Billy's Band выступіў у Менску

Білі Новік, Андрэй Рыжык, Антон Матэзіус, Міхась Жыдкіх, а разам - Billy's Band, 10 траўня наведаліся ў Менск, каб «адарвацца па-піцерску», тым больш, што зараз лета і час «вясновага абвастрэньня» мінуў.

­

Усё пачалося з закусачнай «Графіці». Менавіта туды патрапілі Білі й Рыжык, калі апынуліся ў незнаёмым горадзе Менску. І ня тое каб адразу іх прызналі, але выдалі інструмэнтарый – нейкую балалайку і гора-гітару. Музыкі зладзілі маленькі выступ для сяброў. Пазнаёміліся з добрым чалавекам Янам, і вось MoonchildGroup запрасілі Billy’s Band на паўнавартасны выступ у Night Star.

Цяжка сказаць, што гэта ёсьць такое. Бэнд зьявіўся нечакана, і як усё нечаканае, атрымаўся на славу. Як толькі музыкі не вызначаюць сваю творчасьць: і «пахавальны дыксілэнд з бясконцым хэпі-эндам», і «рамантычны андэграўнд», і «айчынны экалягічны гаўнаджаз».

Дакладна можна сказаць, што Billy’s Band – гэта пэўная філязофія, лад жыцьця (неяк патасна гучыць :). Але істотны жыцьцёвы досьвед удзельнікаў адбіўся на зьмесьце кампазіцыяў. Як мінімум – ускосна. Хто паверыць, што гэты вось чалавек у капелюшы ды з кантрабасам – Білі Новік – колішні патолягаанатам дзіцячай бальніцы? Але што было тое было...

Ад Billy’s Band сыходзяць флюіды беспрацоўнай інтэлігентнасьці, «купчынскай» багемнасьці, начной бессэзонасьці. Пад гукі імправізацыяў бэнду можна ўявіць сябе як у нью-ёркскім таксі, так і на піцерскай кухні. «...з тых часоў я некалькі астыў да працы» - і дакладна не ў летнім офісе з восьмай да шостай.

Ну а міні-маналёгі Білі – проста штосьці неверагоднае. Яны не маюць аніякага дачыненьня да твайго жыцьця, але ўсё роўна падаюцца такімі блізкімі. І чамусьці адразу ўяўляюцца такія старыя амэрыканскія часопісы з коміксамі або нью-ёрскія вуліцы з эпохі чорна-белага кіно... І стужка «Кава ды цыгарэты» – але гэта, канешне, прыватнае ўражаньне. Кожнаму сваё.

У Менску Billy’s Band быў мэлянхалічны ды іранічны. І што прыемна – ўжо добра знаёмы менскай публіцы.

«Ня ведаю чаму, але я часта ўзгадваю адзін піўны бар на ўскраіне майго раёну – бэтонная заля з завешанай шкляной сьцяной, які ўяўляў сабой адначасова падстраўнік унівэрсаму й падножжа віна-водачнага. Народ назваў гэта мейсца заляю чаканьня, пэўна з-за чырвоных і сініх плястмасавых фатэльчыкаў, расстаўленых паўсюль. Тут можна было пачуць старыя дый новыя гісторыя пра што заўгодна: пра сьляпога карлікавага сабачку, пра дзяўчат з Аружэйнай вуліцы, пра зробленага з чакаляду Ісуса, хворую печань й разьбітае сэрца. Але часьцей за ўсё – пра цёплае піва й халодных жанчын. Аднойчы, калі я задрамаў на прыступцы, жанчына шапнула мне на вуха: «Ты ніколі не вернесься дахаты» – так пачынаецца адна з кампазіцыяў альбому Being Tom Waits.

Том Уэйтс увогуле – гэта атмасфэра Billy’s Band. Менавіта зь інтэрпрэтацый альбому Уэйтса «Early Years part 1» (1971) і пачалася гісторыя бэнду. Спачатку рэпэртуар быў даволі стракатым: крыху кантры, сёрфу, некалькі нумароў Уэйтса, колькі ангельскіх народных песень кшталту «My Bonie»…

І вось Billy’s Band выдаў шэсьць паўнавартасных альбомаў:

  • Парыскія сэзоны
  • Паштоўка ад...
  • Крыху сьмерці, крыху каханьня
  • Адарвёмся па-піцерску
  • Being Tom Waits
  • Вясновае абвастрэньне

Ну а мы чакаем Billy’s Band яшчэ раз у госьці, з новымі кампазыцыямі ды гісторыямі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1272 seconds.