Стася з гурта «По глазам» пра кар’еру ў Маскве, беларускі шоўбіз і Эўрабачаньне

У яе своеасаблівая манера размаўляць і добрае пачуцьцё гумару, а яе стыль вопраткі падзяляе людзей на тых, хто ўспрымае экспэрымэнты і тых, хто лічыць дзяўчыну безгустоўнай і нясьціплай. Увага да Стасі Зылікавай і гурта «По глазам» найперш зьвязана з удзелам праекта ў фінале адборачнага туру да Эўрабачаньня. Але яшчэ некалькі год таму гурт з пасьпяховай кар’ерай у Маскве гучаў на радыёстанцыях з песьняй «Принцесса на горошине» і ўдзельнічаў у буйных расейскіх фэстах. Што за праект, чаму вярнуліся ў Менск і якое стаўленьне да жыцьця?

Стася Зылікава­­­­

«Я ня бачыла далейшага разьвіцьця маёй асобы менавіта там, у Маскве»

Чаму пасьля ўдалаг­а старту творчай кар’еры ў Маскве ты нечакана вырашыла вярнуцца ў Менск?

Пасьля выхаду першага альбому я сутыкнула­ся з тым, што проста ня ведала, што рабіць далей. ­Маё натхненьне было цалкам вычарпанае ў Маскве. У нашым жыцьці часам прыходзіцца адыходзіць у бок, займацца самаадукацыяй, пошукам адказаў на надзённыя пытаньні — і гэта абсалютна нармалёва. У нестандартнай сыт­уацыі можна працягваць драць на сабе валасы, у маім жа выпадку неабходна было проста сысьці ў сябе, супакоіцца, цалкам адысьці ад шоў-бізнэсу. Бо я ня бачыла далейшага разьвіцьця маёй асобы менавіта там, у Маскве.

­­­­ ­­Створаны ­Стасяй Зылікавай­ у 2000-м гурт «По Глазам» ужо праз два гад­ы пераяжджае зь Менску ў Маскву. ­Супраца з адным з буйнейшых расейскіх лэйблаў Real Records, выступ на фэстывалях «Нашествие» (2002), Рок-Юрмала, запіс першага альбому «Солнце разливается» зь вядомымі прадусарамі Максам Фадзеевым (у Празе) і Яўгенам Ступкам (у ­Кіеве)­, а песьня з альбому трапіла на саўнд-трэк да фільма «Займемся любовью» — усё гэта ў маскоўскім этапе разьвіцьця гурта. Але гурт, ­нязьменным аўтарам песень і лідэрам якога зьяўляецца вакалістка Стася Зылікава, вяртаецца ў Беларусь. Выхад у фінал беларускага адборачнага тура да Эўрабачаньня для «По глазам» — пачатак новага этапу ў разьвіцьці гурта і магчымасьць перадаць вітанкі сваім старым сябрам і прыхільнікам. ­

­­

Як атрымалася прыцягнуць увагу такіх вядомых музычных прадусараў?

Масква — гэта горад, якому патрэбныя таленавітыя людзі, бо там ужо ўсё пастаўлена на камэрцыйную аснову і ўсе ператварыліся ў машын, з дапамогай якіх зарабляюць грошы. «По Глазам» — той гурт, які яшчэ не трапіў ў сілкі мэханізму, што паглынае усё чалавечае. Дзякуй Real Records — яны зрабілі для нас усё, што маглі зрабіць для каманды, зь якой падпісалі кантракт.

­

А потым заварылася ўся гэтая каша з «Фабрикой звёзд», і калі яна ўвайшла ў сваю сілу, рок-музыкі сталі губляць свае пазыцыі. Бо прадусары і бізнэсмэны сталі рабіць грошы на артыстах-машынах. Стала цяжка ў чалавечым пляне на фоне ўсяго гэтага бізнэсу. Таму прыйшлося «смотать удочки» і вучыцца захоўваць свой творчы сьвет у іншых месцах.

«Праблема пачынаецца з таго, што ў нас няма нават дастатковай колькасьці клюбаў для разьвіцьця моладзі»

­ ­

Ста­ся вярнулася ў Менск. Не спыняла займацца музыкай, пісаць новыя песьні. Гурт зьмяніў склад. Кар’ера ў Беларусі распачалася ня так імкліва, як у Маскве. Свае правілы шоў-бізнэсу, 75%, іншы лад жыцьця.

Якія ўражаньні ад дзяржаўнай палітыкі ў музычнай сфэры: 75% і новыя тэ­лефэстывалі?

