Дэпрэсія ці кепскі настрой? Разьбіраемся і змагаемся

Хаця вясна ўжо хутка, сонейка сьвеціць, але на пытаньне «як справы?» усё часьцей можна пачуць: «дэпрэсія». Такі стан ахапіў нават Сеціва: колькасьць дэпрэсіўных і сумных допісаў расьце, а зь ёй — неўміручая млявасьць і абыякавасьць да жыцьця. Каб не было падмены паняткаў, варта ўсё ж разабрацца, што такое дэпрэсія і як зь ёй змагацца.

Ня з той нагі падняўся

Часта з дэпрэсіяй блытаюць агульную стомленасьць, раздражнёнасьць, авітаміноз, розныя сэзонныя разладжаньні.

Падняўся ня з той нагі, паглядзеў сумны фільм, пасварыўся з дарагім чалавекам — адчуваеш сябе разгубленым, непатрэбным, стомленым… І адразу ўзьнікае думка: «у мяне дэпрэсія».

Бывае, што дэпрэсіўны сындром суправаджае іншыя хваробы. Але гэта ня ёсьць клінічнай дэпрэсіяй. Калі дэпрэсіўны стан зьяўляецца другасным адносна асноўнага іншага захворваньня, то яго называюць дэпрэсіўным сымптомакомплексам

З клінічнай (вялікай) дэпрэсіяй часта блытаюць:

  • арганічную дэпрэсію: ўзьнікае пры арганічных паражэньнях цэнтральнай нэрвовай сыстэмы (пухліны, траўмы, нэйраінфэкцыі);
  • псыхічную дэпрэсію: калі дэпрэсіўны сымптомакомлекс праяўляецца некалькі раз на тыдзень цягам як мінімум двух год, але ня так інтэнсіўна, як пры сапраўднай дэпрэсіі;
  • пасьляродавую дэпрэсію: акрамя дэпрэсіўнага сымптомакомлексу першыя месяцы пасьля нараджэньня дзіцяці маці не адчувае зь ім сувязі, больш таго, не прымае яго;
  • сэзонныя разладжваньні: ну тут зразумела, не дарма пра люты напачатку ўзгадавалася;
  • біяпалярнае афэктнае разладжваньне: падобнае на дэпрэсію, але патрабуе адрознага лячэньня.

Існуе яшчэ цэлы шэраг захворваньняў, станаў і разладжваньняў, для якіх характэрны дэпрэсіўны сымтомакомплекс. 

Ну, а калі ўсё ж дэпрэсія?

Перш за ўсё, трэба зразумець, што дэпрэсія ўплывае ня толькі на самога чалавека, але і на ягоную сям’ю, працу. Таму важна зразумець, ці сапраўды пакутуеш ад дэпрэсіі, ці тое проста дрэнны настрой або авітаміноз. Калі ўсё ж першае — варта зьвярнуцца па дапамогу. Бо сама па сабе гэтая хвароба — а тое ёсьць сапраўднаю хваробаю — ня зьнікне. Але лячыць яе можна.

Выдзяляюць некалькі відаў дэпрэсіі:

  • функцыянальная: уласьцівая псыхічна здаровым людзям. Узьнікае рэдка або пэрыядычна;
  • паталягічная: сустракаецца ў людзей з сур’ёзнымі псыхічнымі парушэньнямі;
  • уяўная: калі чалавеку падаецца (або ён жадае пераканаць сябе і іншых), што ў яго дэпрэсія. Каля паловы ўсіх выпадкаў функцыянальнай дэпрэсіі — гэта ўяўная дэпрэсія.

Унутраныя і вонкавыя прычыны могуць выклікаць адразу некалькі з наступных сымптомаў:

  • Сталы сум, раздражненьне, прыгнечанасьць;
  • Зьніжэньні цікавасьці альбо задавальненьня ад звычайных справаў ці хобі;
  • Пасіўнасьць, стомленасьць нават пры адсутнасьці актыўнасьці;
  • Зьмена ў апэтыце, істотныя хістаньні вагі;
  • Парушэньне сну;
  • Немагчымасьць сканцэнтравацца;
  • Няздольнасьць прымаць рашэньні;
  • Пачуцьцё безнадзейнасьці, віны, нізкая самаадзнака;
  • Думкі пра самазабойства або сьмерць.

Дэпрэсія — хвароба ХХІ стагодзьдзя?

Згодна самаму маштабнаму за ўсю гісторыю дасьледваньню, усе людзі рана ці позна ўпадаюць у дэпрэсію. У сярэднім узросьце яе дакладна не пазьбегнуць — такія дадзеныя былі атрыманыя пры дапамозе 2 мільёнаў апытаных.

Прычын таму некалькі. Па першай вэрсіі, у маладосьці людзі аддаюць усю энэргію, каб чагосьці дасягнуць. У сярэднім узросьце яны разумець, чаго яны так і не дамагліся. Тут і і пачынаецца дэпрэсія. Калі атрымоўваецца зь ёй справіцца, то ў сталым узросьце людзі пачынаюць філязофскі да ўсяго ставіцца, прымаць сябе такімі, якія ёсьць.

