Як прарвацца ў Эўропу ці візавыя пытаньні

Як на лета выехаць зь Беларусі і не страціць веру ў справядлівасьць і консульскія службы? Усё пра візавыя патрабаваньні ў найбольш папулярныя сярод вандруючых беларусаў краіны Ўсходняй Эўропы: Літва, Польшча, Латвія, Чэхія, Славакія, Румынія, Вугоршчына.

З кожным годам для грамадзян Беларусі толькі ўскладняюцца патрабаваньні да жадаючых выехаць з нашай краіны за мяжу, перш за ўсе ў краіны Эўразьвязу. Найбольш папулярныя напрамкі паездак беларусаў – гэта Літва і Польшча.

Літва

Гэта маленькая, але ганарлівая краіна на нашай паўночнай мяжы мае ў Менску свой кансулят, які знаходзіцца па адрасе вул. Захарава, 68. Працуе ён нядоўга, зь 9.00 да 12.00 кожны будні дзень акрамя серады, але плённа. Каб атрымаць там аднаразовую візу на тэрмін да 30 дзён, трэба:

  • Патэлефанаваць у кансулят зь 10.00 да 13.00 па тэлефонах +37529 5552067 ці +37529 5552067 і запісацца на прыём, які можа адбыцца і праз тыдзень, і праз тры, як пашанцуе.
  • Падрыхтаваць дакумэнты, сярод якіх ваш пашпарт, што будзе сапраўдным за тры месяцы да сканчэньня тэрміну дзеяньня візы і, вядома ж, мае знакаміты штампік з дазволам на выезд куды заўгодна; запоўненая анкета, якую вы атрымаеце пад час свайго першага візыту ў кансулят, згодна з часам, які будзе названы ў час размовы па тэлефону, пазначанаму вышэй; запрашэньне ад вашых дарагіх сваякоў, сяброў і т. д., якое будзе заверанае ў міграцыйнай службе па месцу жыхарства запрашаючага, альбо дарожныя чэкі з разьлікам 40 эўра на адзін дзень знаходжаньня ў краіне, альбо даведка з банку аб стане вашых фінансаў, якая была выдадзеная не болей як пяць дзён таму; каляровы фотаздымак 35*45 мм., на якім будзе ваш дарагі твар ня больш як трохмесячнай даўніны; страхоўку здароўя ад выпадковых здарэньняў; 5 эўра - збор кансулята.
  • Занесьці ўсё гэта багацьце ў кансулят згодна з датаю, якая будзе названая пад час рэгістрацыі і атрымаць, нарэшце, праз два дні доўгачаканую візачку.

Для атрыманьня транзытнай візы будуць патрэбныя ўсе пералічаныя вышэй дакумэнты, за выключэньнем даведак аб вашым фінансавым стане - іх заменіць абгрунтаваньне неабходнасьці транзытнага перасячэньня тэрыторыі краіны. Сярод іх могуць быць віза краіны, у якую накіроўваецеся, ці бронь, квіток, запрашэньне, тэлеграма альбо просты ліст ад запрашаючых, напрыклад з Калінінградзкай вобласьці, сваякоў. Кошт візы такі ж – 5 эўра. Тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі краіны 48 гадзін.

Як бачна, правілы атрыманьня візы ў Літоўскую Рэспубліку за апошні год ускладніліся. Абавязковым стала наяўнасьць сродкаў у памеры 40 эўра на дзень знаходжаньня ў краіне. Такім чынам, калі вы – просты студэнт і на дзесяць дзён зьбіраецеся наведаць Літву, пры гэтым ня маеце нікога, хто б мог вас туды запрасіць, рыхтуйце 400 эўра падпісаных дарожных чэкаў (ці адпаведны рахунак у банку, на картцы), 5 эўра на консульскі збор і прыкладна 4 эўра на страхоўку (з улікам студэнцкай зьніжкі!).

Польшча

Салідарная Польшча мае больш мяккія патрабаваньні да жадаючых наведаць гэту краіну. Польскія кансуляты - даволі распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі зьява. Сустракаюцца яны і ў Менску (вул. Крапоткіна, 91А), у Берасьці (вул. Куйбышава, 34) і ў Гародні (вул. Будзённага, 48А).

