Прыгоды беларускіх студэнтаў у Паўднёвай Карэі


Карэйскі калектывізм і сацыяльная іерархія. Жыццё і вучоба беларускіх студэнтаў, што наважыліся навучацца ў краіне па суседству з Кім Чэн Ынам, да пагрозаў якога ўжо паспелі прызвычаіцца. Generation.by гутарыў з трыма беларусамі пра культурныя дзівацтвы, своеасаблівасці ежы ды карэйскую папсу.

* * * 


«Я не збіраюся кідаць усё і ехаць дадому кожны раз, калі КНДР пагражае знішчыць нас»

Антон
г.Чхонджу, г.Сеул

У першы раз патрапіў у Карэю, у Сеул, яшчэ ў 2008 годзе пасля першага курса ўніверсітэта, па летняй праграме. Потым на чацвёртым курсе па праграме абмену вучыўся год у горадзе Чхонджу (геаграфічны цэнтр Паўднёвай Карэі). Пасля вярнуўся ў Менск, падчас навучэння на пятым курсе экстэрнам здаў усе экзамены і залікі за чацвёрты курс і адразу падаў дакументы на магістратуру ў Карэі. Прайшоў адбор у карэйскай амбасадзе і атрымаў грант карэйскага ўрада. Праз месяц пасля таго, як атрымаў дыплом БДУ, ужо быў зноў у Карэі, зараз па гэтаму гранту навучаюся тут на магістра. Усе выдаткі пакрывае карэйскі ўрад, нам выдаецца стыпендыя кожны месяц на ўсе выдаткі, з якой мы самі аплачваем жыллё, ежу, транспарт і г.д.

У першы раз быў сапраўдны культурны шок, вельмі розныя культуры ў нас, ды і мне было 18 год, упершыню быў працяглы час так далёка ад дома зусім адзін. Доўгі час прызвычайваўся і да карэйскага этыкету, і да ежы, і да клімату, не мог звыкнуцца з іх менталітэтам. Але паступова звыкся з усім, акрамя клімату. У Карэі, як і ў Беларусі, 4 пары года, зімой ёсць снег і невялікі мароз, а вось лета для мяне самы цяжкі час. Летам у Карэі ёсць перыяд мусонных дажджоў, амаль заўсёды вельмі высокая тэмпература і вільготнасць паветра. Менавіта з-за вільготнасці адчуваеш сябе так, быццам у лазні знаходзішся. А дадаць да гэтага карэйскі ландшафт (70% тэрыторыі — горы), і жыццё становіцца штодзённым выпрабаваннем, асабліва на поўдні краіны, дзе я цяпер. Не вельмі прыемна ў 8 гадзін раніцы ісці на заняткі, уздымацца ў гару пры тэмпературы паветра 30 градусаў і вільготнасці 80%, а днём вяртацца ў такіх жа ўмовах, але яшчэ з мусонным дажджом.

Жыццё сапраўды дарагое. Гэта звязана з тым, што Паўднёвая Карэя, пры насельніцтве ў 50 млн чалавек, у два разы меншая за Беларусь, пры гэтым большая частка тэрыторыі краіны — горы. Адсюль і вялікі кошт на жыллё, асабліва дамы. Некаторыя людзі проста здымаюць жыллё, і не збіраюцца набываць сваё ўласнае, таму што не жадаюць трапляць у кабалу ад банкаў. Каб здымаць невялікую аднапакаёвую кватэру ў Сеуле далёка ад цэнтра, трэба плаціць кожны месяц прыкладна 500 долараў, але акрамя гэтага даць 3000-4000 долараў уладальніку, якія ён аддасць, калі будзеш з’язджаць.

Як і любая іншая ўсходняя мова, карэйская спачатку падаецца вельмі складанай. Насамрэч, у карэйскай мове няма іерогліфаў, як у кітайскай ці японскай. Але для нас спачатку вельмі складана далося карэйскае вымаўленне і граматыка. Асаблівасць карэйскай культуры — жорсткая сацыяльная іерархія, асабліва што тычыцца ўзросту. Гэта адлюстравана ў мове, у карэйскай некалькі спосабаў выражэння «ты» і «Вы», у залежнасці ад узросту і сацыяльнага статуса суразмоўцы, ты ужываеш розныя канчаткі словаў і нават змяняеш самі словы. Самай незвычайнай для мяне спачатку была сістэма зваротаў у карэйскай мове. Калі хтосьці старэйшы за мяне на некалькі гадоў, я павінен не толькі размаўляць з ім на «Вы», але і называць яго не па імені, а словам «хён», што перакладаецца як «старэйшы брат». Тое самае з дзяўчынамі, іх трэба называць «нуна», што перакладецца як «старэйшая сястра». Але самае смешнае, што дзяўчына называе хлопца, з якім сустракаецца (калі ён старэйшы за яе), «оппа», што перакладаецца як «старэйшы брат» (для дзяўчын). Як дзяўчына можа называць свайго хлопца, з якім хутка збіраецца ажаніцца, «старэйшы брат»?! Які ён «брат»?

