Нобэлеўскі ляўрэат: «Афрыканцы саступаюць эўрапейцам у інтэлекце»

Такую скандальную заяву зрабіў вядомы генэтык Джэймс Уотсан. Але пасьля абвінавачваньняў у расізьме, схаваным за навуку, Уотсан прынёс выбачэньні. Папярэдні скандал, зьвязаны з Уотсанам, тычыўся гомасэксуалістаў.

­

Ужо адмененая сёньняшняя лекцыя піянэра ў справе ДНК у Лёнданскім музэі навукі. Таксама адмовілі Ўотсану і арганізатары Брыстальскага фэсту ідэяў.

У нядзелю Ўотсан паведаміў выданьню Times­:

«Нашая сацыяльная палітыка базуецца на факце, што ўсе людзі роўныя па інтэлектуальных магчымасьцях. У той час як тэсты паказваюць, што гэта не зусім так… Працадаўцы, якія маюць справу з чарнаскурымі працоўнымі, могуць гэта пацьвердзіць.»

Пасьля, асэнсаваўшы свае словы, навуковец пачаў было ад іх адмаўляцца, але журналісты выданьня ўпэўніваюць у наяўнасьці аўдыёзапісу інтрэвію.

Уотсан прынёс свае выбачэньні ўсім пакрыўджаным ягонымі словамі. Але яго ўжо абвінавацілі ў расізьме.

У 1962 Джэймс Уотсан атрымаў Нобэлеўскую прэмію за крокі да расшыфроўкі ДНК. Сёньня, калі ДНК разгаданае цалкам, навукоўцы запэўніваюць: канцэпцыя расы ня мае падставаў, бо людзі з розных расавых групаў могуць быць больш генэтычна падобнымі, чым людзі з адной групы.

Зразумела, што такога кшталту выказваньні з вуснаў аднаго з самых уплывовых навукоўцаў, ня могуць застацца без увагі. Што чакае Ўотсана? Цяжка сказаць, бо гэта ня першы скандал, зьвязаны зь ягоным імём.

Калісьці ён прапаноўваў даць жанчыне права на аборт у выпадку, калі будучае дзіця будзе гомасэксуальным. Такая думка вынікала зь ідэі існаваньня «гомасэксуальнага гена».

Дасьледваньні гэтай праблемы пачаліся ў 1993. Другі віток прыйшоўся на 1997. Тады было высьветлена, што «гомасэксуальны ген» перадаецца па матчынай лініі. Але большасьць навукоўцаў палічылі такія вынікі беспадстаўнымі.

І вось сёньня падобныя дасьледваньні ўзнаўляюцца. Прынцып іх захаваны – вывучэньне генаў блізьнюкоў-гомасэксуалістаў. Але павялічыўся маштаб – навукоўцы дасьледуюць 1000 пар.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0786 seconds.