КУЛЬТурныя людзі: «Гарадзкі» чалавек — Pete Paff

Да Піта Паўлава я ішла з прыкладным сьпісам падрыхтаваных пытаньняў. Ужо пасьля першых словаў я зразумела, што наўрад ці адчыню нататнік — Піта было значна цікавей слухаць, чым пытаць.

­ Піт Паўлаў

Сьвет такі незразумелы, такі дурны… І ў гэтым сьвеце любыя пытаньні, якія здаюцца зразумелымі – былі пытаньні, якія для мяне былі зразумелымі – зараз яны ўсе робяцца філязафічнымі. Драбнюткая рэч, што раней здавалася натуральнаю, зараз здаецца спрэчнаю…

ДЗЯЦІНСТВА, УНІВЭР І ВОЙСКА

Дзяцінства Пеці Паўлава прайшло не дзе-небудзь, а ў Нямеччыне…

Вам падабаецца, калі Вас называюць Пеця?

Не, не падабаецца. Зараз пачынаюць мяне так называць мае сябры, калі кьпяць зь мяне. Новыя людзі чуюць “Пеця” – ім здаецца, што гэта нармальна. Піт – так мяне ўпершыню назвала мая стрыечная сястра. Яна распавядала мне і яшчэ аднаму нашаму брату такія казачкі дзіцячыя пра нас, мы былі ўдзельнікамі і ў нас былі скарочаныя імёны – Піт і Нік. Вось і прыклеілася гэтая мянушка. Потым, калі я прачытаў “Нязнайку ў сонечным горадзе”, высьветлілася, што сюжэты яна брала адтуль.

Зь Нямеччыны якія ўспаміны засталіся?

Усё засталося, я ўсё памятаю. У адрозьненьні ад маіх усіх сяброў, якія дзяцінства ня так памятаюць, бо яны ў тым жа асяродку жылі далей. У мяне было вельмі, вельмі адрозна, Нямеччына і Беларусь. Памятаю, як прыехалі мы першы раз у Беларусь…

Мабыць, шок такі для Вас быў?

Ніякага шоку не было! Мы езьдзілі штогод на вакацыі: у Крым, у Слуцак мой улюблёны і ў Менск. Для мяне гэта была мая Радзіма, а там была Нямеччына. Але ў Нямеччыне прайшло маё дзяцінства, там мне было натуральна і зручна. І калі я з Krywi ў першы раз паехаў туды – нібыта дахаты вярнуўся, усё было вельмі блізкае.

Я ў дзяцінстве саромеўся джынсаў. Таму што яны праціраліся на каленках, і мне здавалася, што ў мяне такія старыя нагавіцы. Жвачкі я прывозіў у Слуцак, і ўвесь Слуцак хадзіў цугам за мной, а я іх раздаваў. Для мяне гэта было натуральна. Таму, калі жвачкі ня стала, я нават і не заўважыў. А ў школе ў мяне былі такія клясныя шмоткі, настолькі яркія і адрозныя, што я саромеўся насіць, у мяне быў партфэль самы лепшы, скураны, санкі ў мяне былі не такія, як ва ўсіх - алюміневыя, а драўляныя, вялізныя. І мне здавалася: што за лажа? У мяне ўсё такое нейкае адрознае, хаця яно ўсё было касьмічна лепей. Але тады я гэтага не разумеў, і хацеў усё як ва ўсіх. Гэта зараз мой сын пазбаўлены гэтага маразма і можа дацаніць індывідуальную рэч.

А як Вас у РТІ занесла?

