На Марсе ёсьць вада?

Адвечнае пытаньне пра жыцьцё на Марсе хвалюе ня толькі навукоўцаў. Амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA аб’явіла аб знаходжаньні на Марсе сьведчаньняў таго, што на ягонай паверхні ў апошнія пяць год цякла вада.

"Мы знашлі тое, чаго й не чакалі – гэта зьмены паверхні Марса ў паўднёвай частцы плянэты, якія маглі здарыцца пры ўзьдзеяньні на паверхню вадкасьці”, – адзначыў навуковец з Malin Space Science Systems Кэнэт Эджэт

Экспэрты NASA прыйшлі да сэнсацыйных высноваў пасьля вывучэньня здымкаў каналаў і руслаў унутранай паверхні аднаго з кратэраў, зробленых спадарожнікам Mars Global Surveyor. Непасрэдна вада на фота не адлюстраваная, аднак бачныя зьмены паверхні, якія, на думку навукоўцаў, маглі адбыцца толькі пры ўзьдзеяньні хуткіх плыняў вады.

Першыя здымкі былі зробленыя ў 1999 і 2001 гадах, потым навукоўцы зноўку сфатаграфавалі гэтыя ж месцы ў 2004 і 2005. Праз параўнаньне і была выяўленая розьніца.

Раней на Марсе былі зафіксаваныя сьведчаньні прысутнасьці вады ў мінулым, але ў замерзлым стане альбо ў выглядзе пару. Калі ж пацьвердзіць думку, што на Чырвонай плянэце ёсьць вада ў вадкім стане, гэта значна ўзмацняе гіпотэзу, што на Марсе ёсьць мікрабіялягічная флора. А значыць магчымае жыцьцё.

tarka 12:00, 08/12/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1155 seconds.