Добры connect studenty.by: аповед пра вечарыну і фотарэпартаж (частка 1)

У неверагодна цёплай атмасфэры прайшла вечарына “Community Studenty.by – добры connect нават offline”. Фальварак “Добрыя мысьлі” ў звычайныя дні зьмяшчае каля 30 чалавек, але гэтым разам зьмясьціў больш 50-ці! Было цесна, але цёпла і весела. Мы сьвяткавалі 2 гады працы studenty.by, першую 1000 зарэгістраваных карыстальнікаў, слухалі выступы цікавых музыкаў, удзельнічалі ў аўкцыёне, знаёміліся і адпачывалі.

Адкрыцьцё вечарыны распачалося выступам маладога, але ўжо культавага гурта “НАГУАЛЬ”. Усе выступоўцы на вечарыне былі так ці інакш зьвязаныя з studenty.by. Так, перад выступам “Нагуаль” вядучая вечарыны Ada заінтрыгавала прысутных тым, што ў часе імпрэзы будзе спрэзэнтаваны сюрпрыз, у якім непасрэдна задзейнічаная творчасьць гурта.

І ў самы разгар вечарыны на вялікім экране ўсе пабачылі flash-мульт, распрацаваны Community Studenty.by. Гэта першы мультфільм з сэрыі студэнцкіх мультоў на побытавыя сюжэты з галоўным героем – студэнтам Васільком. Першая сэрыя называецца “Ратуйце нашы душы!”. Бязсонную ноч перад прэзэнтацыяй мульфільма правялі Tarka (анімацыя), @ptymist (гук), Rahis (гук). У роліку выкарыстоўваецца музыка маладых беларускіх гуртоў: НАГУАЛЬ, ПЕРАХАДНІК, ZEITNOT. Бліжэйшым часам мульт будзе выкладзены на studenty.by, сачыце за навінамі.

Выступ гурта Нагуаль  

Выступ гурта Нагуаль

Прагучалі на вечарыне і выступы каардынатаў studenty.by Волі Кузьміч і Юркі Сідуна

Воля натхнёная цеплынёй сустрэчы распавяла пра канцэпцыю studenty.by і пра структуру сайта. Нагадала пра наш талісман вожык і патлумачыла падабенства паміж гэтай істотай і студэнтам.

Юрка прыемна ўразіў прысутных сваім зьяўленьнем на сцэне, бо зазвычай праводзіць час за маніторам. На прыкладзе эвалюцыі лягатыпу сайту Юрка распавёў крыху пра гісторыю рэсурса, а таксама спрэзэнтаваў дызайны, якія ніколі не зьяўляліся online. А напрыканцы ўсе прысутныя змаглі ўбачыць абсалютна новы, яркі дызайн сайту, які зьявіцца online бліжэйшымі днямі. 

удзельнікі вечарыны

удзельнікі вечарыны

Музычнае напаўненьне вечарыны забясьпечылі Яўген Валошын, а таксама чаканы для многіх Зьміцер Язьвінскі (Rahis). Зьміцер выступаў акустычна, бо іншыя 3 ўдзельнікі гурта ў гэты час былі па-за зонай дасягальнасьці. Для многіх прысутных некалькі песень гучалі як новыя, але да таго ж Зьміцер спрэзэнтаваў абсялютна новую песьню і патлумачыў, што гэтая песьня пра Амстэрдам. А менавіта ў Амстэрдам будзе наступная вандроўка аўтастопам самых сьмелых сябраў Community Studenty.by.

Яўген Валошын і Зьміцер Язьвінскі

Яўген Валошын сярод іншых сваіх песень прасьпяваў сьпеў на словы Глеба Лабадзенкі, які якраз прысутнічаў у залі. У дадатак Глеб зачытаў некалькі сваіх pager-вершаў.  

Цьвіком праграмы стаў аўкцыён. Быў прапанаваны адзін лот – арыгінал малюнка (вожыкі на дэманстрацыі) Tarki. Гэты малюнак быў выкладзены на сайце ў дзень ягонага афіцыйнага запуска ў інтэрнэт – 17 лістапада 2003 года, у Дзень студэнта. Першы кошт быў прапанаваны mix’ом – 5 000. Пасьля такой сумы, здавалася, што лот сыйдзе адразу ж і аўкцыён завершыцца. Але! Да змаганьня за “адзіны і ўнікальны” малюнак далучыліся яшчэ некалькі чалавек. У выніку гарачага гандлю лот сыйшоў за... 50 000 бел. рублёў Аляксею Янукевічу!

Ada прадае вожыкаў

Усю вечарыну гучала тэма аўторкавых сустрэчаў наведвальнікаў studenty.by. А напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы ўбачылі відэа-ролікі аб тым, што значаць для розных людзей аўторкавыя сустрэчы studenty.by. Усе людзі, якія зьняліся ў роліку прысутнічалі ў гэты час у залі. Апроч аднаго! Зьяўленьне на экране аднаго зь лідэраў гурта RAHIS Дзёні Філіпенка стала прыемным сюрпрызам. Дзёня, у вайсковай форме (яму засталося 4,5 месяцы ў войску), на фоне вайсковага аўто з надпісам “Мы победили!” распавядае пра тое, што ён чуў пра аўторкавыя сустрэчы і як ён хоча далучыцца да іх. “І самае галоўнае: Community Studenty.by – добры connect нават offline!” – прагучала з вуснаў беларускага жаўнера.

удзельнікі вечарыны

удзельнікі вечарыны­

Завершылася вечарына невялікай прэзэнтацыяй сябраў каманды сайту, калі ўдзельнікі імпрэзы праз расповеды пра пэўнага сябра каманды, адгадвалі, пра каго ідзе гаворка. 

Напрыканцы усе разам са Зьмітром Язьвінскім з гурта Rahis засьпявалі “Горад N”.

А потым яшчэ доўга мы стаялі перад выхадам з клюбу – абдымаліся і разьвітваліся (да наступнай сустрэчы). Калі клюб зачыніўся – самыя адданыя стаялі каля яго і працягвалі камнікаваць ужо на вуліцы. А потым працяг вечарыны быў ужо online. А потым... на сайце вы прачыталі гэтую справаздачку ;).

ПісАлі ўсе пакрыху :) 

13:18, 17/02/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.