Галяндыя вачыма беларускай студэнткі

Ня маеце магчымасьці зьезьдзіць у Галяндыю? Нічога! Вы маеце ўнікальную магчымасьць паглядзець на сьвет Галяндыі вачыма беларускай студэнткі Касі Сарокінай, якая правядзе тры тыдні ў іншым баку Эўропы. Свае пажаданьні нашай вандроўніцы (ці просьбы ;) можна дасылаць ёй прыватным паведамленьнем.

І. Краіна - цуд.

Кася Сарокіна

Велізарныя ветракі. Сымпатычныя - нібы пернікавыя - домікі. Вакол іх - жывая агароджа і мора кветак. Безьліч каналаў. Старажытная ратуша. Побач - кафэшоп, дзе можна зусім легальна папаліць і зьесьці піражок з марыхуанавым начыньнем. Шэрагі модных буцікаў. Шчырыя ўсьмешкі зусім незнаёмых табе людзей…

Галяндыя

Гэта ня мроя. Гэта рэальны выгляд сучаснай Галяндыі. Ведаеце, як тут кажуць? “Бог стварыў зямлю, а галяндцы яе ўпрыгожылі”. Здаецца, тут, на невялікім кавалку Эўропы, памерам зь Менскую вобласьць, самая высокая шчыльнасьць прыгажосьці на адзін квадратны кілямэтар.

Пад час сэсіі мяне падтрымлівала і суцяшала адна думка: Хутка усё скончыцца і я ізноў паеду ў Галяндыю. Як казаў цар Саламон? Усё мінае. Мінула і сэсія - і я ў Галяндыі…

Кася ў Галяндыі

Горад, у якім я зараз знаходжуся, называецца Veendam - маленькі і дагледжаны.
Што я раблю? Удзень хаджу па крамах, наведваю музэі, плаваю ў басэйне, ежджу на экскурсіі ў Amsterdam , Assen ды іншыя месцы. Увечары і ў значную частку ночы - забаўляюся на дыскатэках, у барах ды більярд-клюбах. У астатні час - спрабую выспацца. Адным словам, адпачываю :).

ІІ. Мясцовыя норавы

Галяндцы - на дзіва гасьцінныя і ветлівыя людзі. У крамах, на вуліцы, з экранаў тэлевізараў - табе ўсьміхаюцца. І ўсьмешкі іх зусім не падаюцца табе стандартнымі амэрыканскімі смайламі - яны шчырыя і поўныя задавальненьня жыцьцём. Спачатку для мяне, беларускі, было крыху дзікавата: на вуліцы са мной віталіся зусім незнаёмыя людзі. Ды яшчэ так міла - ня кожны знаёмы так здолее. Але праз колькі часу я ўжо звыклася і сама на розныя лады пачала сыпаць рознымі “hallo!”, “dag!” i “goedemorgen”.

Гарадзкія краявіды

А яшчэ галяндцы - вельмі простыя. Аднойчы ўвечары мы пайшлі ў мясцовы бар “De Toeter” пагуляць у більярд. Там было няшмат дзяўчат, таму амаль усё мужчынскае начыньне раптоўна ўстрапянулася і пачало зацікаўлена паглядаць у наш бок. Але - цывільныя ж людзі! - ніводзін не пасунуўся з традыцыйным для нашых шыротаў: “Дзевачкі, а ці ня скласьці вам кампанію?”

Сёстры

Затое падышла сымпатычная афраамэрыканка прыкладна майго ўзросту зь нечаканымі пытаньнямі. Найперш яна высьветліла, на якой мове да нас зьвяртацца, адкуль мы, як клічуць і як у нас справы… Пасьля, таямніча ўсьміхаючыся, кіўнула ў бок трох сымпатычных хлопцаў, што сядзелі недалёка, і запыталася, ці падабаюцца яны нам. Мы зь сястрой засьмяяліся, і хлопцы, асьмялеўшыя ад нашай рэакцыі, падышлі і павіталіся. Дзяўчына памахала рукою і зьнікла, а хлопцы засталіся з намі катаць шары. Мілыя, крыху смазьлівыя, дагледжаныя галяндзкія хлопчыкі. І ў більярд граць умеюць.

Добрыя людзі галяндцы. Толькі, на жаль, ня многія, калі кажаш, што ты зь Беларусі, разумеюць, пра што ідзе гаворка. З усяго “I’m from Wit-Rusland” яны чапляюцца за апошняе “Rusland” і патэтычна кажуць: “O! Rusland! Vodka!!”. Прыходзіцца тлумачыць… Цяпер кожны зь іх пры згадваньні пра Беларусь, скажа: “Wit-Rusland. Belarus. Skaryna. Miensk. Kasia…”

ІІІ. Крамы. Шапікі. Буцікі.

У кожным галяндзкім горадзе - безьліч крамаў. Розных-розных, пачынаючы ад дэмакратычных Brokker ды Hema, скончваючы мажорнымі Polo i Da.

Вопратка, абутак, касмэтыка, побытавая тэхніка, мабілкі, цацкі… У Беларусі зараз ня самыя горшыя спажывецкія часы, але да такой разнастайнасьці, на жаль, далёка.

Крамы, шапікі, буцікі

Доўгі час ня верыла, што за мяжой фірмовае адзеньне куды таньнейшае, чым у нас, але гэта праўда. Вырабы модных эўрапейскіх моладзевых марак кшталту Esprit, Vera Moda, M&S, Mexx можна набыць зусім не за такі недасягальны кошт, як у Менску. А калі яшче на вітрыне буціка красуюцца чарадзейныя словы Korting kassaKorting - па-галяндзку “зьніжка”. На 20, 50 і нават на 70%! Таму ня дзіва, што адзін з маіх любімых заняткаў тут - сноўдацца па крамах.

Ёсьць у Галяндыі такая фішка - крама старых рэчаў. Не зусім second hand - там гандлююць рознымі керамічнымі вырабамі, карцінамі, упрыгожваньнямі - проста музэй. А калі яшчэ дадаць, што ўсё там каштуе вельмі танна…

Ды ўвогуле, кошты, асабліва на харчовыя вырабы, амаль такія ж, як у Беларусі. Ёсьць над чым падумаць :).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2336 seconds.