Вандроўка на Восеньскую Эльбу – 2006
- Ты ўжо купаўся? Не!? Тады ідзем зараз! – такімі прапановамі ад вядомага беларускага аўтаспыншчыка, дасьледніка падзямельляў ды проста файнага чалавека, вядомага пад нікам Алекс Дзігер, сустрэла мяне Беларуская Восеньская Эльба – 2006.
Вядома, што Эльба - вынаходніцтва расейскіх аўтаспыншчыкаў. У нашых усходніх суседзяў падобныя фэсты праходзяць зь сярэдзіны 90-х, тройчы ў год (вясною, увосень і зімою). Дарэчы, такія мерапрыемствы праводзяцца на тэрыторыі СНД даволі рэгулярна ды яднаюць вялікую колькасьць цікавых ды разнастайных людзей, неабыякавых да вандровак, аўтаспыну ды праблем экалёгіі (на апошніх сканцэнтравана такое мерапрыемства, як “Вясёлка”).
Першая ж Беларуская Эльба была праведзена ў траўні 2000 года першым беларускім клюбам аўтаспыншчыкаў Sky Division.
Спачатку Эльба адбывалася выключна пад Берасьцем, потым была перанесена пад Воршу, на скрыжаваньне трасаў М1 (Берасьце – Масква) ды М8 (Віцебск – Гомель), дзе і адбываецца дагэтуль тры разы ў год.
Рыхтуючыся да вандроўкі, я і мой кампаньён Ягор, даведаліся аб наступных рэчах: у межах Эльбы мусіў прайсьці Першы Традыцыйны Міжнародны Фэстываль Бомж-пакетаў (!). То бок прадуктаў хуткага прыгатаваньня, тыпу “Ролтан”. Пажаданым таксама зьяўлялася наяўнасьць згушчанкі ды добрага настрою.
А дзе траса?
Такое пытаньне ўзьнікла ў мяне, калі я выйшаў з дому, каб дабрацца да аўтобуснага прыпынку, сустрэцца зь Ягорам ды даехаць да скрыжаваньня дарог М1 ды М5. Ранішняя смуга закутала ўсё навакольле, нічога ня было бачна ўжо праз 50 мэтраў! Такое “няспыннае” надвор’е не давала падставы спадзявацца на незвычайна шчасьлівы аўтаспын. Так яно і атрымалася…
Калі праз чатыры гадзіны стаяньня на страсе каля нас спынілася першая машына, наша невялікая, але вельмі згуртаваная каманда ўжо не чакала добрага сыходу спыннай авантуры. Смуга даўна разышлася, палова цыгарэтнай пачкі выпаленая, а аўтамабілі з аўтамабілістамі ніяк не жадалі зьвяртаць на нас увагі. Усе гэтыя падзеі пацьвярджалі выведзеную яшчэ ў верасьні аксыёму: усходні накірунак нешчасьлівы. І чаму толькі ўсе цікавыя падзеі восені адбываюцца менавіта на ўсход ад Менску? (Папярэдняя – сьвяткаваньне угодкаў перамогі беларусаў у бітве пад Воршай 8 верасьня).
Але наш драйвэр (кіраўнік транспартнага сродку, які перавозіць аўтаспыншчыка ;) усё ж такі знайшоў нас, а мы, адпаведна, яго.
Маршрут аўтамабіля, у які мы селі, быў даволі дзіўны. Спачатку была дамоўленасьць, што едзем да Барысава, потым высьветлілася, што да Талочына, а ў выніку давезьлі нас амаль да самой Воршы. Далейшы спын не ўяўляў цяжкасьці, і мы агулам праз шэсьць гадзінаў у дарозе ўсё ж такі дабраліся да запаветнай Эльба-паляны.
Хто купацца?
Нехта скажа, што бачыў шмат цікавага ў жыцьці. Нехта заўважыць, што яго ўвогуле не цікавяць усялякія прыгоды. Але дзеля такой рэчы, як Эльба, можна забыцца на ўсе свае забабоны ды кінуцца з галавою ў аўтаспын.
