«Вольнае паветра» пад дажджом

Як вы думаеце, што можа прымусiць людзей пакiнуць усе свае справы, заплянаваныя на ўiк-энд, паехаць за 120 км ад Менску i некалькi гадзiнаў запар таньчыць пад пралiўным дажджом?

Толькi добры настрой, вясёлая кампанiя ды клясная й якасная музыка. Адным словам – этна-фэст «Вольнае паветра».

Арганiзацыяй імпрэзы займалiся генэральны спонсар фэсту бровар «Сябар» i музыкант Пiт Паўлаў. Дарэчы гэта ня першая спроба гандлёвай маркi «Баброў» арганiзаваць фэстываль такога маштабу. Усім вядомы «РОК за Баброў» ужо два гады пасьпяхова праводзіцца у Бабруйску. Гэтым жа разам аматары беларускай музыкi сабралiся ўвечары 15 лiпеня на беразе ракi Бобр, што ля Крупак. 

«Адзiнае, за што мы хвалявалiся, - гэта фармат фэсту. Як успрымуць людзi такую музыку? Цi пойдзе народ на фольк?» - распавёў studenty.by Сяргей Левiн, прадстаўнiк галоўнага спонсара фэсту.

Але хвалявалiся яны дарма. Людзей сабралося шмат, што асаблiва ўражвае, ня гледзячы на надвор’е – амаль увесь час лiў дождж. Ён не перашкодзiў дабрацца да Крупак i музыкам. 

Ад ночы з 15-га на 16-е ліпеня засталося два вялікіх успаміны: фэст, які атрымаўся проста цудоўны і другі успамін – той самы лівень. На адкрыцьцё пад дробненькі дождж сьцягваліся мясцовыя жыхары і госьці з розных куткоў Беларусі. Аптымісты раскладвалі намёты. Дасьведчаныя асобы распакоўвалі свае дажджавікі і гумавыя боты, і не дарма... Народ хаваўся, дзе мог каля сцэны, але не сыходзіў – усіх прыцягвала спакуса паслухаць добрую музыку. Вядомыя беларускія музыкі заводзілі і падтрымоўвалі вымакшых ўшчэнт гледачоў са сцэны. Але дажджышча прынёс шмат нязручнасьцей і музыкам.

Вядучым фэсту быў вядомы беларускі бард Віктар Шалкевіч. Некалькт разоў на сцэну падымаліся Піт Паўлаў і Сяргей Левін, дарэчы яны ўраджэнцы Крупак. Сюрпрызам быў і незаплянаваны выступ Віктара Шалкевіча напрыканцы імпрэзы.

Напачатку фэсту выступiла GUDA. Пасьля на iмпразаваную сцэну выйшаў Зьмiцер Вайцюшкевiч са сваiм WZ-Orkiestra. Зьмiцер – чалавек дасьведчаны ў этна-музыцы: да пачатку сваёй сольнай кар’еры ён працаваў у «Палацы» i KRIWI. Выступ WZ-Orkiestra падаўся самым «iнтэрнацыянальным» - Зьмiцер сьпяваў i на беларускай, i на польскай i на – бадай, аднаму толькi яму зразумелай – лэмкоўскай мове. Скончыць свой выступ Вайцюшкевiч зьбiраўся традыцыйным «Бывайце здаровы, жывiце багата!», але вядучы фэсту Вiктар Шалкевiч (вось гэта быў падарунак усiм прысутным кабетам!) папрасiў прасьпяваць яшчэ i «Я нарадзiўся тут», што Зьмiцер з задавальненьнем i зрабiў. 

Далей адзiн за адным сьпявалi «Аляксандра i Канстанцiн», «Яр», PetePaff i «Троiца». Усе выступы былi адметнымi i цiкавымi. Але, на жаль, iх прышлося скарацiць – апаратура намокла i мiкрафоны часам бiлiся токам, але i тое, што было пачутае, пакiнула безьлiч прыемных уражаньняў. Народ весела скакаў пад дажджом, i нават прысутныя мiлiцыянты з парасонамi ў рукох задаволена тупалi нагамi ў такт музыцы. Вядучы пажартаваў, што яны ўпершыню нам ня толькi не перашкаджаюць, але нават i дапамагаюць. 

Адной з галоўных адметнасьцяў фэсту можна лiчыць i вялiзную кашаварку, падобную да танка. Зьверху на ёй сядзеў вясёлы кашавар i раздаваў гарачы дэлiкатэс усiм жадаючым. А паколькі было халодна, жадаючых было шмат.

«Мы засталiся задаволеныя, - заўважыў спадар Левiн. – Мы плянуем i ў наступным годзе правесьцi такi ж фэстываль. Магчыма, на гэтым жа месцы, магчыма – на iншым. Ёсьць, увогуле, задума – кожны год фэст праводзiць у новым маленькiм горадзе». Па словах Сяргея наступным разам чакаецца выступленьне ня толькi лепшых беларускiх камандаў, але i замежнага гурта – зоркi сусьветнай велiчынi.

А тых шчасьлiўцаў, што вырашылi застацца да ранiшняй электрацыi, чакалi два прыемныя сурпрызы. Па-першае, да Крупак дабралася-такi «Крамбамбуля» i акустычна прасьпявала некалькi сваiх гiтоў. Па-другое, перастаў лiць дождж, а ранiцою нават зьявiлася сонца, прапануючы ўсiм жадаючым пакупацца. 

«Ра­нiцою на беразе ракi было надзвычай прыгожа, - узгадвае спадар Левiн. – У наступны раз мы абавязкова прапануем людзям узяць з сабой намёты».

Такiм чынам, фэстываль этнiчнай музыкi «Вольнае паветра» - нягледзячы нi на якiя бздуры надвор’я - можна лiчыць цалкам удалым, а нам застаецца толькi чакаць «Вольнае паветра-2007». 

Фота Ўлада Савельева­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0887 seconds.