Стажыроўка студэнтаў за кошт дзяржавы: Беларусь на фоне сьвету

Міністэрства адукацыі Беларусі заявіла на днях, што некалькі дзесяткаў беларускіх студэнтаў могуць атрымаць магчымасьць павучыцца за мяжой. Праўда, ня болей за год і толькі ў выпадку выканьня шматлікіх умоваў, сярод якіх навучаньне на бясплатных дзённых аддзяленьнях, сярэдніх бал, вышэйшы за восем, і добрыя водгукі кіраўніцтва ВНУ. Пры гэтым вучыцца за мяжой на бюджэтныя сродкі будуць толькі каля 50 беларускіх студэнтаў. Мы параўналі магчымасьці беларусаў і студэнтаў зь некаторых іншых краін па атрыманьні фінансаваньня дзеля навучаньня за мяжой.

«Мы будзем накіроўваць на падрыхтоўку за мяжой самых пэрспэктыўных студэнтаў, асьпірантаў і г.д. Аднак яны абавязкова павінныя валодаць замежнай мовай на дастатковым узроўні для праходжаньня стажыроўкі і атрымліваць вышэйшую альбо пасьлявнушную адукацыю на дзённых аддзяленьнях за кошт бюджэту», — сказаў кіраўнік ўпраўленьня замежных сувязяў Мінадукацыі Ўладзімір Шапуроў, камэнтуючы для БелТА публікацыю новых правілаў гэтай самай стажыроўкі.

Ён таксама адзначыў, што стажыроўка будзе аплочвацца за кошт бюджэту і будзе праходзіць у розныя тэрміны — ад некалькіх месяцаў да году. Адбіраць прэтэндэнтаў у замежныя паездкі будуць спачатку навуковыя рады ВНУ, а потым — адмысловая камісія пад кіраўніцтвам намесьніка міністра адукацыі. Сярэдні бал прэтэндэнтаў павінен быць не ніжэйшы за восем. Паводле папярэдніх ацэнак, новай магчымасьцю штогод змогуць скарыстацца да 50 студэнтаў і асьпірантаў, піша naviny.by.

А як у сьвеце?


Колькі студэнтаў атрымліваюць фінансаваньне на навучаньне за мяжой ад дзяржавы

ЗША 

Найбольш замежных студэнтаў у сьвеце маюць амэрыканскі пашпарт. Як піша ўнівэрсытэцкая газэта Санд-Дыега, у некаторых унівэрсытэтах да 70% студэнтаў атрымліваюць магчымасьць павучыцца за мяжой. Канешне, ня ўсе студэнты атрымліваюць фінансаваньне на навучаньне. Аднак толькі першыя 10 амэрыканскіх унівэрсытэтаў па колькасьці адасланых студэнтаў прадаставілі ў мінулым годзе фінансаваньне для навучаньня за мяжой 20 тысячам студэнтаў .

Кітай 

Іншая вялікая нацыя, кітайская, сотні тысяч прадстаўнікоў якой навучаюцца цяпер за мяжой, зусім не імкнецца масава адпраўляць сваіх маладых людзей на бясплатнае навучаньне за мяжу. Толькі 3 тысячы студэнтаў з гэтай краіны атрымліваюць фінансаваньне дзяржавы дзеля навучаньня ў адной з 108 краінаў сьвету. Зусім няшмат у параўнаньні зь лічбай 117 тысячаў чалавек, што вучыліся ў 2003 годзе за мяжой. Што цікава, для Кітаю гэтаксама як і для Беларусі надзённай застаецца праблема невяртаньня студэнтаў дадому пасьля сканчэньня адукацыі. Як піша The New York Times, з болей чым 700 тысячаў студэнтаў, што пасьпелі з 1978 па 2003 год павучыцца за мяжой, болей за 500 тысячаў адмовіліся вяртацца на радзіму.

Расея 

Праграму па фінансаваньні навучаньня таленавітай моладзі за мяжой распачынае і Расея. З наступнага году 2 000 студэнтаў атрымаюць магчымасьць прэтэндаваць на фінансаваньне навучаньня ў адным са ста замежных ВНУ. Адзіная ўмова — вяртаньне пасьля навучаньня на радзіму. На праграму расейскае Мінадукацыі паабяцала вывучыць 60 мільёнаў даляраў. Аб запуску падобнай праграмы таксама з наступнага году раней заяўляла і Ўкраіна, не пазначаючы, аднак, канкрэтных лічбаў.

Эўразьвяз

Але лідэрам у справе фінансаваньня адукацыі за мяжой верагодна застаецца Эўрапейскі Зьвяз, які праз праграму Erasmus фінансуе 200 тысячаў студэнцкіх сэмэстраў ва ўнівэрсытэтах Эўропы штогод. Праграма распаўсюджваецца толькі на ЭЗ, а таксама на Ісьляндыю, Ліхтэнштэйн, Нарвэгію, Харватыю, Македонію і Турцыю. За 22 гады яе дзеяньня каля 3 мільёнаў студэнтаў атрымалі магчымасьць павучыцца за мяжой. Цяпер каля 4 тысячаў ВНУ з 33 краін ўдзельнічаюць у гэтай праграме. Пры гэтым да 2020 года кожны пяты выпускнік эўрапейскай ВНУ павінен атрымаць магчымасьць на працягу некаторага часу навучацца ў іншай краіне, якая зьяўляецца ўдзельнікам агульнаэўрапейскай сыстэмы вышэйшай адукацыі.

Арабскі сьвет 

Арабскі сьвет таксама не адстае ад агульнай тэндэнцыі інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі. Прасьцей кажучы, урады, асабліва ў разьвіваючыхся краінах, імкнуцца як мага болей укладаць у моладзь і яе адукацыю, каб прасунуць сваю краіну ў будучым. Гэтак, бліжэйшым часам урад зруйнаванага вайной Іраку спадзяецца даслаць 10 тысячаў маладых людзей дзеля працягу адукацыі за мяжой. Багаты і ўжо даўна адноўлены пасьля вайны з усё тым жа Іракам Кувэйт мае больш сьціплыя лічбы замежных студэнтаў, што навучаюцца за мяжой за кошт дзяржавы — каля 450 чалавек у год.

Нават дыктатарскія рэжымы, што ўсяляк імкнуцца да ізаляцыі, спрыяюць навучаньню сваіх грамадзянаў за мяжой. Гэтак, у Чэхіі ёсьць студэнты з Паўночнай Карэі, а ў Вялікабрытаніі доўгі час вучыліся дзесяткі лібійскіх студэнтаў, што з пачаткам вайны ў гэтай краіны выклікала шквал крытыкі ў адрас рэктара адной з навучальных установаў, што навучала лівійцаў за кошт Кадафі — Лёнданскай вышэйшай школы эканомікі. Цяпер дзяржаўныя праграмы стажыроўкі лівійцаў у Брытаніі спыненыя, але гэта ня значыць, што ў хуткім часе яны зноўку ня могуць быць адноўленыя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.