Больш, чым Рок'н'ролл: Легенда Plastic People of the Universe

«Людзі гуляюць у гульні з уладай, даюць сябе падкупіць магчымасьцю паступіць ва ўнівэр, таннымі трамваямі... Ім гэта настолькі важна, што яны трымаюць пры сабе свае думкі і паслухмяна стрыгуць валасы. А Плястыкам усё тое глыбока па барабану. Іх няма чым падкупіць. Бо яны зь іншага сьвету. З той жа краіны, што і Музы. Яны не ерэтыкі - яны паганцы,» - прыхільнік гурта-легенды Plastic People of the Universe, створанага якраз у гістарычны для Чэхаславакіі 1968 год­.­ ­

ПРАСКАЯ ВЯСНА 

Даўгія валасы, шырокія калашыны, гітара ў рукох і музыка, што зрывае дах - гэта шасьцідзесятыя, якія сталі культурнай рэвалюцый у галавах і сэрцах не аднаго пакаленьня. Хваля року і Бітламаніі захлынула ня толькі заходні сьвет, але й узбударажыла і іншы бок Бэрлінскай сьцяны. Ня гледзячы на строгі кантроль камуністычнай партыі за «маральным выхаваньнем моладзі», усё роўна нараджаліся рокавыя гурты і тусоўкі нефармальнай патлатай моладзі, якая слухала рок-музыку і якая імкнулася быць падобнай на сваіх куміраў.

У Чэхаславаччыне 1968 год быў адметны тым, што да ўлады прыйшоў Дубчэк, які вызначыў новы накірунак партыі на «сацыялізм з чалавечым тварам». Інакш той пэрыяд называюць «праскай вясной». Тады хіпі былі паўсюль, а рок-музыка гучала ў клюбах і на вуліцах. Але тое доўжылася ня доўга. У жніўні прыйшлі войскі Варшаўскай дамовы і Дубчэк быў зьняты са сваёй пасады. «Праская вясна» скончылася, гэтак жа, як і спрыяльныя часы для рок-музыкі.

Менш чым празь месяц пасьля ўводу войскаў басіст Мілан Глаўса (Milan Hlavsa) засноўвае гурт, які ў будучыні зробіцца легендай ня толькі чэскага року, але і ўсяго андэрграўнда - Plastic People of the Universe.  Творчасьць іх была зьнітаванаю з амэрыканскім гуртом Velvet Underground і праскім псіхадэлічным гуртом The Primitives group, дзе папярэдне гралі некаторыя сябры Plastic People.

На пачатку свайго існаваньня гурт рабіў у асноўным каверы песьняў Velvet Underground іншых амэрыканскіх гуртоў (the Fugs, the Doors, Captain Beef heart і Frank Zappa's Mothers of Invention).  Іх мастацкім кіраўніком і ідэйным лідэрам быў Іван Марцін Іроўс (Ivan Martin Irous) па мянушцы Шалёны (Magor), гісторык мастацтва і крытык, які прывёў з сабой і гітарыста Ёзэфа Янечка (Josef Janeček).

«УЛАДА КІНУЛА НАМ ПЯЛЬЧАТКУ, І МЫ ЯЕ ПАДНЯЛІ»

Па заканчэньні «праскай вясны» быў распачаты курс на так званую нармалізацыю ў грамадзтве. Пачалі зачыняць рок-клюбы, уводзілася цэнзура на тэлебачаньні і радыё. Хутка нармалізацыя прыйшла і па рок-музыкаў. Шмат гуртоў згадзіліся зьмяніць свой фармат і гучаньне, каб атрымаць ліцэнзію на выступ. Але Plastic People адмовіліся ад гэтага і тым самым былі пазбаўленыя ліцэнзіі на выступы, што азначала адначасова і адсутнасьць інструмантаў, якія давала дзяржава.

Спрэчкі і сваркі з-за такога становішча прывялі да сыходу двух музыкаў. Тыя трое, што засталіся, летам працавалі на лесапавале, каб зарабіць на новыя інструманты, час ад часу выступаючы на дыскатэках пад іншай назвай.

Наступныя некалькі год гурт выступае ў трошкі зьмененым складзе. Прыходзіць канадзец Пол Вілсан, які ў хуткім часе становіцца салістам у гурце. Сам ён прыехаў у Чэхію па абмену з Оксфарда для вывучэньня практычнага камунізму.

З чэрвеня 1972 Plastic People of the Universe забаронена граць у Празе. Пасьля гэтага гурт паступова пачынае сыходзіць у падпольле. Наступны год яны амаль не даюць канцэртаў. У гурт прыходзіць трохі старэйшы за астатніх саксафаніст Враціслаў Брабец (Vratislav Brabec). Нарэшце зьяўляюцца і чэскамоўныя песьні, сярод якіх шмат пакладзеных на музыку паэтычных правакуючых твораў андэрграўндавага філёзафа Эгана Бонда (Egon Bonda). Музыку піша ў асноўным Мілан Глаўса.