Гэта было вельмі натуральна. Я быў прафэсійным спартоўцам – пераможцам турніраў агульнабеларускіх, агульнасаюзных, чэмпіёнам гораду. Я быў проста спартоўцам-спартовічам :) Але я ніколі не ўяўляў сябе ў нейкім фізкультурным інстытуце. Дапамагло выбару даволі глупае дзіцячае ўражаньне: амаль усе мае знаёмыя гітарысты, вядомыя, рокавыя, вучыліся ў РТІ, ну і РТІ даваў магчымасьць атрымаць неабходныя веды, каб самому ствараць нейкія ўзмацьняльнікі, прымочкі, прылады для гітары. Пры тым, што выбар быў даволі абмежаваны. Тобок, куды б яшчэ мог хлопчык пайсьці? Таму на той момант я выбраў самае лепшае, што я мог сабе ўявіць. Зараз я, магчыма, па-іншаму распарадзіўся б сваім выбарам… Занесла досыць выпадкова, ніякага сьвядомага выбару не было.

Але ж потым было войска… Ну і як? Жах? 

Войска як войска, жах як жах… Без гэтых двух гадоў я ня быў бы тым, хто я ёсьць. Здаецца, такая брутальная тупасьць, але яна з мужчыны стварае іншую вартасьць: паказвае, да якіх нізін ён можа апусьціцца, да якіх глыбінь ён можа нырнуць, і да якіх вяршынь ён можа ўзьнесьціся. Некаторыя маладыя людзі самі сябе гераізуюць, і толькі ў войску ўсё ставіцца на сваё мейсца. Зараз я паспрабаваў бы пазьбегнуць, але што ёсьць – тое ёсьць, ня выкрэсьліць…

Спартоўцам-спартовічам палагаецца спартыўны рэжым… 

З майго фанатычнага стаўленьня да спорту павялося, што я ніколі не ўжываю і не ўжываў алкаголь. І гэта ня подзьвіг і за гэта мяне ня трэба паважаць. Бывае, сядзіш у кампаніі маладых дзяўчат. Яны глядзяць: а чаго гэта ён ня п’е - і мы ня будзем піць. Хочаце піць – піце. Я проста бачу, да чаго гэта прыводзіць, але спрабую на гэты конт не выказвацца, бо кожны, хто кірае, успрымае гэта як асабістую крытыку. Ты выпіваеш – і з прыўкрасьнейшага, “інцелегентнейшага” суразмоўцы ператвараесься ў нецікавага,  неіскрамётнага дурня. Кожны, кім бы ён сябе ня лічыў, ператвараецца ва ўродца мерзкага.

У Вас шмат кніг, любіце чытаць? 

Я чытаю вельмі шмат! У мяне ёсьць мая самая любімая кніга – “Мастер и Маргарита”. Разоў 50 чытаў, нават на польскай мове. Але ўжо задзяўбло перачытваць Булгакава. Зараз як заўзятар чытаю Акуніна. Гэта зусім іншага кшталту для мяне чытаніна. З сур’ёзнага сучаснага – зь дзікім задавальненьнем чытаю Пелевіна. Я лічу, што можна зараз знасьці падставы для напісаньня кніг. Прывабнасьць сучаснага ў тым, што ты трапляеш ва ўмовы, калі твой сучасьнік піша і стварае.

РЭФОРМЫ ПРЭЗЫДЭНТА ПАЎЛАВА

А Вы маглі бы быць палітыкам? 

:) Думаю, што мог бы. Але я б не хацеў. Прэзыдэнтам мог бы быць :)

А якая б была Вашая першая рэформа?

Першая ня можа быць адна. У мяне цэлы пакет :) Адна з першых – гэта памяняць чыгункавыя рэйкі ад Брэста да Смаленска з шырокіх на вузкія. Хай яны там пад Масквой займаюцца бессэнсоўнай гэтай справай – перастаўленьнем цягнікоў. Таму што для мяне гэтыя дзьве гадзіны на мяжы –  гэта адзнака маразму, фізычная мяжа. Праблема мусіць быць вырашана раз і назаўжды. Гэта робіцца вельмі хутка – я ўдакладняў.

 

Гэта адна з першых рэформаў. Другая рэформа тычыцца захаваньня Менску. Я б забараніў перакладаць назвы. Гэта толькі беларусы могуць перакласьці вуліцу “ШпалернаявОбойную”. Гэта ўжо ў ніякія брамы ня лезе. Гэта маразм! Перакласьці “Незалежнасьць” можна толькі ў “Незалежнасьць”. 

