Шчасьце Billy's Band

Вы калісьці, ну, калі ўжо сталі, як кажуць, дарослымі, задумваліся, што такое шчасьце, ці ёсьць яно, якое яно? Усур’ёз задумваліся пра гэта?

Не, ну калі мы былі яшчэ зусім дзецьмі, пра шчасьце ўсё было зразумела. Яно проста было, яно не магло ня быць, паўсюль і заўсёды, мы пра яго нават ня думалі. Шчасьце поўніла лёгкія, як паветра, як Мінскае мора, якое заўжды побач і таму няма чаго пра яго мудрагеліць і разважаць.

Сталі падлеткамі – тут ужо палезлі нюансы. Шчасьце перастала быць абсалютным, час ад часу ўвогуле зьнікала і з’яўлялася толькі пры позірку на першы макіяж дзяўчат-аднаклясьніц, напрыклад. Гэтак прыходзіла нешта «дарослае», палавыя пытаньні, а шчасьце зьбягала ўсё далей, дагарала, як у вогнішчы дзёньнік панка-дзевяціклясьніка. Урэшце дагуляліся да вышэйшых дыплёмаў, заробкаў, пятніцаў (100 г? Маю прАва!)…карацей, стабіліці і «ўсё ёсьць», а шчасьця няма, і Пізанская вежа ўсё ж бабахнула долу. Вавілон, Садом і Гамора ў адным асобна ўзятым чалавеку.

Але не, не канец, яго не існуе. Шчасьце ж, наадварот, тут, побач, нават сярод нас, непрыступных, як Лінія Сталіна. А перад вачыма, нібы рэтра-фатаздымкі, праплываюць выявы: верасень in the RB, Менск, клюб «Цэнтр», гурт Billy's Band як апалагет веры, што «Счастье есть». Трэба яго толькі чакаць.

Ёсьць такое самадастатковае мастацтва, дзе недарэчныя прамовы, эпіграфы, тлумачэньні і пастскрыптумы. Такі гурт – Billy's Band. Ён заўжды грае адзін, без разагрэву, ва ўсякім разе ў нас у Менску. Іх пэрформансы проста становяцца часткай гарадскога быцьця, без эківокаў і падводачак. Нашае жыцьцё – вось ён, эпіграф з эпілогам, а пасярэдзіне між імі павінны быць шчасьце і любоў, пра іх пяе Billy's Band.

Канцэрты Billy's Band нагадваюць добрае «эўрапейскае» кіно: усе весяляцца, плачуць, п’юць і цалуюцца, а фонам джаз і «эпилогом любовь» (К. Кінчаў). Ад шчасьця заўжды цёпла, нават сярод халоднага мармуру Палацу Рэспублікі.

Чалавекаў на канцэрце Billy's Band шмат, і ўсе нейкія прыгожыя і высокія. Шмат парачак, так, Billy's Band – сапраўды «каралі медлякоў». «Скажи мне, где спит твоё сердце этой весенней ночью и когда оно вернётся домой?» – а вы скажыце, што можа быць больш дарэчы за гэтыя словы ўвечар з дзяўчынай, у пятніцу, у цёплым клюбе? Аказваецца, у Мінску столькі добрых людзей, падазраю, што іх нават большасьць, прычым заўважна гэта было ўжо нават (не паверыце) па ахове на ўваходзе.

Са сцэны бух-бухае ну зусім некамерцыйная, «элітарная» джазавая тэма, а парачкі і проста рабяты шчасьліва рухаюцца, блішчаць у цемры задорнымі зубамі, быццам упіталі з малаком маці любоў да дэльта-блюзу Робэрта Джонсана і авангарду Джона Зорна. Атмасфэра неверагодная.

Увогуле, Billy's Band – менавіта атмасфэрны калектыў у тым сэнсе, што ён адразу настройвае людзей на нейкую сваю хвалю, на свае джаз- (ня ДЖА!) вібрацыі. Нярэдка іх абвінавачваюць у празмерным акторстве, маўляў, пераігрываюць, крыўляюцца. Так, хутчэй за ўсё на сцэне мае месца добра падрыхтаваная імправізацыя, і Біллі Новік, канешне, не такі ўжо прапойца і Том Уэйц па жыцьці. Billy's Band у нейкае ступені менавіта граюць у «алкаджаз» і «чорную інтэлігенцыю з Купчына», але робяць гэта аддана, з душой, а галоўнае – таленавіта. Бяз таленту слухачы іх проста б пакінулі з гэтым «МХАТаўскім» пафасам сам на сам.

Вось што падумаў, сябры. Ці мае сэнс расказваць пра падобную падзею менавіта як пра канцэрт? Ну, кшталту: «Гук быў добры, але гукач напіўся, а напрыканцы зайгралі Smoke on the water і ўсім спадабалася?» Лічу, што не. І так даўно вядома: Біллі Новік выдатнейшы вакаліст і шоумэн, гітара «Рыжыка» – сапраўды грае, а не палівае, Антон Матэзіўс (баян), Міхаіл Жыдкіх (саксафон) – усё і ўсе ў Billy's Band на сваіх месцах. Але гэта толькі складнікі шчасьця. Бязь іх нікуды, але толькі на іх замыкацца ня трэба. Такія думкі.

Вызначэньні забіваюць пачуцьці, словы зьнішчаюць сэнс высокіх паняцьцяў. А пры гэтым шчасьце можа моўчкі сядзець побач за суседнім столікам і чакаць, пакуль урэшце рэшт ты яго запросіш на «медляк» (хто «каралі медлякоў», мы ўжо ведаем). Сам бачыў, як шчасьце танчыла побач.

На «бісе» ад Billy's Band я адмыслова зьбег з клюбу, бо не жадаў бачыць, як шчасьце потым будзе стаяць у гардэроб за паліто і пасьля сыйдзе туды, дзе халодна ды навіны на вялікім экране. Калі яно сыходзіць, калі мы яго адпускаем назаўжды – гэта няправільна, так ня мусіць быць, рабяты.

“Счастье есть, я верю, надо только ждать!” – Billy's Band.

Болей здымкаў у фотарэпартажы Юлі Сакалоўскай. 


Яўген Бузоўскі 16:38, 30.09.2013 | Калонка Яўгена Бузоўскага |




comments powered by Disqus
 
In 0.0503 seconds.