Карэйская моладзь вельмі адрозніваецца ад беларускай. Яна, як і ўсё карэйскае грамадства, больш арыентавана на калектывізм. У нас ёсць такія паняцці, як «мода» ці «трэнд», але беларусам нават цяжка ўявіць, наколькі гэта яскрава адчуваецца ў Карэі. Калі, скажам, 60% беларускай моладзі слухае поп-музыку, а астатнія 40% — рок, тэхна ці нешта яшчэ, то ў Карэі 90% слухаюць карэйскую папсу, так званы K-Pop. Калі ў беларускай моладзі ёсць пэўныя «трэнды» у адзенні, то карэйская аддае перавагу канкрэтным брэндам. Зімой, напрыклад, калі ідзеш па вуліцы, можна заўважыць, што сотні людзей будуць у куртках “North Face”, “Columbia” ці яшчэ нейкіх 3-5 знакамітых брэндаў, і толькі адсоткаў 30-40 — у адзенні ад нейкіх менш папулярных вытворцаў. Гэта асабліва адчуваецца ў маленькіх гарадах, не такіх як Сеул, але для Карэі ўвогуле характэрны калектывізм і агульнае перайманне, асабліва для моладзі. 

Людзі ў Паўднёвай Карэі ўжо даўно звыкліся з пагрозамі з боку КНДР. Яны проста больш не рэагуюць на іх, таму што жывуць у такіх абставінах 60 год. Калі ў навінах па ўсім свеце агульная гістэрыя і звесткі аб непазбежнасці вайны, у Паўднёвай Карэі людзі сядзяць у кавярнях, гуляюць у цэнтры горада, ідуць у бары ці клубы. Гэты спакой і ўпэўненасць перадаецца і нам, іншаземцам у Карэі. Я быў у Карэі ў 2010 годзе, калі КНДР абстраляла паўднёвакарэйскі востраў Ёнпхён. Нават у той час, калі адбыўся сапраўдны канфлікт з ужываннем артылерыі, карэйцы, і я разам з імі, былі ўпэўненыя, што сапраўднай вайны не будзе, і яе не было, дзякуй Богу. Тэма майго дыплома ў БДУ была звязана з уз'яднаннем Поўдня і Захаду, мне вельмі цікавая гэта тэма. Магу сказаць, што ў гэтым 2013 годзе сітуацыя сапраўды была горшая за ўсе гады пасля Карэйскай вайны. Але імавернасць вайны была і застаецца вельмі нізкай. КНДР ведае, што ім у гэтай вайне не перамагчы, распачаць яе — будзе для іх самагубствам. Ведаючы гэта, я спакойны і не збіраюся кідаць усё, адмаўляцца ад сваёй магістэрскай праграмы і ехаць дадому кожны раз, калі КНДР пагражае знішчыць нас. Яна і далей будзе пагражаць, таму што гэта іх адзіны шанец і спосаб звярнуць на сябе ўвагу і патрабаваць фінансавую ці гуманітарную дапамогу з-за мяжы.

 «Гэта быў як кадр з фільма пра амерыканскіх студэнтаў»

Воля
г.Чхонджу 

Лічу, што патрапіць у Карэю, быў мой лёс. Хіба не дзіўна, што пры паступленні я абрала кітайскую мову, але апынуўшыся ў карэйскай групе (напэўна там быў недабор), я падчас стажыроўкі сустрэла свайго будучага мужа? Пра праграму абмену паміж Універсітэтам г. Чхонджу CBNU я даведалася самай першай. Я пабачыла ў сценгазеце артыкул пра гэтую праграму і адразу пайшла на кафедру. Збіраць дакументы было не цяжка, нават займальна, бо я ўжо прадчувала, як прабаўлю год з карэйскімі студэнтамі. 

Прыляцелі мы ў пачатку верасня, калі яшчэ было спякотна і першае, што кінулася мне ў вочы, гэта горы, якія былі паўсюль. Мы жылі ў інтэрнаце кампуса, усё было ў адным месцы: вучэбныя карпусы, бібліятэкі, будынкі гурткоў (я хадзіла на брэйкданс і на тэйквандо), паркі, рэстарацыі, крамы, кавярні. Для мяне гэта быў як кадр з фільма пра амерыканскіх студэнтаў, якія ў перапынках паміж заняткамі сядзяць на газончыках, чытаюць альбо чмурэюць з сябрамі. Для параўнання хачу сказаць, што ў Менску ў 2006 такога не было. Студэнты, асабліва не менчукі, жылі ў рэжыме выжывання, робячы штодзень доўгі шлях ад інтэрната да ўнівера ў метро, перакусваючы ў перапынках капэрцікамі з сырам і запіваючы гэта распушчальнай кавай. 

