Гарадзенскія студэнты і выкладчыкі просяць вызваліць Маргарыту Царан

20-гадовую дзяўчыну асудзілі на чатыры гады зьняволеньня за пакупку марыхуаны вагой 0,28 грама. Больш за сто студэнтаў Гарадзенскага ліцэю і Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту падпісаліся пад лістом з просьбай вызваліць Маргарыту Царан. Падпісанты звароту лічаць, што прысуд былой студэнтцы ўнівэрсытэту несправядлівы, а крымінальная справа супраць яе — вынік памылкі альбо правакацыі.

Адкрыты ліст у абарону Маргарыты Царан гарадзенскія выкладчыкі і студэнта даслалі кіраўніку краіны, а таксама генэральнаму пракурору і старшыню Вярхоўнага Суду.

На судзе былую студэнтку другога курсу Гарадзенскага ўнівэрсытэту Маргарыту Царан абараняла разам з адвакатам яе маці Валянціна. Паводле яе, мэтай міліцыі было выкрыць унівэрсытэцкага выкладчыка, які прадаваў наркотыкі, і Маргарыту проста выкарысталі:

«У нас вельмі вялікае пытаньне наконт гэтага выкладчыка. Зьдзіўляе нахабства — чалавек прапагандуе, чалавек расказвае студэнтам-першакурсьнікам пра пазытыўнае ўзьдзеяньне наркотыкаў, прадае, дае потым праўдзівыя паказаньні сьледчаму — і зьнікае».

Выкладчык права Андрэй Здасюк зьнік, а пад суд трапіла студэнтка, якую пасадзілі на чатыры гады.

Подпісы пад заклікам вызваліць Маргарыту Царан і даць ёй магчымасьць вярнуцца на вучобу паставілі сярод іншых студэнты Руслан Коўтун і Ўлада Дырда, якія вучыліся зь дзяўчынай. Ці не баяліся студэнты ставіць подпісы?

Гаворыць Руслан Коўтун:

«Не, наадварот. Падпісваліся нават людзі, якія менш яе ведалі, бо ім было вядома, што яна добры чалавек і трапіла туды не зусім па сваёй віне».

Пытаюся ў студэнткі Ўлады Дырды:

«Скажыце, Улада, гэты выкладчык, што ёй прадаў наркотык, ён таксама вас вучыў?»

«Так, так.»

«Ці праўда, што ён расказваў пра наркотыкі? Гэта было па тэме лекцыі ці не?»

«Прадмет быў “Асновы права”, але выкладчык расказваў нават некаторыя такія падрабязнасьці, якіх, у прынцыпе, расказваць нельга. Колькі каштуе, напрыклад. Канечне, не настолькі ўжо, каб пра тое, дзе іх можна купіць, але ўсё роўна гаварыў, што нават можна зьвярнуцца да яго і ён раскажа яшчэ больш падрабязна». 

 

//Радыё Свабода

10:50, 19/06/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0971 seconds.