Як раз у той час вакол Plastic People пачало фармавацца пэўнае кола музыкаў, гуртоў, літаратараў і паэтаў, якія і акрэсьлілі той самы чэскі андэрграўндавы рух, які паступова перамясьціўся ў маленькія мястэчкі і вёсачкі па ўсёй Багеміі.

Зладзіць канцэрт, каб той ня быў сарваны паліцыяй, робіцца для гурта вельмі і вельмі складаным. Выступаюць яны ў асноўным на вечарынах ці вясельлях сяброў. Часта пра месца і час канцэрту паведамлялі ў самы апошні момант у вуснай форме. Фанатам прыходзілася выходзіць на якой бліжэйшай станцыі, а потым яшчэ некалькі кілямэтраў топаць пешшу да якога закінутага амбару або фэрмы. Праўда, часта і паліцыя рабіла тое ж самае, зрываючы заплянаваны канцэрт.

Для людзей, якія слухалі песьні і прыходзілі на канцэрты ня гледзячы ні на што, Plastic People рабіліся ўжо ня проста рок-гуртом, а жывым прыкладам нонканфармізму ў грамадзтве, дзе было зручна прыстасоўвацца і жыць «як усе».

Сумнавядомай стала падзея сакавіка 1974, якая атрымала назву «Чэска - Будзеёвіцкая бойка». У мястэчку Рудольфаў, што ля Чэскіх Будзеёвіц, быў заплянаваны канцэрт некалькіх гуртоў, у тым ліку і Plastic People. Дазвол улады быў папярэдне атрыманы. Але ў апошні момант зьявілася паліцыя і забараніла правядзеньне канцэрту. Сотні фанатаў, што прыехалі проста паслухаць свае ўлюбёныя гурты, былі сагнаныя на вакзал. Па дарозе іх жорстка зьбівалі. Перапісаўшы імёны і арыштаваўшы шэсьць чалавек, моладзь пасадзілі ў цягнік і адправілі назад у Прагу. Пазьней вельмі шмат людзей павыключалі з унівэрсытэтаў, а тыя, хто зьбіраўся паступаць, так і не паступілі.

Іван Марцін Іроўс (Шалёны) у сваіх успамінах - кнізе «Праўдзівы расповед аб Plastic People» - апісвае сваю размову з некаторымі з тых маладых людзей:

«Я запытваўся ў іх: «Што вы будзеце рабіць?». А яны мне спакойна адказвалі: «Хай яны тую сваю адукацыю засунуць у дупу». У той самы момант я вельмі ясна зразумеў, што ўлада кінула нам пальчатку, і мы, як мне падаецца, яе паднялі. Таму што калі ёй ужо зараз так замінае андэрграўндавы рух, дык хай яна пазьней і ўспомніць, на чым ён быў замешаны. Бо тым некалькім зьбітым  сотнямі, ці тым, хто бачыў, як зьбіваюць сяброў, ужо ня трэба на пальцах растлумачваць усю пачварнасьць і бесчалавечнасьць сыстэмы, у якой мы жывем.»

ДРУГАЯ КУЛЬТУРА

У гэтым жа годзе Іван Марцін Іроўс арганізуе першы музычны фэстываль Другой культуры. Афіцыйнай нагодай для таго паслужыла сьвяткаваньне вясельля сяброў. Гэта быў фэст ужо сфармаванага чэскага андэрграўнду, таму Шалёны яго так і назваў.

Другі музычны фэстываль Другой культуры прайшоў у лютым 1976 як сьвяткаваньне вясельля самаго Івана Марціна Іроўса пад назвай «Вясельле Шалёнага».  На гэты раз паліцыя ўжо не пакінула ўсё як ёсьць і ў сакавіку арыштавала 27 музыкаў, дапытаўшы яшчэ каля сотні фанатаў. Праз міжнародныя пратэсты, выкліканыя арыштам музыкаў, большасьць затрыманых адпусьцілі, гэтак жа, як і некаторых членаў Plastic People.  Але чацьвёра зь іх усё ж трапілі на лаву падсудных. Абвінаваўца на судзе зачытваў «вульгарную лірыку» зь іх песень, сьцьвярджаў, што гурт – «антысацыяльная зьява і псуе сацыялістычную моладзь».

А музыкам з Plastic People of the Universe не заставалася нічога, як казаць пра сваё права на творчасьць. Праз два дні ім вынесьлі прысуд за «парушэньне міру і спакою». Іван Марцін Іроўс (Шалёны) атрымаў 18 месяцаў турмы, Павел Заічка 12 месяцаў, Сватаплук Карасек і Враціслаў Брабец - па 8 месяцаў.