Для таго, каб атрымаць у менскім кансуляце кароткатэрміновую адна- ці двухраховую візу ў Рэспубліку Польшча, спатрэбіцца:

  • Прыйсьці на запіс у кансулят з 13:00 да 16:00 у любы будні дзень. У гэты дзень вам, магчыма, прыйдзецца ўстаць рана, бо чарга, па словах сьведак, стаіць ужо зраньня, што лёгка тлумачыцца сьпякотным летнім жаданьнем беларусаў наведаць суседнюю краіну.
  • Пад час візыту ў кансулят вам выдадуць квіток з пазначаным коштам візы і часам наступнага наведваньня. На час збору інфармацыі – прыкладна праз тры тыдні пасьля першага візыту. Таксама вы атрымаеце анкету, якую трэба будзе запоўніць і прынесьці наступны раз.
  • Наступным разам наведваньне кансуляту будзе больш працяглым. У гэты дзень вы прынясеце вялікую кіпу розных дакумэнтаў, сярод якіх будзе ваш пашпарт зь абавязковым штампам і тэрмінам дзеяньня не менш як тры месяцы пасьля сканчэньня візавага вакна; ксэракопія пашпарту (апошняя старонка); каляровае фота памерам 35*45 мм. з вашым любім тварам, які б займаў не менш як 75-80% фотаздымку і быў зроблены не менш як тры месяцы таму (у любым фотаатэлье гэтыя патрабаваньні добра вядомыя, таму проста кажыце, куды вам патрэбны здымак); запоўненую анкету (імя, прозьвішча як у пашпарце, астатняе – па-беларуску, па-расейску, па-польску ці па-ангельску - залежыць ад здольнасьцей); страхоўку, якая пазбавіць вас ад неабходнасьці паказваць на мяжы 300 злотых на дзень знаходжаньня ў краіне (паказваць грошы ўсё роўна прыйдзецца, але менш, на колькі менш – вырашаюць памежнікі); грошы: 5 эўра для атрыманьня аднаразовай ці 8 для атрыманьня двухразовай візы (нагадаем, што Польшча яшчэ не адмяніла льготы для студэнтаў, у тым ліку і для беларускіх, таму за аднаразовую візу пры наяўнасьці ксэракопіі студэнцкага вы адарвеце ад сэрца ўсяго 4 кроўных эўра).
  • Прыйсьці на наступны ці, у некаторых выпадках, у гэты ж дзень да вакенцаў каля кансуляту і атрымаць па квітку першага наведваньня амбасады доўгачаканую візу.

Зрэшты, на сайце польскай амбасады можна знайсьці і раздрукаваць і саму анкету, каб не чакаць яе ў адмысловым вакенцы пад кансулятам.

Калі вы кудысьці спазьняецеся, і таму вельмі хутка трэба зрабіць любую візу, то кансулят з радасьцю згадзіцца вам дапамагчых за дадатковыя 30 эўра (даплата за хуткасьць).

Па Польшчы можна езьдзіць і без польскай візы ўвогуле, але толькі пяць дзён і толькі ў выпадку наяўнасьці візы іншай дзяржавы, у якую вы едзеце транзытам. Але вы маеце права знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы толькі пад час дзеяньня візы дзяржавы, у якую ляжыць ваш шлях.

Сярод іншых напрамкаў вандровак беларусаў можна адзначыць Латвію, Чэхію, Славакію, Румынію. Пра іх крыху падрабязьней.

Латвія

Віза ў гэту краіну бясплатная, што ня можа ні цешыць. Адрас консульскага аддзелу: вул. Дарашэвіча, 6а. Працуе кансулят зь 10.00 да 13.00. Але для атрыманьня візы спатрэбіцца запрашэньне ад юрыдычнай ці фізычнай асобы, сапраўдны пашпарт (ня менш як 2 месяцы з дня сканчэньня дзеяньня візы), фотаздымак, анкета, страхоўка. Таксама можа спатрэбіцца інфармацыя аб вашым фінансавым становішчы (рыхтуйце 40 эўра на дзень ці 20 эўра ў выпадку, калі запрашаючы бок забясьпечвае жыльлё).