Любы рух у бок падтрымкі музыкі і бізнэсу, разьвіцьця культуры дае свой плён. 75% беларускай музыкі на радыё — гэта выдатна, але ўсплыла іншая праблема — яе якасьць. Плыні самадзейнай музыкі ўліліся ў вушы нічога не падазраючых радыёслухачоў. Добра яшчэ, што ў нас ёсьць інтэрнэт, тэлевізар — можна назіраць за тым, што адбываецца ў сусьветным шоў-бізнэсе. Я лічу, што толькі 75 адсоткамі ўсё не павінна абмяжоўвацца. Праблема пачынаецца з таго, што ў нас няма нават дастатковай колькасьці клюбаў для разьвіцьця моладзі. На дзяржаўным узроўні падтрымліваецца эстрада, але чаму дзяржава не надае ўвагі і альтэрнатыўнай музыцы? Безь яе ў нас будзе толькі аднабокая эстрада, і краіна будзе выглядаць на сусьветнай сцэне недарэчна.

 

Ня было жаданьня кінуць усё і рвануць за мяжу, у краіну, дзе грамадзтва з большым імпэтам успрыняло б творчасьць «По Глазам»?

Я вырасла за горадам, мне вельмі падабаецца мясцовая прырода, яна мяне натхняе. Родныя мясьціны зрабілі мяне такой, якой я ёсьць зараз. Я вельмі цёпла стаўлюся да свайго дому, месца, дзе я нарадзілася. Таму і хачу заставацца тут.

Што тычыцца нашага грамадзтва — у ім згашаная ­індывідуальнасьць, дамінуе інстынкт натоўпу. Людзі думаюць, што калі яны ня будуць прыціскацца адзін да аднаго чыста псыхалягічна — будзе нешта нядобрае і няскладнае. Гэта міт, які я б хацела разьвеяць, бо чалавек — індывідуальны, ён павінен разьвівацца па сваім сцэнары і не баяцца гэтага. Любіць сябе і шанаваць, рызыкаваць і не баяцца зьменаў — гэта вельмі важна.

­Ці бываеш на клюбных тусоўках мясцовага шоўбізу. Цікавая кампанія Люсі Лушчык і Паліны Смолавай? ­

Зараз усе вельмі заклапочаныя тым, як яны выглядаюць. Я б параіла лепш аб сваёй душы паклапаціцца. Я не хажу на такія мерапрыемствы, яны досыць павярхоўныя. Мне не цікавыя бранзалеткі, якія ўчора былі на Люсі Лушчык. Калі будзе нешта істотнае, напрыклад, неабходнасьць cабраць сродкі для людзей, якім няма чаго паесьці, — гэта іншая справа. Мяне цікавяць канкрэтныя справы, а часу на такія тосоўкі няма.

А калі б была магчымасьць зрабіць вялікі тур па гарадах і мястэчках Беларусі, не пабаялася б паўтарыць подзьвігі Дарафеевай ці Саладухі?

Змагла б, не пабаялася. Мне б гэта нават было цікава. Людзі ў вёсцы вельмі прыемныя і добрыя, не заклапочаныя шопінгам і ўмеюць карову даіць!

«По Глазам — рок-гурт, бо ён нясе ў сабе атмасфэру свабоды і дэмакратыі»

Што зьнешне, што па паводзінах, бачна — ты даволі экстравагантная дзяўчына. Цябе не хвалюе, што далёка ня ўсе ў нашым грамадзтве могуць успрымаць такі вобраз адэкватна?

Я не баюся непаразуменьняў. Але я вельмі шчыра радуюся тым людзям, якія могуць мяне зразумець. Я сама магу зразумець усё і з задавальненьнем адкрытая для разуменьня ўсіх дзівацтваў жыцьця, што робіць мяне яшчэ больш жывою. Я за тое, каб мы ўсе разьвіваліся, успрымалі ўсё новае, удзельнічалі ў жыцьці. Тады можна сапраўды сказаць, што мы жывем.


Многія маладыя выканаўцы камплексуюць на сцэне ці проста трымаюццца скавана. Адкуль у цябе такая разьняволенасьць?

Я не стаўлю сабе ніякіх адмысловых танцаў, не трымаюся ў рамках. Мы рок-выканаўцы, мы нясем у сабе жывую энэргію і паводзім сябе натуральна. Я ўсяго толькі адлюстроўваю на сцэне нас саміх, людзей, і тое, чым мы зьяўляемся ўнутры, ня больш за тое. Я такі ж чалавек, як і мы ўсе. А сцэна — гэта люстэрка, вельмі старажытнае і містычнае месца. Я сама часам ня ведаю, чаго ад сябе можна чакаць на сцэне.