Увесь час, пакуль цягнуўся судовы працэс, каля залі суда прысутнічалі вядомыя чэскія інтэлектуалы: пісьменьнікі і драматургі, музыкі і прафэсары, сярод якіх быў і Вацлаў Гавэл. Усе яны былі абураныя несправядлівасьцю і абсурднасьцю працэсу, а тым больш - прысудам. Размовы аб судзе над Plastic People  не сьціхалі і некалькі месяцаў.

У той пэрыяд і ўзьнікла ініцыятыва ўсім вядомай Хартыі 77, дакумэнта, які крытыкаваў камуністычны рэжым за парушэньне правоў чалавека. 1 студзеня 1977 пад Хартыяй 77 ужо падпісаліся 242 чалавекі. Удзельнікі гурта па выхадзе з турмы, таксама падпісаліся пад гэтым дакумэнтам.

Пазьней было ўжо сталае сяброўства з Гавэлам і канцэрты на яго лецішчы ў Градэчку, са сталай «аховай» паліцыі ў суседнім лясочку. У 1982 саксафаніст Враціслаў Брабец не вытрымлівае пастаянных допытаў і зьязджае за мяжу.

«Мы сталі дысыдэнтамі супраць нашай волі»

На пачатку васьмідзесятых камуністычная ўлада пайшла на пэўныя саступкі ў дачыненьні да рок-музыкі. І нават была ініцыятарам правядзеньня некалькіх рок-фэстываляў. Plastic People of the Universe некалькі разоў спрабавалі даць непадпольны канцэрт. Дазвол яны атрымлівалі, але ў апошні момант канцэрт адмянялі. Ім пачалі «мякка» намякаць на тое, што калі яны зьменяць назоў, то тады змогуць выступаць. У 1988 музыкі пасварыліся і гурт распаўся. Яны так і не змаглі знайсьці згоду ў гэтым пытаньні.

У 1997, калі сьвяткавалася дваццацігодзьдзе Хартыі 77, па просьбе і запрашэньню ўжо прэзыдэнта Вацлава Гавэла Plastic People of the Universe зноў сышліся і гралі разам у палацы на Градзе. Дзеля гэтай нагоды вярнуўся з Канады саксафаніст Враціслаў Брабец, які і застаўся ў Празе, пасьля доўгай эміграцыі.

Вось гэтая гісторыя ўжо легендарнага гурта, а таксама чэскага андэрграўнду і натхніла вядомага англійскага драматурга Тома Стоппарда (паходжаньнем, дарэчы, чэха) напісаць п'есу «Rock’n’Roll». Яна ня толькі аб тым, як маладыя людзі жылі і тварылі ў больш чым неспрыяльных умовах, але і пра музыку, якая зьмяніла нашае бачаньне і стала сапраўднай культурнай рэвалюцыяй. Гэта п'еса пра тое, што пры таталітарным рэжыме любое свабоднае творчае самавыражэньне становіцца зьявай палітычнай.

Ніхто з музыкаў ніколі не імкнуўся да дысыдэнцтва. Яны проста хацелі граць сваю музыку і жыць так, як ім хочацца. Як потым скажа Мілан Глаўса:

«Мы сталі дысыдэнтамі супраць нашай волі.»

Яны не ставілі сабе мэтай зьмяніць рэжым, як гэта рабілі дысыдэнты. Яны хацелі, каб іх проста пакінулі ў спакоі. Таму і ў пьесе Стоппарда герой, фанат Plastic People, кажа такія словы:

«Людзі гуляюць у гульні з уладай, даюць сябе падкупіць магчымасьцю паступіць ва ўнівэр, таннымі трамваямі...ім гэта настолькі важна, што яны трымаюць пры сабе свае думкі і паслухмяна стрыгуць валасы. А Плястыкам усё тое глыбока па барабану. Іх няма чым падкупіць. Бо яны зь іншага сьвету. З той жа краіны, што і Музы. Яны не ерэтыкі - яны паганцы.»

А сёньня, яны гэтак жа граюць сваю музыку па невялічкіх клюбах, ці езьдзяць на гастролі, запісваюць свае песьні. Праўда ўжо трохі зьмененым складам. І калі раптам у адным са звычайных праскіх бараў ты сустракаеш сівога, але ўсё гэтак жа патлатага саксафаніста Враціслава Брабца з куфлем піва, ты разумееш, што гэтыя людзі не зьмяніліся і засталіся адданымі сабе, андэрграўнду і сваёй музыцы. Яны так і не сталі «зоркамі» ў агульным разуменьні, а засталіся ўсё тымі ж хіпі з шасьцідзесятых.

Фота з сайтаў kandl.cz і ceskatelevize.cz. Спампаваць запісы гурта можна на старонцы kandl.cz

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0808 seconds.