Карэйскія студэнты атачаюць цябе адразу, як бачаць дзе-небудзь на вуліцы, хочуць пазнаёміцца і сфатаграфавацца, схадзіць у кавярню і пачаставаць цябе (што вельмі прыемна і карысна :D), спытаць, а як у нас і г.д. Спачатку ў мяне не вельмі атрымлівалася з імі гутарыць, бо я вучыла карэйскую па падручніках і складана наогул зразумець, што яны кажуць, бо таксама ёсць слэнг. 

У карэйскім універсітэце я вывучала карэйскую мову і лінгвакраязнаўства. Выкладчыкі ставіліся да мяне спагадліва і разумелі, што палову таго, што яны казалі, я не разумела, бо ўсе лекцыі былі разам з карэйскімі студэнтамі. Даводзілася перакладаць падручнікі, каб паспяваць па праграме. 

У Карэі вельмі прыгожа, чыста (часта прыбіраюць), усе ўсміхаюцца, выдатнае абслугоўванне і дапамога паўсюль, развітая інфраструктура адпачынку і забаў. Але мне часам падаецца, што неяк усё аднолькава, усё зроблена па адным прынцыпе, вельмі шмат людзей і даводзіцца бязлюдныя пляжы шукаць.

Увечары бавілі час з іншымі замежнымі студэнтамі, хадзілі ў бары і кавярні. У адным з клубаў я пазнаёмілася са сваім мужам. Ён мяне бачыў там некалькі разоў , таму падумаў, што я там працую. З ім было спакойна і вельмі цікава, быццам бы ён і не карэец, а чалавек, якога ведаеш усё жыццё. Складана было прызвычаіцца да характараў бацькоў мужа. У іх у гэтым плане ўсё строга: іерархія і павага. У самым пачатку яны нават адмовіліся са мной знаёміцца, і мы ажаніліся таемна ў Беларусі. Я тады моцна перажывала і крыўдзілася на іх, не магла разумець. Цяпер я думаю, што гэта традыцыйнасць іх мыслення. Яны перажывалі, што я чалавек з іншага свету, што мне будзе тут дрэнна і ў выніку я збягу дадому. Але мы даказалі адваротнае. І яны потым змірыліся і не злаваліся.

Самае вялікае адрозненне карэйцаў, гэта тое, што яны не так выказваюць пачуцці, быццам саромеюцца, але ж унутры ўсё так жа. Яшчэ было складана прызвычаіцца, што трэба рабіць і размаўляць так, як прынята, а не так, як у нас: што думаю, то і кажу :)

Мы з мужам жывем у Карэі ўжо 4 гады, у нас дачка Юна, ёй 2,5. Выхоўваем яе больш у беларускім стылі, прывучаем да самастойнасці, хрысцілі, ходзім у праваслаўную царкву. І ў той жа час гадуем і ў карэйскіх традыцыях: выхоўваем павагу да старэйшых, манеры паводзін і г.д. 

«Пачалі мацаць мае рукі і казаць: "Ой, валасы, глядзі"»  

Насця
г.Сеул, г.Чхонджу

Упершыню я паехала пасля двух семестраў на летнія курсы карэйскай мовы ў Сеул, карэйскі урад аплачваў навучанне, жыллё і харчаванне. Мы вучыліся і жылі ў прыгарадзе Сеула. Першую палову дня навучаліся, а на выходных нас вазілі ў розныя месцы Карэі. Самыя яскравыя ўражанні засталіся менавіта пасля першай паездкі, бо нас вадзілі, усё паказвалі. Неяк завезлі ў нацыянальную вёску. Там захаваліся ўсе старажытныя абрады, гульні. Напрыклад, у старажытнасці карэйцы забаўляліся тым, што кідалі з пэўнай адлегласці драўляную палку ў гаршчок. 

Карэйцы вельмі ганарацца сваёй гісторыяй. Пэўны час яны залежалі ад Японіі, раней ад Кітая. І калі пачынаеш вывучаць карэйскую мову і культуру, пачынаеш разумець, што шмат людзей увогуле не пазіцыянуе Карэю як самастойную краіну. А самі карэйцы вельмі любяць Японію. Японская з карэйскай у адной моўнай групе, і на слых японская вельмі падобная на карэйскую вымаўленнем і інтанацыяй. Але зусім іншае напісанне. 