На прыдарожнай леса-паляне, якая знаходзілася недалёка ад рэчкі Аршанкі, разьмесьцілася галоўная мэта падарожжа – Эльбапаляна. Калі мы туды трапілі, яна ўжо была перапоўненая рознымі эльбаўцамі ды эльбіхамі :).
Месца разьмяшчэньня большасьці намётаў цяжка не заўважыць: гул ад бубнаў разносіўся далёка па лесе. Музычныя інструмэнты, кшталту флейты, бубнаў, гітары – адныя з галоўных атрыбутаў аўтаспыншчыкаў. Першае, што кідаецца ў вочы – разнастайнасьць вопраткі спыншчыкаў: сьветаадлюстроўвываючыя нашыўкі, рознакаляровыя курткі ды нагавіцы – усё гэта абавязковыя прыкметы любога прафэсійнага аўтаспыншчыка.
Адразу пры ўваходзе ў лягер сустракаем Міхаіла Балабанчыка – адзін з арганізатараў усяго дзейства, які паведамляе, што на фэстываль Бомж-пакетаў мы ўжо спазьніліся, але сёньняшні вечар абяцае быць цікавым, бо ён будзе выконваць нешта неардынарнае.Далейшая абавязковая справа: зарэгістравацца ў Дыгера. Інакш – купаньне ў халоднай Аршанцы! Але рэгістрацыйны сшытак часова згублены, таму немінучая кара адкладзена. Дарэчы, Дыгер – знакаміты заўзятар купаньня ў Аршанцы пры розных тэмпэратурах (пераважна блізкіх да адмоўных).
За час майго знаходжаньня на Эльбе, Дыгер меў некалькі купаньняў у рацэ, прычым заўсёды не адзін, часьцей зь дзяўчынамі :). Аднойчы пад час зімовай Эльбы “ўдзячныя” сябры перанесьлі яго намёт (зь ім унутры ;) – ён моцна спаў) да самай палонкі ў Аршанцы, разьмясьціўшы выхад такім чынам, каб жыхар намёту адразу пасьля выхаду зь яго апынуўся ў вадзе. Але Дыгер у апошні момант раскусіў падступны плян сяброў ды выратаваўся ад халоднага купаньня.
Мы ад купаньня не ўратаваліся…
Дзіўным чынам заморскія госьці з Масквы (для некаторых зь іх гэта была першая аўтаспынная вандроўка) разьмясьціліся недалёка ад рову, такім чынам, што іх вогнішча было добра заўважнае ўначы, а вось роў перад самы носам – не. Ахвяраю прагі пабачыцца з маскоўцамі двойчы стаў Ягор ды я. Але яно таго каштавала.
Хрыплыя казанцы ды надрыўны шансанье
Дух вольных вандраваньняў лунаў у гэты ўік-энд над эльбапалянай. Ідэя сустрэчы на прыродзе - у максымальна нефармальнай атмасфэры - многім усмакавалася. Сярод “усмакаваных” былі заўважаныя: мянчукі, віцябляне, случане, салігорцы, глыбокцы, гамельчукі, пецярбуржцы, маскоўцы, казанцы, прадстаўнікі Урала ды шматлікія жыхары розных маленькіх ды ня вельмі мясьцінаў.
Некаторыя тры дні таму бачылі Парыж, некаторыя прыехалі з Польшчы. Такім чынам, колькасьць афіцыйна зарэгістраваных удзельнікаў дасягнула 110 чалавек. У параўнаньні зь мінулай Эльбай – зусім нядрэнна.
Шмат цікавых людзей і расповедаў пачуў я за час знаходжаньня на фэстывалі: дзіўныя вандроўкі па Ірану і Турцыі, зьняволеньне ў вязьніцы недзе пад Масулам (Ірак), шлях Менск – Чыта. Ня менш цікавымі сталі зусім сьвежыя расповеды пра вандроўку да Воршы: некаму прыйшлося ўвесь час слухаць шансон, некаму – спрачацца на палітычныя тэмы ды выслухоўваць заўвагі, кшталту: “зьнішчаў я такіх як вы і буду зьнішчаць!”
