Сьвеціць сьвятло ў цемры альбо IQ48 здымаюць сваё другое відэа

Першае відэа IQ48 «Таполі» нават можна ўбачыць на TV. Але папулярнасьць гурта расьце з кожным днём і аднаго кліпа ўжо не дастаткова, тым больш што ягоная якасьць пакідае жадаць лепшага.

І вось у «ласей» зьявіўся шанец зрабіць паўнавартаснае відэа: у ноч з аўторка на сераду айкюшнікі ад’ехалі ў Польшчу. Усяго за два дні хлопцы здымуць кліп ды адыграюць канцэрт. Групы падтрымкі з плякатамі, сьлязьмі ды плюшавымі мішкамі сярод выпраўляючых не было, ня лічачы дзьвюх аматарак, у прыватнасьці – вакалу ды саксафона :)

Будзем спадзявацца, што гэта станецца насамрэч «сьвятлом у цемры» беларускага шоў бізнэсу (наяўнасьць якога – справа адносная). Адзінкі музыкаў сёньня могуць пахваліцца якасным узроўнем кліпу і зусім нямногім дазволена тыя кліпы дэманстраваць.

А зараз зьявілася новая пляцоўка для рэалізацыі творчых задум – тэлеканал  «БелСат». Менавіта зь яго дапамогай IQ48 і здымуць кліп. Сюжэт кліпу дакладна не вядомы, бо быў дасланы на польскай мове і музыкі ня здолелі яго перакласьці.  Таму інтрыга захоўваецца ня толькі для аматараў беларускай музыкі, але і для саміх «ласёў». Але ўсё ж такі атрымалася даведацца, што канцэпцыя польскага рэжысэра – гэта гульня сьвятла і цемры. Што, дарэчы, лягічна.

IQ48 ня першыя, хто здымае кліп ды пры дапамозе «БелСат». Хутка ўбачым на новым канале B:N і Сьцяну.

Увогуле ж, зараз IQ48 працуюць над новым альбомам, які па іх уласным меркаваньні, будзе больш дарослы. Вось, запішуць сур’ёзны альбом, здымуць паўнавартаснае відэа і стануць ну зусім «чоткімі пацанамі ў лімузінах».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0764 seconds.