Японцы будуюць альтэрнатыву Інтэрнэту

Сучасны Інтэрнэт пабудаваны на пратаколах, многія зь якіх створаныя яшчэ ў 60-70-х гадах XX стагодзьдзя. Тады ніхто ня мог сабе ўявіць, што будуць запатрабаваныя такія хуткасьці і аб’ёмы інфармацыі, зь якімі сёньня працуе, напрыклад толькі адзін Youtube. Структура пабудовы сусьветнага Сеціва ў пэўны момант можа сутыкнуцца з тэхнічнымі праблемамі. І таму ўсё часьцей зьяўляюцца праекты і робяцца спробы пабудаваць Інтэрнэт новага пакаленьня. 

Днямі некалькі вялікіх японскіх кампаніяў абвясьцілі, што маюць намер далучыцца да групы распрацоўнікаў новага пратаколу перадачы дадзеных, які, па меркаваньні экспэртаў, можа з часам скласьці канкурэнцыю пратаколу TCP/IP, на якім будуецца сучасны інтэрнэт.

У аснову новага Сеціва, які праектуецца Нацыянальным інстытутам інфармацыйных тэхналёгій Японіі, павінныя легчы оптавалаконныя каналы з хуткасьцю перадачы дадзеных да 10 гігабіт у сэкунду. Удзел у працы над праектам, кошт якога складае каля 260 мільёнаў даляраў, прымуць Fujitsu, Hitachi, Toshiba, NEC і іншыя вядомыя кампаніі. 

Новае Сеціва плянуецца стварыць да 2015 году, а хуткім часам у Японіі зьявіцца яго прататып — канал з прапускной здольнасьцю да 1 гігабіта ў сэкунду.

Для параўнаньня, увесь зьнешні канал на Інтэрнэт зь Беларусі дасягнуў 1 гігабіта ў сэкунду толькі ў лютым 2006-га.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.