Наступная рэформа тычыцца мовы – мова будзе адна. Гэта патрэбна, каб у нас была незалежная краіна. Калі ў нас будзе дзьвюмоўе, то расейская лёгка пераможа. Таму што фізычна яна мацнейшая.

GARADzKIJA й PETE PAFF

Хто ведае, мо калі Піт і рэалізуе гэты пакет. А зараз ён займаецца сваімі сольнымі музычнымі і прадусарскімі праектамі. Найбольш слушныя зь іх, безумоўна, GARADzKIJA й Pete Paff.

Плытка гурта GARADzKIJA тры гады таму, на мой погляд, была новай ступенькай у беларускай музыцы. Там столькі ўсяго скампрэсавана майго… Каб мяне пазнаць, паслухаць альбом – гэта падставовая рэч. Там зусім няма прахадных песьняў, там няма проста тэкстаў, каб запоўніць альбом. І гэта такая вельмі істотная рэч – гэта пра мяне, яны характарызуюць мяне больш, чым усё астатняе…

Вам ня цяжка сумяшчаць працу над такімі рознымі гуртамі, як GARADzKIJA і Pete Paff? Ці гэта розныя бакі Вашага Я? 

Калі прасачыць маю ўсю творчасьць – яна заўсёды была даволі шырокая. Я супрацоўнічаў з Kriwi, з Шэдзько, Flat, я ўдзельнічаў у розных праектах. Я прысутнічаў на першых рэпэтыцыях Троіцы. І для мяне выкананьне такой народнай, этнічнай музыкі было заўсёды натуральна. Больш таго, для мяне гэта было патрэбна, каб падкрэсьліць сваю арыгінальнасьць. Таму што рок-н-рол – музыка стандартная – заўсёды можна знайсьці аналягі, даволі шчыльныя. Адзінай адрознасьцю зьяўлецца мова – мы сьпяваем па-беларуску, і я спрабую шукаць нейкія нацыянальныя падыходы да аранжацыяў.

Але ж Піт Паўлаў – ня толькі музыка, але і прадусар…

Я зараз працую над тым, каб у Польшчы адбыўся фэстываль беларускай этнічнай музыкі. У мяне было некалькі вялікіх прадусэрскіх праектаў: “Жывы гук он-лайн” (у кавярні “Саюз он-лайн”), які скончыўся нічым – нам забаранілі граць чарговы канцэрт. Мы раскруцілі новую кропку да таго стану, каб прадаць два поўных аншлягі. А самае галоўнае – была інтэрнэт-трансляцыя. Гэта не арыгінальна, але для Беларусі тое беспрэцэдэнтная рэч. NRM, Neuro Dubel, GARADzKIJA, Крамбамбуля… Сорак тыдняў былі расьпісаныя, былі ўсе вартыя гурты. Я буду доўжыць гэты праект, бо лічу яго геніяльным. 

 

Яшчэ адзін мой прадусарскі праект – гэта фэстываль “Вольнае паветра”, які адбыўся ў гэтым годзе вельмі пасьпяхова, нягледзячы на перашкоды надвор’я. Увесь час, пакуль я яго рабіў, мне казалі: “А давай зробім во на гэтай сцэне, а давай зробім во на гэтым гуку, а давай запросім ня гэтую каманду, а гэтую” – і так вось кожнае пытаньне… Адзінае, мне б перасталі ўстаўляць свае пяць капеек, каб я быў Бона з U2! Але я вытрымаў усё, што хацеў – і атрымаўся сапраўдны эўрапейскі фэстываль.

