Журналісты за гістарычную спадчыну

14 жніўня адбылося першае паседжаньне круглага стала медыя-кампаніі «Журналісты за гістарычную спадчыну», удзел у якім узялі гісторыкі, краязнаўцы, журналісты, а таксама прадстаўнік Міністэрства культуры і БНТУ.

Медыя-кампанія «Журналісты за гістарычную спадчыну» арганізавана Грамадзкім аб’яднаньнем «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Мэта кампаніі – прыцягнуць увагу грамадзтва да праблемы захаваньня, рэстаўрацыі і аднаўленьня гісторыка-культурных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.

Акрамя сябраў аргкамітэту кампаніі, удзел у паседжаньні ўзялі краязнаўцы, гісторыкі, журналісты.

Усе выступоўцы перабольшылі рэглямэнт – і гэта зразумела. Праблемаў з захаваньнем гісторыка-культурніцкай спадчыны хапае і пра кожную хочацца распавесьці. І гэта ня толькі Гародня, Полацак, Слуцак альбо Менск. Гэта і шэраг дробных аб’ектаў, якія проста забыліся занесьці ў сьпіс помнікаў архітэктуры і іх лёс цалкам залежыць ад чыноўнікаў. Насамрэч пужаючы сьпіс каштоўных для любога адукаванага чалавека збудаваньняў, якія ўжо былі зьнішчаны.

Дастаецца ня толькі забытым будынкам, але і добра ўсім вядомым. Напрыклад, Мірскі замак, які стаў ахвяраю эўрарамонту.

Тры дэлегаты з Гародні падрабязна і дэталёва патлумачылі сытуацыю ў горадзе як з боку навуковага, так і з эканоміка-прававога пункту гледжаньня. Увогуле ж гарадзенцы вельмі актыўна змагаюцца за захаваньне гарадзкой спадчыны.

Шмат увагі надзялялася заканадаўству, чыноўнікам і парушэньні імі гэтага заканадаўства. Алег Трусаў, археоляг і гісторык, старшыня ТБМ, падрабязна і з прыкладамі распавёў як змагацца зь бюракратамі. Па-першае, трэба ведаць законы, па-другое – зьвяртацца да чыноўнікаў няспынна. Пісаць і пісаць, прычым апэляваць да розных цытатаў прэзыдэнта з прыпіскай «Вы што, не падзяляеце дзяржаўную пазыцыю?». Карацей, біць ворага ягонай жа зброяй.

Але тут жа Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца і журналіст, нагадаў пра стосы тэчак гэткай «перапіскі» з чыноўнікамі. Ён жа і азначыў асноўныя тэндэнцыі і мэтады тых, хто зьнішчае архітэктурныя помнікі Беларусі:

Маргіналізацыя старажытных частак гораду, адлучэньне іх ад цэнтру. У заняпад прыходзяць каналізацыя, зьнешні выгляд будынка і гэтак далей. У выніку будынку становяцца перашкодай для гарадзкога насельніцтва. Стварэньне канфліктных будаўнічых сытуацый: раскопкі для рамонту каналізацыі, будаўніцтва дарог і г.д. Правядзеньне інфармацыйнай кампаніі, якая фармуе станоўчы вобраз дзеяньняў чыноўнікаў.

За чыноўнікаў уступілася Натальля Хвір – загадчыца сэктару аховы помнікаў Упраўленьня па ахове гісторыка-культурніцкай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Адзіная, хто размаўляў па-расейску, Натальля запэўніла ўсіх, што ня ўсе чыноўнікі нейкія там злодзеі не адукаваныя і дрэнна выглядаючыя. І спраўдзіла гэта сваім уласным прыкладам, пагадзіўшыся ўзяць удзел у мерапрыемстве.

Таксама сп-р Харэўскі падняў, мажліва, самае важнае пытаньне – падрыхтоўка кадраў. Шмат будучых (і, насамрэч, ужо сталых) архітэктараў ня ведаюць нават элемэнтарных дыфініцый, такіх, як «помнік», «кансэрвацыя» і «аўтэнтычнасьць». Ня кажучы ўжо пра зьмест міжнародных прававых актаў.

Гэта пацьвердзіў і дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Армэн Сардараў. Насамрэч, ня вучаць будучых архітэктараў рэстаўрацыйнай справе. Тады аб чым можа йсьці гаворка? Таму і такія рашэньні прымаюць чыноўнікі.

Пры ўсіх сп-р Сардараў запрасіў Алега Трусава выкладаць у сябе на факультэце курс «Кансэрвацыі і рэстаўрацыі», які Трусаў ажно з 1996 выкладае на «Музэязнаўстве» Унівэрсытэту культуры. А таксама старшыня ТБМ паабяцаў выдаць падручнік па гэтай дысцыпліне. Такім чынам, плён ад паседжаньня быў.

Сачыць за лёсам архітэктурных помнікаў Беларусі можна і на сайце мэдыя-кампаніі, у межах якой таксама прадугледжаны прэсавыя вандроўкі па беларускіх мясьцінах і фотаконкурсы.

На шчасьце цікавасьць і заклапочанасьць з боку грамадзтва ўзрастае. Алег Трусаў назваў цяперашні рух у абарону Гародні «новай хваляй», падобнай на тую, якая выратавала Верхні горад і Траецкае.

З уласнага досьведу камунікацыяў не з апошнімі архітэктарамі гораду, магу дадаць, што большасьць зь іх проста ня любіць беларускае. Яны могуць быць крэатыўнымі і нават таленавітымі, шмат пабачыць, але покуль ім ня будзе дарагі кожны каменьчык нават самага занядбанага старажытнага будынку, пад выглядам рэстаўрацыі мінулае Беларусі будзе руйнавацца.

Таму яшчэ кампанія «Журналісты за гістарычную спадчыну» ставіць мэтаю прыцягнуць увагу грамадзтва, палепшыць веданьне заканадаўства, паказаць прыгажосьць і каштоўнасьць нашага мінулага – а дапамагчы ў гэтым могуць менавіта журналісты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1411 seconds.