Што дае падставу «По Глазам» адносіць сябе менавіта да рок-музыкі?

Рок-музыка — гэта ня толькі шалёны роў гітар, — гэта атмасфэра, стыль жыцьця. «По Глазам» — рок-гурт, бо ён нясе ў сабе атмасфэру свабоды і дэмакратыі, законаў, якія можна прачуць ва ўсіх рок-музыкаў: прыгажосьці, дабрыні, любові да ўсяго, адыходу ад прынятых нормаў. Усё новае павінна зьнішчыць у сабе старое, застаялае. Гурт «По Глазам» у гэтым сэнсе зьбівае слупы, наносіць новыя меткі. І ў гэтым яго рокерскае прызначэньне. Тое, што мы зараз кінуліся ў электронную музыку — гэта, пэўна, даніна сёньняшняму дню, бо электронная музыка дае зараз вельмі шмат цікавага матэрыялу. Мы працуем зь ёй, каб зрабіць нашы песьні сучаснымі, каб яны гучалі па-новаму.

Пра журы адборачнага тура Эўрабачаньня: «У нашым моладзевым сьвеце Вы, на жаль, нефармат!»

Чаму гурт вырашыў ўдзельнічаць у адборачным туры Эўрабачаньня?

Эўрабачаньне — гэта магчымасьць даць нашым старым прыхільнікам і сябрам зразумець, што мы па-ранейшаму зь імі. Не з ўсімі сябрамі і прыхільнікамі мы трымаем кантакт, а зараз зьявілася магчымасьць сказаць ім «прывет!» :). Я спадзяюся, што яны нас убачаць і ўзгадаюць.

 

А як ацэньваеце вынікі конкурсу?

Аляхно — хлопец харошы, мы жадаем яму шчасьця, падтрымліваем яго, разумеем, пад якім ціскам ён зараз знаходзіцца. Журы ня ўмее рызыкаваць, увесь час спадзяецца на чыёсьці меркаваньне і рэсурсы ў Маскве. Тым самым яно выказвае непавагу да нашых мясцовых талентаў, не дае ім ні шанцу, ні падтрымкі. Сумна гэта канстатаваць, але за букецік і дыплём дзякую!

Прачытала зараз у прэсе, што журы выбірала толькі паміж Аляхно і Гюнэш, а гурты Litesound і «По Глазам» абазвала цікавым словам нефармат. Адгаворка ў стылі «не маё» ня пройдзе! На сцэне пакаленьне next — гэта неабходна ўлічваць! Зьвяртаюся да паважанага журы: Вы ўсё зрабілі правільна, але ў нашым моладзевым сьвеце Вы, на жаль, нефармат!

«Апранайце каляровую вопратку — псыхолягі кажуць, што гэта выдатна ­адбіваецца ­на настроі!»

Эўрафэст за плячыма. Што будзе рабіць гурт далей? Якія пляны на новы альбом?

Зараз маё правая рука ў творчасьці — малады музыка Валера Кутасевіч, талент ад прыроды. Мы зь ім будзем працаваць над новым альбомам, які, спадзяюся, выйдзе ўвосень. А да гэтага часу будзем імкнуцца аддаваць асобныя песьні на радыё. Як будзем будаваць сваю працу — для мяне самой гэта пакуль яшчэ сюрпрыз. Але што будзем запісваць новыя песьні — абсалютна дакладна.



Альбом будзе вельмі сучасны, моладзевы. Хоць мы і не арыентуемся на нейкі канкрэтны ўзрост — мы пішам для людзей, якія ўжо знаходзяцца на пэўным сучасным узроўні разьвіцьця, якія маглі б усё гэта ацаніць і пры гэтым не адносіць нас да поп- ці рок-музыкі, — якія ставіліся бы да нас проста як да гурта, якая жадае ўсяго самога добрага людзям.

Першы альбом быў сонечным і пазытыўным, а які мэсыдж будзе несьці наступны?

Пазытыву — вось чаго не хапае зараз у нашым жыцьці. І я імкнуся ўнесьці свой музычны ўнёсак у гэтым кірунку. У нас захаваецца такая тэндэнцыя, але будуць і сумныя песьні. Але ў цэлым я пазытыўны чалавек, мая місія — аднаўляць згубленую жыцьцёвую гармонію.

Я б хацела пажадаць усім аматарам беларускай музыкі ўнутранага агеньчыка, драйву, дзіцячай цікавасьці да жыцьця. Апранайце каляровую вопратку — псыхолягі кажуць, што гэта выдатна адбіваецца на настроі!

­­­­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0909 seconds.