МОЙ ГОРАД – ТОЛЬКІ КРОПКА НА МАПЕ ЭЎРОПЫ…

Плыту GARADzKICH вельмі класна слухаць, едучы ў тралейбусе, ці шпацыруючы па вуліцах ды праспэктах, ці гледзячы праз вакно на агністую мітусьню гораду. Чаму? Мабыць, таму што ў альбома свая філязофія, гарадзкі рытм, мабыць, нават больш гарадзкі і дынамічны за рытм Менску…

GARADzKIJA – гэта не супроцьпастаўленьне вясковым, гэта проста канстатацыя факта, што ёсьць гарадзкія каштоўнасьці. І галоўная каштоўнасьць гарадзкога жыцьця – гэта наяўнасьць магчымасьці карыстаньня адным і тым жа мейсцам вялікай колькасьцю людзей. Нельга ставіць плоты дзе толькі магчыма і дзе не магчыма, бо там мусяць хадзіць людзі. Нельга казаць, што гэта маё. Кафэшка ўяўляе каштоўнасьць, калі туды ходзіць вялікая колькасьць людзей. Культавыя мейсцы, гэта там, дзе людзі боўтаюцца. Горад дазваляе ў кароткі прамежак часу сустракацца зь вялікай колькасьцю людзей. І гэта найвялікшая каштоўнасьць гораду – магчымасьць вось гэтай сапраўднай, не віртуальнай камунікацыі.

А з тых гарадоў, дзе Вы былі, які найбольш адпавядае вось гэтым каштоўнасьцям?

Бэрлін. Гэта, напэўна, самы горад-горад, горад-гарадовіч :)…
Мне ён падабаецца. Пры тым, што я не магу жыць у Бэрліне. Але там прыемна тусавацца: там кожны дзень шмат канцэртаў і вечарынаў, у цябе вялізны выбар, там ёсьць начное жыцьцё – і ёсьць пакой такі дзікі: спальныя раёны ў самым цэнтры,  дзе нічога не адбываецца.

І шмат даводзіцца тусавацца па гарадох?

Не, GARADzKIJA ня шмат вандруюць. Гэта ня самы папулярны беларускі гурт. У нас няма шанцаў на вялікую раскрутку. На жаль. Нашыя людзі вельмі любяць, каб было проста: Піт Паўлаў – гэта NRM. І яны не зьбіраюцца мяняць гэтае меркаваньне. Пакуль ёсьць NRM – гэта самае простае, самае лепшае і навошта нам яшчэ штосьці ад Піта Паўлава? Лічыцца, што гэта ягоныя, Піта Паўлава, нейкія забабоны. Хаця тыя, хто проста спрычыніўся да гэтага, паслухаў тэксты (не адзін раз), паглядзеў кліпчык, схадзіў на канцэрт, патусаваўся на старонцы, яны становяцца аматарамі хутчэй GARADzKICH, і ўспрымаюць той самы NRM праз прызму GARADzKICH. Але задачай не было падоўжаньне NRM – гэта маё бачаньне сучаснай рок-музыкі.

ПРА ДЗЯЎЧАТ І “БРУТАЛЬНЫХ ДЗЯВІЦ”

А ў якім стане даўгачаканы кліп на песьню “Каўбасіць ды плюшчыць”? Час ад часу зьяўляюцца навіны кшталту “Піт Паўлаў сабраў прыгажунь”…

Ну вось зараз ён у найлепшым стане: зь пяці здымачных дзён адбылося тры. Тобок, можна нават не даздымаць. Але ў мяне ў галаве больш амбітны праект. Па песьні галоўны герой устае і “давярае свой лёс незнаёмым кватэрам”… І гэты герой трапляе на нечаканыя зусім вечарыны, дзе ёсьць шмат дзевачак, атмасфэра страшна эратызаваная, наэлектрызаваная падвышанай сэксуальнасьцю, але галоўнаму герою там няма мейсца, ён там выпадковы. І ён праходзіць, як нож праз масла. І ніводная з тых прыгажунь зь ім не застаецца. Але напрыканцы ён прачынаецца ня з той дзяўчынай, якая была напачатку відэа, а зь іншай, і ўсё замыкаецца. Бываюць такія дні… Пра гэта кліп.

А калі Вы яго здымалі, быў асабісты інтарэс? Столькі прыгажунь удзельнічала…

Дзяўчын хапае і па жыцьці, Вы ж самі бачылі на канцэртах :)

Вас гэта не стамляе? 