Чэхія

Краіна Вацлава Гавэла з радасьцю прыме вас у выпадку наяўнасьці запрашэньня ці ваўчэра, запоўненай анкеты, фотаздымка і сапраўднага пашпарту (ня менш як 8 месяцаў са дня сканчэньня дзейнасьці візы). Консульскі аддзел працуе па адрэсе Музычны завулак 1, корпус 2 і прымае анкеты на атрыманьне візы да 90 дзён зь 9.00 да 12.30. Кошт аднаразовай візы 400 крон па курсу нацыянальнага банка Чэхіі (прыкладна $20 на час збору інфармацыі).

Славакія

Асаблівасьць Славацкага кансуляту ў тым, што ён не патрабуе запрашэньня. Толькі грошы на візу (33 даляры аднаразовая ці транзытная), 50 даляраў на дзень знаходжаньня ў краіне, сапраўдны пашпарт, анкета, страхоўка, фотаздымак 3*4. Адрэса: вул. Валадарскага, 6.

Румынія

Краіна вампіраў і герояў фільмаў Эміра Кустурыцы зусім нядаўна ўступіла ў Эўразьвяз і з гэтай нагоды ўвяла новыя, больш жорсткія патрабаваньні. Консульскі аддзел, які знаходзіцца ў Мінску на зав. Масквіна 4, выдасьць вам візу для прыватнага візыту толькі ў выпадку наяўнасьці запрашэньня, квітка альбо вадзіцельскіх правоў, страхоўкі, 100 эўра на дзень знаходжаньня ў краіне і дакумэнта, які забясьпечвае разьмяшчэньне. Транзытная віза выдаецца на тры дні і патрабуе наяўнасьці правоў альбо квітка, страхоўкі. Агульным патрабаваньнем зьяўляецца наяўнасьць анкеты, 2-ух фотаздымкаў 3*4 і пашпарту з ксэракопіяй.

Вугоршчына

З культурай і побытам мадзьяраў (так завецца буйнейшая нацыянальнасьць краіны) беларусу можна пазнаёміцца і ня маючы візы. Але ў такім выпадку ваша знаёмства будзе непрацяглым, бо віза не патрэбная толькі ў выпадку транзыта і наяўнасьці візы ў краіну, зь/ у якую плянуеце вернуцца. Напрыклад шматразовай польскай візы. Простым сьмяротным прыйдзецца ехаць у маскоўскі кансуля (вул. Масфільмаўская 62) і плаціць там 40 эўра. Захапіць пры гэтым прыйдзецца пашпарт, ваўчэр, 2 фота, даведку зь месца навучаньня (працы) і квіток.

Калі ж ваш маршрут пралягае праз больш экзатычныя напрамкі, то па адрэсе вас чакае ўся інфармацыя пра візавыя патрабаваньні любой краіны сьвету.

Ну чаму я не амэрыканец?

Такое пытаньне ня раз узьнікае ў маладых беларусаў, што зьбіраюцца ў далёкія вандроўкі. У стадыі падрыхтоўкі пад час стаяньня пад якой чарговай амбасадай шмат добрых словаў было сказана і на эўракамісараў, не жадаючых спрыяць культурным кантактам брацкіх эўрапейскіх народаў, і на мясцовых дыпляматаў, не жадаючых хутка штампаваць запаветныя візы. У большасьці краінаў сьвету грамадзян краіны зорак і палосак пускаюць без праблем. Але ж, калі, не дай Божа, зьбярэцца які дурны амэрыканец у Беларусь - не факт што ўпусьцяць. Так што мы квіты :)

Але не ўсё так дрэнна. Кажуць, што ўжо ў 2008 годзе для беларусаў будуць адмененыя ганебныя штампікі ў пашпарт і будуць уведзеныя замежныя пашпарты.

Трэба дадаць, што ўсе пералічаныя вышэй патрабаваньні будуць дзейнічаць яшчэ да 2008 ці 2009 года, бо менавіта на гэтыя час прагназуецца ўступленьне амаль усіх пералічаных краін (акрамя Румыніі) у Шэнгенскую зону, якая патрабуе больш жорсткіх візавых абмежаваньняў. Так што сьпяшайцеся!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0811 seconds.