Штамп у пашпарце на выезд за мяжу – пэрспэктывы адмены

Галаўны боль, нязручнасьць, бюракратыя – гэта працэдура атрыманьня запаветнага штампу на выезд за мяжу. Чатыры гады таму Канстытуцыйны суд прыняў заключэньне аб неадпаведнасьці Канстытуцыі існаваньня ў пашпарце штампу аб праве на выезд. На якім этапе зараз перамадэрнізацыя сыстэмы?

Канстытуцыйны суд яшчэ ў 2002 годзе прапанаваў Савміну і іншым дзяржаўным ворганам, у кароткія тэрміны (да канца 2005 года) стварыць такую сыстэму ўліку асобаў, выкарыстаньне якой дазволіць выкарыстоўваць пашпарт у якасьці дакуманта для выезда за мяжу без прадстаўленьня спэцыяльнай адзнакі. Але “па тэхнічных і палітычных прычынах” рэалізацыя зацягнулася.

Магчыма, такі штамп ужо не патрэбен? На гэта карэспандэнту "Эканамічнай газэты" адказаў начальнік упраўленьня па грамадзянству і міграцыі ГУУС Міндзяржвыканкама Мікалай Шэўчык:

Рашэньне праблемы адмены штампу ўжо знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Ідзе фармаваньне заканадаўчай базы, якая будзе рэглямэнтаваць, як мусяць выяжджаць грамадзяне Беларусі за мяжу. Ёсьць жа людзі, якія маюць запазычанасьці перад дзяржавай, бюджэтам, зыскавыя патрабаваньні, некаторыя валодаюць сакрэтнымі зьвесткамі. Цалкам магчыма, што ўжо ў наступным годзе дазваляльны запіс у пашпартох будзе адменены. Таму мы рэкамэндуем грамадзянам афармляць яго толькі на адзін год. 

Юрыст Валянцін Стэфановіч распавёў studenty.by свой погляд на сытуацыю з выездам за мяжу: 

Сапраўды, гэты штамп парушае Канстытуцыю аб праве грамадзянаў на вольнае перасунаньне па краіне, вольны выезд за яе межы і вяртаньне. Так, да асобаў, у дачыненьні да якіх, да прыкладу, узбуджаныя крымінальныя справы, мусіць быць кантроль за перасячэньнем мяжы. Альбо яшчэ адна група – так званыя “алімэнтшчыкі”. Калі нейкі злосны алімэнтшчык ня хоча ўтрымліваць сваіх дзяцей і абірае варыянт – зьехаць зь Беларусі і такім чынам пазбавіцца абавязку плаціць алімэнты, то натуральным зьяўляецца абмежаваць ягонае памкненьне пазьбегнуць адказнасьці.

На думку праваабаронцы, нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага суда, сыстэма МУС апынулася непадрыхтаванай, каб адмяніць штамп і своечасова перамадэрнізаваць сыстэму з улікам правоў усіх грамадзянаў:

Калі браць за прыклад краіны захаду, то сыстэмы атрыманьня штампу на выезд там ня існуе. Звычайна чалавек мае два пашпарты – унутраны і замежны. У ЗША, да прыкладу, няма ўнутранага – існуюць так званыя ID-карткі. Штампы на выезд за мяжу характэрныя да краінаў, назавем іх, “пераходнай фармацыі", якія намагаюцца кантраляваць выезды сваіх грамадзянаў. Да прыкладу, Туркмэністан мае такую сыстэму.

Што тычыцца бюракратыі, якая ёсьць зараз пры атрыманьні штампу на выезд, аплата пошліны, то, на думку Валянціна Стэфановіча, гэта, хутчэй за ўсё, захаваецца і пры пераходзе на новую сыстэму.

Усё адно патрэбна будзе хадзіць па авірах, зьбіраць паперкі і атрымліваць гэты замежны пашпарт. Прасьцей будзе ў тым пляне, што ня трэба будзе мяняць пашпарт штораз пры сканчэньні, да прыкладу, старонак з-за візаў. У такім выпадку пашпарт застанецца, а мяняць трэба будзе толькі замежны.

Па плянах, замежны пашпарт будзе выглядаць як звычайны – са старонкамі для візаў і адзнакаў аб перасячэньні мяжы, але без дадзеных пра прапіску, шлюб, дзяцей і інш. Дарослым такі пашпарт плянуецца выдаваць на 10 год, дзецям – на 5. А наш звычайны сіні пашпарт у пэрспэктыве плянуецца замяніць на ID-картку. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.057 seconds.