Заўтра музыкі правядуць адмысловую прэс-канфэрэнцыю пра сустрэчу з Праляскоўскім

­Пасьля сустрэчы беларускіх музыкаў зь ідэолягам адміністрацыі прэзыдэнта Праляскоўскім у Сеціве распачалося ня проста бурленьне, адбыўся сапраўдны выбух эмоцыяў. Хтосьці дагэ­туль наагул ня верыць, што такая сустрэча мела месца, бо інфармацыя пра яе трапляе ў СМІ кавалкамі і асобнымі камэнтарамі ад некаторых яе ўдзельнікаў. Заўтра Лявон Вольскі, Піт ПаўлаўІгар Варашкевіч і Алег Хаменка выкажуць сваю пазыцыю на адмысловай прэс-канфэрэнцыі.

Хтосьці сьпяшаецца хлопаць дзьвярыма, а нехта пляскае ў далоні. Але агульная карціна падзеі не зусім зразумелая на да­дзены момант.

Сустрэча была зачыненаю і на ёй прысутнічалі Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч і Алякс­андр Кульлінковіч.

Самі музыкі непрыемна ўражаныя ад усяго, што адбываецца зараз у Сеціве. Яны не чакалі такога рэзанансу. Але насуперак усім публікацыям, Піт Паўлаў запэўніў ­Generation.by, ­што:

«Мы не саступілі ані на мілімэтар ад сваёй пазыцыі. Выслухалі ўсё і сышлі з годнасьцю.»

Стаўленьне ж прыхільнікаў гуртоў і журналістаў да гэтай сустрэчы неадназначнае: ад здрады да подзьвігу.  

Для таго каб патлумачыць сваю пазыцыю і адказаць на пытаньні журналістаў, якія зараз штурмуюць усе магчымыя кантакты ўдзельнікаў сустрэчы, музыкі заўтра правядуць адмысловую канфэрэнцыю.

У дадатак да ўсяго, што ўжо было сказана ў Сеціве Лявон Вольскі праз Skype пракамэнтаваў ­Generation.by гэту сытуацыю:

­­«Для мяне дык нічога звышардынарнага не адбылося. Мяне мала цікавіць удзел у ток-шоў на ОНТ і БТ.­ Але мажлівасьць канцэртаваць па Беларусі — вельмі цікавіць. Таму варта было атрымаць адказы на некаторыя пытаньні. Заўважу, што не было ніякага «гандлю радзімай» і ўсяго таго, у чым нас зараз абвінавачваюць у нэце. Цікава, што зараз у сеціве ўсе гэткія актыўныя, абураныя і раззлаваныя, але за тры гады ніхто (!) ня зладзіў пікет ля выканкаму з патрабаваньнем даць, напрыклад, «Краме» гастрольнае пасьведчаньне. Ніхто ня зладзіў мітынг за забароненыя гурты. Не вяліся журналісцкія расьследаваньні на гэты тэмат… Усе неяк прызвычаіліся да сытуацыі. Вось нашыя забароненыя музыкі — нашае сумленьне. А што няма канцэртаў, дык можна й дома песьні паслухаць.

І неяк не абураліся людзі, калі апазыцыя арганізоўвала мітынгі «За Беларусь! За свабоду!», пісала лісты да сп-ні Пяткевіч і анансавала (зрэшты, нерэалізаваную) супрацу з уладай. Пры гэтым, заўважце, ініцыятыва сыходзіла не ад улады, як у нашым выпадку.»­

Прэс-кафэрэнцыя з музыкамі пройдзе 23 лістапада ў 13.00 у офісе Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

За сёньняшні дзень Аляксандар Кулінковіч даў вельмі шмат камэнтароў пра падзею, але зараз ён недаступны па ўсіх кантактах, таму на дадзены момант не вядома, ці атрымаецца ў яго прысутнічаць на прэс-канфэрэнцыі.

­­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0927 seconds.