Як дзяўчыны могуць стаміць? Проста ёсьць выпадкі падвышанай фамільярнасьці. Калі хтосьці лічыць, што ён цябе ведае і ставіцца, як да роднага брата. Ну я, напрыклад, з павагай стаўлюся да роднага брата, а ёсьць людзі, якія свайго роднага брата пачынаюць пляскаць, “Карэфан, прывет! Пайшлі там вып’ем”… Гэта, канешне, страшна стамляе.

 

А дзяўчыны якраз, за рэдкім выключэньнем, вельмі так тактоўна проста хочуць сфатаграфавацца, некаторыя хочуць як бы больш глыбокіх стасункаў, некаторыя хочуць “бальшой і сьветлай любві”... І калі ласка! Я яшчэ нікому ніколі не адмаўляў :) Але ёсьць, канешне, і брутальныя дзявіцы – нажрэцца і вісьне на шыі… А для мяне стасункі зь дзяўчынамі – гэта заўсёды нешта прыгожае, узьнёслае, у любым выпадку, нават калі гэта нешта кароткае і выпадковае. Толькі не брутальнае і ня бруднае. На мой погляд, гэта зразумела пры поглядзе на мяне – што вось гэтай чушы не дачакаецеся :).

ПРАБАЧЦЕ ТЫЯ, ХТО ТРАПЛЯЕ ПАД РУКУ НА МАIМ ШЛЯХУ…

Ёсьць агульнае меркаваньне, што Вы чалавек даволі брутальны, прынцыповы і цяжкі ў камунікацыях. Вам гэта перашкаджае па жыцьці, ці гэта спэцыфічны фільтар?

Мне гэта вельмі цяжка камэнтаваць. Я сутыкаюся ўсё жыцьцё зь меркаваньнем, што я цяжкі ў камунікацыі… да першай камунікацыі :) Вось хто са мной камунікуе першы раз – ён заўсёды зьдзіўлены: “А мне ж казалі, што з Вамі зусім немагчыма размаўляць!

Я дапускаю да сябе адразу людзей – калі ласка,  галоўнае не аблажацца… А аблажацца можна вельмі проста: калі, напрыклад, узяць у мяне інтэрвью, перавраць нешта там, як шмат хто любіць, або пачаць пісаць нейкую неадпаведную бздуру.

Намёк зразуметы :) Дамо інтэрвью прачытаць перад тым, як выкладаць…

Тое, што я чалавек прынцыповы, я і сам пачынаю заўважаць: да некаторых рэчаў я занадта сур’ёзна стаўлюся. Але праз гэта я амаль ня ўдзельнічаў у нецікавых музычных праектах. Да мяне не зьвяртаюцца розныя казлы па сола…

І гэтая мая прынцыповасьць распаўсюджваецца і найдалей: чытаючы мае інтэрвью людзі ўсё ж такі бачаць меркаваньні, а не абыходы пытаньняў. Калі б у нас быў сапраўдны шоу-бізнэс, гэта б мне, напэўна, перашкаджала. У Амэрыцы, напрыклад, крытычныя выказваньні зорак адна пра адну – гэта дурны тон. Філіп Кіркораў усё ж такі мой калега і нельга яго крытыкаваць. Усё ж песенькі сьпявае. Ёсьць людзі горшыя за яго, якія робяць брудныя справы…

Ці ёсьць такая чалавечая якасьць, за якую б Вы маглі дараваць усе недахопы?

Я дарую недахопы літаральна некалькім асобам, якія звыш таленавітыя, якія ствараюць тое, на што астатнія ня здольныя. Такіх асобаў на абшарах маёй краіны адзінкі. Я іх шматразова называў – гэта Лёнік Тарасэвіч, Вова Цэсьлер, Адам Глёбус, Міхал Анемпадыстаў. І побач са мной ходзіць яшчэ такі чалавек – Лявон Вольскі. Часамі я вымушаны сам сабе нагадваць, што гэта – ня проста чалавечая істота, якая мне не падабаецца ў гэтую сэкунду, а адзін з самых галоўных людзей у маім жыцьці.