Сеул з аднаго боку вельмі развіты: электронныя табло, метро, хмарачосы, а з іншага боку яны сучаснасць любяць спалучаць з традыцыйным стылем будавання. Ёсць такі вельмі прыгожы палац, выкананы ў традыцыйным стылі, называецца Кёнбоккун, у ім жылі імператары. 

У Карэі чамусьці вельмі шмат пратэстанцкіх цэркваў, гэта феномен такі, што ва ўсходняй краіне вельмі шмат хрысціян, незразумела чаму. Карэйцы вельмі мала ядуць мяса, таму яно і вельмі дарагое ў крамах. Затое рыбы вельмі шмат і розных морапрадуктаў. 

Да 15 стагоддзя карэйцы пісалі кітайскімі іерогліфамі, таму часта вельмі ў навуковай літаратуры можна сустрэць кітайскі іерогліф пасярод карэйскіх літар.  

Другі раз я паехала на семестр, абіралі з групы тых, хто мае лепшыя балы па карэйскай. Карэйскі ўрад плаціў за нашае навучанне, жыллё і харчаванне. Мы прыйшлі ва ўніверсітэт і абіралі прадметы. Я абрала акрамя карэйскай, карэйскую лінгвістыку, фоналогію, культуру і карэйскую літаратуру. Усё было па-карэйску, навучаліся разам з карэйцамі. Было вельмі складана. Мы сустрэлі двух карэянак, якія дагэтуль прыязджалі ў Беларусь вывучаць рускую мову, і яны дапамагалі вучыцца. У выніку іспыты мы здалі вельмі добра, там амерыканская сістэма адзнак, і ўсе адзнакі ў нас былі не ніжэй за B.

У карэйцаў не растуць валасы на руках, у мужчын няма ні барады ні вусоў. Я неяк ехала ў транспарце, трымалася за поручань і побач стаялі мужчына з жанчынай. Хоць і валасы на руках у мяне вельмі светлыя, яны заўважылі і пачалі мацаць мае рукі, казаць: «Ой, валасы, глядзі», фоткалі на тэлефон. 

Мы вучыліся не ў сталіцы, а ў горадзе Чхонджу, дзе замежнікаў вельмі мала. Ва ўніверсітэце мы з аднагрупніцай увогуле былі адзіныя белыя, замежнікі былі, але тое былі кітайцы, японцы, а белых не было.

Ежа — гэта было ў нас надзённае пытанне. У нас было аплочана харчаванне ў сталоўцы, але мы не маглі наўпрост там есці. Там стаяць такія вялізарныя чаны і ты з іх набіраеш. Там яшчэ няма талерак, толькі падносы, у якіх некалькі вялікіх паглыбленняў. Часам мы прыходзілі, але быў пах нейкіх тухлых шкарпэтак, таму звычайна ішлі ў супермаркет, набывалі нешта накшталт «ралтону» і елі. Альбо хадзілі ў карэйскія кавярні. Ёсць такія рэстарацыі, дзе пасярод кожнага стала агонь, а на ім патэльня. Табе прыносяць сырое мяса і ты сам яго смажыш як хочаш. Яшчэ вельмі смачныя закускі «панчан», яны бясплатныя, іх прыносяць, пакуль асноўная страва гатуецца. Рыс таксама бясплатны, у іх ён як хлеб. Чорнага хлеба, дарэчы, у Карэі няма, толькі белы. Порцыя карэйскай ежы каштавала 4-5 долараў, а вось еўрапейская ежа даволі дарагая. 

У Карэі таксама сістэма зніжак на транспарт: калі ты студэнт, то плаціш танней, калі школьнік, яшчэ танней. І калі мы набывалі праяздныя на семестр, у краме чамусьці падумалі, што мы школьніцы і выдалі наш школьныя. І ўвесь семестр мы ездзілі па школьным. Але аднойчы ў аўтобусе кіроўца пачаў казаць: «Хіба вы школьніцы? А ў вас школьныя праяздныя!» А мы стаім такія і робім выгляд, што нічога не разумеем. Ну нам засталося да канца семестра два тыдні, не будзем жа мы набываць новыя праяздныя. А ён казаў-казаў, потым звярнуўся да маладога карэйца, каб той сказаў нам па-англійску, але той засаромеўся. У выніку мы праехалі.

Яшчэ:

Беларускія студэнткі ў Кітаі
Беларускія студэнткі ў В’етнаме

Калі вам ёсць што распавесці пра навучанне і прыгоды ў экзатычных (і не вельмі) краінах – пішыце, нам цікава: team@generation.by


Наста Darteco 16:38, 09.07.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0469 seconds.