Заўзятар Беларускай Эльбы Kvasir распавядае свае прыгоды:
- Мы з Касяй (напарніца Квасіра – рэд.) на шляху да Эльбы два разы адслухалі нейкі шансонавы альбом. Нас везьлі тры хлопцы. Падазроныя троху, змрочныя . Усю дарогу маўчалі і слухалі магнітолу, а там у асноўным: "этапы", "зона", "пацаны ЗК", "атэстат у крыві", "маць старушка", "сібір, урал, сопкі", "браткі умерлыя", "скорбь" (па тых братках) і "кладбішче" (з тымі браткамі), ну і клясычныя пытаньні ўслых фэнаменалагічна-экзістэнцыяльнага характару ('хрыплым надрывістым голасам'): "Заачэээ-э-эм.......тра-ля-ля!?", "Дык пачээ-э-ээмууу...?!!", "Як жэ жыыццць..?!". Ну і характэрныя для філязофскіх школ мадэрна тэмы наконт свабоды чалавека, чалавека ў сьвеце, праблем існаваньня чалавека і г.д. Часам, здаецца, закраналіся пытаньні, над якімі працаваў Хайдэггер…
А звыклыя ў жыцьці маладых беларусаў размовы на палітычныя тэмы на фэсьце былі амаль цалкам замененыя на абмеркаваньне спосабаў марынаваньня агуркоў ;), што выклікала агульную задаволенасьць як з боку арганізатараў, так і з боку ўдзельнікаў.
Бліжэй да вечара ўсе сабраліся каля галоўнага вогнішча для прагляду вогненнага шоў. Рэч, я вам скажу, запамінальная. Вялікім посьпехам таксама карысталася вогнішча казанцаў, якія разам з музычнымі інструмэнтамі ды спыннымі гісторыямі прывезьлі шмат песень на аўтаспынна-вандроўніцкую тэматыку, якія і выконвалі ўперамешку з жартамі некалькі хрыплымі галасамі.
Нядоўгая дарога дадому
Наступны ранак (была нядзеля – такім чынам ужо трэці дзень фэстывалю) прынёс цудоўнае надвор’е і разуменьне, што разьяжджацца зусім ня хочацца. Самымі распаўсюджанымі былі заявы аб тым, што чалавек жадае застацца тут яшчэ на тыдзень, а некаторыя казалі аб жаданьні чакаць наступнай Эльбы і нікуды ня ехаць.
Але неадкладныя справы ўзялі сваё. Ужо ў 12 гадзін, атрымаўшы традыцыйнае пажаданьне аўтаспыншчыка “шурпатай трасы вам”, мы зь Ягорам адныя з першых сталі на трасу. Сталі аднымі з першых, а зьехалі амаль што не апошнімі, як даволі нярэдка з намі здаралася раней. І з’ехалі толькі таму, што, прайшоўшы 8 км і ўбачыўшы дзесятак спыншчыкаў, задаволена махаючых нам рукамі з салонаў праяжджаючых машын, вырашылі займацца спынам асобна адзін ад аднаго.
Толькі я апынуўся ў поўнай адзіноце, як каля мяне спыніўся дальнабойшчык, які вельмі ласкава даставіў мяне да самога Уручча. І ня толькі мяне: дакладна ў машыне яго напарніка быў знойдзены яшчэ адзін аўтаспыншчык. Увогуле, у той дзень на трасе М1 стаяла такая вялікая колькасьць людзей, што шэраг выцягнутых рук з узьнятымі ўверх вялікімі пальцамі расьцягнуўся на некалькі соцень мэтраў. І як бы ласкавыя ня былі дальнабойшчыкі, як бы часта яны не прапаноўвалі праз рацыю сваім напарнікам браць спыншчыкаў, людзі дзіўным чынам усё зьяўляліся і зьяўляліся зь лесу, так што незаангажаваны выпадковы назіральнік мог падумаць пра нейкі масавы сыход лясных жыхароў (ці партызанаў :) у Менск.
На шчасьце дабраліся ўсе дадому даволі добра, што дае падставы марыць пра ўдзел у наступнай Беларускай Эльбе ў наступным годзе, з новымі прыгодамі, новымі знаёмымі, шчасьлівай дарогай.
Шурпатай трасы вам!