А наадварот? Што б такого мог зрабіць Лявон…

Лявон – нічога! Калі б ён жорстка здрадзіў нашай “справе”, я б яго апраўдаў і знайшоў бы маральне абгрунтаваньне, і дараваў бы на сто адсоткаў за тое, што было зроблена за ўсё ягонае папярэдняе жыцьцё. Не, ну калі б ён пачаў забіваць дзяцей маленькіх, я б, канешне, сказаў, што ён зьехаў з глузду і варта б было яго забіць… Той жа Адам Глёбус рэгулярна робіць рэчы, недаравальныя для звычайных людзей, але я лёгка яму дарую і заўсёды яго абараняю ва ўсіх гаворках : “а вось Глёбус…”. Ён для мяне перад усім пісьменьнік, паэта…

А Вы самі да сябе як ставіцеся?

Я да сябе стаўлюся вельмі крытычна, мне з сабой вельмі цяжка. Але ў той жа час лічу – тое, што я зрабіў, недаацэнена, недапаказана. На мой погляд, посьпех усіх праектаў, у якіх я задзейнічаны, у многім зьвязаны са мной, а посьпех гэты звычайна зьвязваюць з асобамі, якія сьпяваюць…

Нават калі мой удзел нязначны – я як талісман. “Я нарадзіўся тут” – у вакалістаў па некалькі песьняў. А ў 20 гучыць мая гітара. Але пра гэта ніхто ня кажа, ня піша і ня ведае. І я, канешне, лічу сябе ў нашым року недаацэненым. Але гэта ня значыць, што я не крытычны да сябе. Я страшна павольна раблю нейкія рэчы, я страшна вылізваю ўжо гатовыя аранжацыі і здавалася б гатовыя песьні. Я вельмі няўпэўнены ў тым, што я раблю сольна, але дацэняю вельмі высока.

 

Шмат хто лічыць, што я такі хвасьлівы і выпячваю некаторые рэчы. Але на мой погляд, я проста спрабую зьвярнуць увагу на тое, што я зрабіў. Я спрабую выказваць камплімэнты сваім калегам, але я і крытыкую неміласэрна. Магчыма, гэта ўспрымаецца як брутальнасьць. Яшчэ больш неміласэрна я крытыкую сваіх калегаў па шоу-бізнэсе. Мне часта кажуць, што я ня ўмею размаўляць зь людзьмі. А я проста спрабую скараціць час – лепей напачатку задаць непрыемныя пытаньні. Усе сто. Затое пры фінальным разьліку пытаньняў ня ўзьнікне.

Я лічу, што канкрэтнасьць – гэта станоўчая рыса. Асабіста ў беларускім шоў-бізнэсе не хапае канкрэтыкі. Таму што гэтым займаюцца аматары, а мы – прафэсіяналы – незапатрабаваныя.

Міхал Анемпадыстаў неяк заўважыў, што Вы – чалавек нардычны, і адзіны, хто не хвалюецца перад канцэртам. 

У мяне ўражаньне, што я ніколі не хвалююся перад канцэртам.

А ўвогуле, па жыцьці?

Ну, у мяне шмат было такіх момантаў, асабліва перад генэральнай дракай (у асноўным, з-за дзяўчын). У мяне адразу ўзьнікае пах адрэналіна ў носе, цяжэюць ногі… Хвалююся, канешне! Хвалююся перад жыцьцязначнымі размовамі. Ненавідзеў іспыты ўсячэскія, выпрабаваньні…

ЯБЛЫК АД ЯБЛЫНІ…

На канцэртах часта можна заўважыць стылёвага маладога чалавека, які ведае ўсе песьні на памяць і вельмі ганарыцца… сваім татам. Распавядзіце, калі ласка, пра Вашага сыночка. У Вас ёсьць пэўная мэтода выхаваньня?