Па іншым меркаваньні, каля сарака год чалавек пачынае заўважаць, як паміраюць ягоныя родныя, сябры, і яму патрэбны час каб прыняць сьмерць як частку свайго жыцьця.

Нягледзячы на тое, што дэпрэсіі надаецца ўсё большая ўвага, маштабы яе разрастаюцца. Па дадзеных сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, асноўная прычына часовай непрацаздольнасьці ў ЗША — дэпрэсія. Верагодна, да 2020 году яна апынецца на другім
месцы ў сьвеце.

Але гэта ня значыць, што дэпрэсію парадзіў наш час. Гэтая захворваньне, якое называлі «мэлянхоліяй», было вядома яшчэ ў часы старажытнагрэцкага лекара Гіпакрата. Ён ня толькі апісаў гэты стан, але і даў парады па лячэньні (настоі опію, клізмы, ванны, псыхалягічная падтрымка). Ё быў блізкі да адкрыцьця гаючага эфэкту сну і сонечнага сьвятла.

У сярэднявечча, аднак, многія напрацоўкі навукоўцаў антычнасьці згубіліся, і вялікая дэпрэсія доўгі час разглядалася як «апантанасьць д’яблам». Лячэньне было адпаведным: абрады выгнаньня д’ябла, галаданьне, пост, малітвы. Асабліва агрэсіўных зьвязвалі і білі.

З эпохаю Адраджэньня адрадзіўся і падыход да дэпрэсіі як да хваробы.

У мінулым стагодзьдзі адбылася рэвалюцыя ў сродках лячэньня — панацэяй сталі антыдэпрысанты. Аднак сёньня рэкамэндуецца выкарыстоўваць іх па мінімуму. Напрыклад, па адной з вэрсіяў, менавіта яны лічацца прычынай сьмерці Мэрлін Манро. Увогуле, шмат зорак стала ахвярамі таблетак. Іх жыцьцё, у тым ліку і здароўе, заўсёды на віду. Але толькі нядаўна пачалі казаць і пра тое, што пераважная частка насельніцтва ЗША «падсела» на антыдэпрысанты. Асабліва хвалюе, што і падлеткі ўжо ня могуць бязь іх абысьціся. Пра гэта нават была адмысловая сэрыя вядомага мультсэрыялу «South park». 

Ну і як змагацца?

У сур'ёзных выпадках — лепей адразу да доктара. Але існуе шэраг вельмі простых правілаў змаганьня з дэпрэсіяй, карысны таксама і для прадухіленьня гэтага стану.

  • Па-першае, трэба памятаць, што шчасьлівыя людзі жывуць даўжэй. Таму здольнасьць знаходзіць шчасьце нават у дробязях — проста жыцьцязначныя. Паглядзіце добры фільм, патэлефануйце старому сябру, праглядзіце дзіцячыя фотаздымкі. Карацей, прымусьце фантазію працаваць на вашую карысьць, а не на пошук праблемаў і незадаволенасьцяў.
  • Пераначуем — лепей пачуем. Сон — гэта лепшыя лекі. Варта пакідаць фортку адчыненай і ня спаць на высокіх падушках. Можна параіцца са спэцыялістам і падабраць для сябе адмысловыя травы — пакласьці іх у навалачку, або карыстацца аромалямпай перад сном.
  • Don’t be alone. Будзьце разам зь людзьмі. Лічыцца, што калі падзелісься сваімі праблемамі зь іншымі, стане лягчэй. Чаму? Таму, што перанясеш цяжар на чужыя плечы. Больш таго, скаргі могуць выклікаць тое ж самае ў адказ. Таму лепей сапраўды шчыра парадавацца посьпехам іншых. Знайсьці агульныя, але прыемныя тэмы.
  • Адпачывайце. Ня важна як. У кожнага свой рытм — камусьці варта схадзіць у клюб, а камусьці — пакатацца на ровары. Але добра зрабіць штосьці самаму сабе не ўласьцівае.
  • Не прымайце сур’ёзных рашэньняў.
  • Займіцеся спортам. Асабліва карыснае плаваньне.
  • Зьмяніце інтэр’ер.
  • Жывіце сёньняшнім днём. Часта менавіта непрадбачанасьць будучыні, няўпэўненасьць у заўтрашнім дні, клопат пра яго і становяцца прычыню дэпрэсіі. Чалавек так баіцца згубіцца ў дні наступным, што губляе дзень сёньняшні. Таму стабільнасьць так часта і выступае лейтматывам прапаганды. Ня трэба шкадаваць і мінулае. Што было, тое было.
  • Харчуйцеся правільна. Пазьбягайце кавы, цукру і салодкага, а таксама не ўжывайце шмат мяса.

Так што, калі вам сумна і жыць ня хочацца, замест трагічных допісаў у жж і тоннаў шакаляду, проста пагуляйце ў парку, патэлефануйце сябрам. І памятайце, што вясна ўжо хутка:)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.