Міжнародны конкурс блогаў стартаваў у чацьверты раз

Днямі кампанія Deutsche Welle абвясьціла конкурс блогаў: The BOBs - Best of the Blogs. Да 30 верасьня любы жадаючы можа вылучыць свой любімы інтэрнэт-дзёньнік на ўдзел у конкурсе па 15 катэгорыях.

Для гэтага трэба наведаць сайт конкурсу www.thebobs.com.

А потым міжнароднае журы – журналісты, іншыя адмыслоўцы ў СМІ, аўтары блогаў -   абярэ з гэтага сьпіса намінантаў конкурсу.

Пераможцаў конкурсу абвесьцяць 15 лістапада 2007 на ўрачыстай вечарыне ў Музэі камунікацыяў у Бэрліне, паведамляе «Нямецкая хваля».

«Наша мэта – ахапіць шырокі спэктар тэмаў і падтрымаць абмен думкамі аб гэтай новай форме камунікацыяў без моўных бар’ераў», - па словах галоўнага рэдактара «Нямецкай хвалі» Уты Тофэрн.

Мовы конкурсу – ангельская, арабская, галяндзкая, гішпанская, кітайская, нямецкая, партугальская, пярсідзкая, расейская, француская.

Кампанія Deutsche Welle таксама мае намер садзейнічаць блогерам з краінаў, у якіх абмяжоўваецца свабода слова.

«Блогі ў такіх краінах – гэта адзін з рэдкіх спосабаў свабоднага выказваньня меркаваньня», - адзначае Тофэрн.

Больш таго, у 2007 Deutsche Welle і міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» зноўку вызначаць пераможцу конкурсу ў адмысловай намінацыі «Рэпартэры бязь межаў».

У мінулым годзе на конкурс было заяўлена звыш 5,5 тысяч блогаў, 100 тысяч чалавек узялі ўдзел у галасаваньні, якое выяўляе пераможцаў па вэрсіі публікі.

SlaDa 16:13, 05/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1784 seconds.