Ёсьць нагода: «Крамбамбуля» выканала першую пяцігодку

Узорная экспэрымэнтальная гаспадарка «Крамбамбуля» ўдарна адсьвяткавала ўраджайную пяцігодку: чатыры альбомы плюс адзін «зэ бэст». Урачысты канцэрт самадзейнага ансамблю імя «Крамбамбулі», хлеб ды соль, сырок «Дружба» – які зараз год?

Сярэдзіна гэтага ну вельмі сьпякотнага тыдню выдалася надта мітусьлівай ды клопатнай. І нават ня верылася, што можна патрапіць у іншы сусьвет. Пад галінамі бэзу, на былым лецішчы партыйных шышак, дзе зараз месьціцца рэстарацыя «Савецкая», пад песьні Антонава «Крамбамбуля» сустракала гасьцей. Не хапала толькі службовых волгаў.

Атмасфэра застойнага савецкага часу была створана і падавалася, што ўвогуле знаходзісься ня ў Менску, а ў блатным партыйным санаторыі, і ў некалькіх кроках мусіць быць калі ня мора, дык рака і белы параход...

Але ж непасрэдна да ансамблю. За пяць год «Крамбамбуля» ўжо выпрацавала сваю адмысловую філязофію ды жыцьцёвую пазыцыю. Пазыцыя ў пазытыўнай апазыцыі агульнай млявасьці ды абыякавасьці да жыцьця.

«Сапраўдны гонар узорнай экспэрымэнтальнай гаспадаркі «Крамбамбуля» (уз.эк.га.) - гэта нашы людзі. Простыя і складаныя, творчыя і ня вельмі, разумныя і ня толькі. Яны ўсе працуюць разам дзеля адной мэты – каб пазытыву на гэтай зямлі было як мага больш».

Чарговую дозу пазытыву можна знайсьці на новай плыце «Крамбамбуля. Сьвяточная», дзе шмат новых крамбамбульных шэдэўраў на ўсе выпадкі жыцьця. Паслухаеш – і падаецца, што жывуць ва ўзэкга ад сьвята да сьвята. На плыце ажно 12 сьвятаў, а таксама віншавальныя паштовачкі ад Міхала Анемпадыстава, ды інфа пра сьвяты, сабраная Вольгай Бабак.

Парада тым, хто зьбіраецца на «Крамбамбулю» – абірайце зручны абутак, бо прадугледжаны гарачыя танцы па адмысловай мэтодзе ансамблю. Першы ўрок бясплатны й непасрэдна на месцы. У якасьці мэдляку назапашана цудоўная кампазыцыя «Без цябе» - гэткі «Абсэнт» новага альбому.

Немагчыма не сказаць колькі словаў пра шыкоўны стыль тубыльцаў узорнай экспэрымэнтальнай гаспадаркі. Па дызайнэрскіх вынаходках калгас «Крамбамбуля» дасьць джазу любой сталіцы. Нездарма на ўрачыстай цырымоніі прысутнічаў знакаміты беларускі кравец Айплатаў, вядомы сваёй калекцыяй «Дэрыбас» – зразумела зараз, хто яго натхняе.

Дарэчы, было шмат слаўных гасьцёў. Гэткі савецкі вінэгрэт, смачна закрашаны соўсам любові да моцных напояў беларускай вытворчасьці, кшталту «Крамбамбулі». Музыкаў ды іншых творчых людзей, дыпляматаў, журналістаў й бізнэсоўцаў сустракалі хлебам-солью. Беларускі андэрграўнд і беларускі глямур сустрэліся пад галінамі бэзу ў рэстарацыі «Савецкая» – ўсіх і не пералічыш, бо ўсё роўна на каго ды забудзесься і пакрыўдзіш добрага чалавека. Але ТВ здымала ўсё – глядзіце рэпартаж з чырвонай дарожкі: хто з кім, хто ў чым, хто з чым...

Наступным разам Лявонам быў абяцаны супэр-канцэрт з удзелам першых твараў дошкі пашаны «Крамбамбулі»: таварышаў Кульлінковіча, Міхалка й Абасавай. Столікі не прадугледжваюцца – таньчыць будуць усе!

«Мастацтва – гэта наша ўсё!». І ўвогуле, трэба заснаваць адмысловае Міністэрства па павышэньні настрою працоўных мас – і будзе ўсім шчасьце. Альтэрнатывай Дажынкам стане Сьвята Крамбамбулі, і тады кожны грамадзянін атрымае магчымасьць патрапіць на сьветлае й душэўнае сьвята. Таму што атмасфэра на прэзэнтацыі была проста неверагоднай: сямейны падрад Вольскіх – гэта проста інкубатар ідэяў ды генэратар весялосьці й станоўчых эмоцыяў.


«…мы зразумелі, што далей столькі піць і тужыць нельга. Трэба працаваць і памнажаць пазытыў, як бы цяжка гэта не было. Бо цяжка будзе заўжды, пакуль некалі не стане лёгка ад разуменьня таго, колькі добрага было зроблена, калі было цяжка»

З ударным завяршэньнем пяцігодкі! Long life Krambambula! Ура, таварышы!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1131 seconds.