторыя зь іх да продажу праз Інтэрнэт за некалькі сотняў баксаў. Згадзіцеся, нядрэнна за пэрспэктывы прадказаньня трапіць у дурку!

Але ж прыдатнасьць некаторых тэстаў ставіцца пад сумнеў доктарам Кацярынай Лэвіс (Cathryn Lewis), што таксама працуе ў Інстытуце псыхіятрыі:

«Рызыка разьвіцьця біпалярнай дэпрэсіі складае каля аднаго адсотка. Калі вы маеце нават неістотнае спалучэньне генаў, то рызыка ўзрастае да трох працэнтаў. Гэта можа вас засмуціць, але тое ўсё роўна такая маленькая рызыка… 97% верагоднасьці таго, што дэпрэсьняка ў вас ня будзе. Аднак гэтага людзі чамусьці разумець ня хочуць…»

І цябе вылечаць!

Возьмем тэст ад кампаніі NeuroMark, які правярае, ці няма ў чалавека занадта адмоўнай рэакцыі на стрэс. Калі пацыент атрымаў у спадчыну ген, які выклікае падобную рэакцыю, ад двух бацькоў адразу, то ён ці яна маюць узмоцненыя шанцы на пакуты ад глыбокіх дэпрэсій пасьля стрэсавых сытуацый.

Але ня думайце, што гэта інфа не пра вас: «Каля 20% людзей маюць такую камбінацыю», — кажуць прадстаўнікі кампаніі.

А што рабіць, спытаеце вы, калі чалавек атрымаў інфармацыяю аб падвышанай верагоднасьці захварэць?

«Трэба адразу бегчы запісвацца ў хор, жэрці чакаляд ды набываць сабе шчанюка», — рэкамэндуюць у NeuroMark.

Такія ідэі моцна не падабаюцца вышэй узгаданаму спадару Крэдаку, які пэсымістычна упэўнівае ў тым, што «жыцьцё і так адзін вялікі стрэс, і хто яго ведае, што будзе з вамі далей. Было б зусім няўдалай ідэяй распавядаць людзям, што над імі вісяць такія магчымыя праблемы».

Тым больш навукоўцы знайшлі толькі невялікую колькасьць генных камбінацый, якія могуць выклікаць псыхічныя захворваньні. Нашмат больш яшчэ чакаюць сваіх дасьледвальнікаў, мяркуе спадара Крэдак:

«Праблема яшчэ і ў тым, што нехта возьме, ды пройдзе аналіз, пасьля чаго гэты нехта вырашыць, што ўсё добра і праблем няма, значыць ён можа спакойна жыць у сваё задавальненьне: ужываць лёгкія наркотыкі, ня думаць аб наступствах стрэсаў».

Але хвароба ня сьпіць! Такія гадасьці могуць прывесьці (памятаеце, што маці казала?) «да сапраўднай, а не абяцанай дэпрэсіі і іншых псыхічных хваробаў. А новыя генныя камбінацыю могуць быць адкрытыя пазьней, і тады зьявяцца новыя тэсты. Мы знойдзем у людзей усе спадчынныя гены, якія робяць чалавека схільным да дэпрэсіі. Але будзе ўжо надта позна…»

Ці вымрэ чалавецтва ад зацяжной дэпрэсіі, альбо адбудзецца нейкі іншы жудасны катаклізм, доктар палічыў вартым не ўдакладняць…

­Малюнак з ­ScienceRoll

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0691 seconds.