Мэтода? Мэтода ёсьць! Адна з падставаў мэтоды маёй, што з нараджэньня да яго ставяцца сур’ёзна, і што яму дазволена ўсё, што дазволена звычайным людзям, калі ён паводзіць сябе разумна, як дарослы. У той момант, калі ён пачынае паводзіць сябе як дзіця, ён атрымоўвае забароны, такія ж дзіцячыя, тупыя.

Дзякуючы гэтай мэтодзе, ён досыць самастойны, можа сам сябе абслугоўваць, карыстаецца тэхнікай ужо ўсёй- усё, што ёсьць у хаце, яму дазволена да той мяжы, пакуль ён паводзіць сябе як дарослы.

Але ж  яму толькі дзесяць год!

Гэтая даросласьць не пазбавіла яго дзяцінства. Проста ён увесь час з намі. Мы бярэм яго ва ўсе падарожжы: ён не перашкаджае, мейсца не займае, пераносіць пакуты падарожжа так, як трэба. Ніколі ад яго не чуваць “я стаміўся”. Для Яна-Вінцэнта падарожжа – гэта нармалёвы стан…

А ўрокі зь ім робіце?

Я спрабую зь ім займацца ўсім, што ведаю сам. Але я за яго нічога не раблю – толькі натхняю. І тут бываюць непаразуменьні. Я патрабую ад яго ўвагі, уразуменьня, а ён усё ж такі чакае ад мяне збаўленьня. Але ведае, што яго ня будзе. І бывае, ён крыўдуе, амаль плача.

Доўгі час я зь ім займаўся музыкай, але нерэгулярна, таму вынікі ня вельмі станоўчыя. Зараз я аддаў яго ў музычную школу – на трамбон. Я хацеў яго аддаць на фано, але сказалі, што позна. Хацеў скандал учыніць -- і дайшоў бы да міністра адукацыі, але пагадзіўся зь лёсам. Трамбон - дык трамбон… Праз гады два Ян-Вінцэнт зможа езьдзіць зь Pete Paff на гастролі.

А Ян-Вінцэнт судзіць Вашую творчасьць? 

Безумоўна! У яго вельмі добры музычны густ. Ён зь дзяцінства слухае толькі абраную музыку. Адзінае, што ў ягоным узросьце людзі закаханыя ў цяжкую музыку. Пра ягонае меркаваньне наконт папсы можна нават не пытацца. І для мяне ў мае 13-14 год любая папса была кепскай. Гэта я зараз разумею, што ёсьць музыка якасная і няякасная. Я сам пляную зрабіць і папсовы праект, для мяне гэта цікавая задача – зрабіць удала.

Наколькі вядома, у творчым жыцьці Вашай жонкi апошнім часам таксама адбываліся надзвычайныя рэчы… 

Так, тры месяцы таму у самым цэнтры Варшавы адбылося ўрачыстае адкрыцьцё галерэі ZOYA. Гэта галерэя сучаснага ўсходнеэўрапейскага мастацтва, перад усім – беларускага. Такога ніколі не было: каб мы мелі сваё мейсца і маглі штосьці данесьці да Эўропы. Гэта, на мой погляд, самае вялікае здарэньне ў артыстычным жыцьці нашай краіны. Ужо зараз там вісіць другая выстава. А пачалося ўсё з выставы Зоі Луцэвіч, аўтара гэтага праекта. www.zoya.art.pl – там можна ўсё ўбачыць: пра музыку цяжка размаўляць, тое самае, і пра мастацтва цяжка казаць словамі…

Цяжка не пагадзіцца з апошнім выказваньнем. Таму хопіць словаў! Слухайце альбомы, хадзіце на канцэрты, бо, як ужо зазначыў Піт, Pete Paff й GARADzKIJA скажуць значна болей за самае падрабязнае інтэрвію. Тым больш, што Піт нарэшце атрымаў дазвол правесьці прэзэнтацыю альбома Pete Paff у вялікай залі і абяцае сапраўднае шоў.

Фота - Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.