Конкурс сярод ахвотных вывучаць белмову ў Кіеве: 23 чалавекі на месца

Чатыры гады Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт (КНУ) вядзе набор на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура, англійская мова», навучанне на якой арганізуецца ў межах Цэнтру беларускай мовы і культуры. У мінулым годзе дакументы на навучанне на спецыяльнасць падала рэкордная колькасць абітурыентаў: конкурс склаў 23 чалавекі на месца.

Конкурс на беларускую філалогію — не самы высокі ва Украіне, але далёка і не самы нізкі. Калі найбольшы конкурс у КНУ у мінулым годзе быў на спецыяльнасці, дзе вывучаюць сувязі з грамадскасцю (60 чалавек на месца), то сярэдні па ўніверсітэце — 14 чалавек на месца. Прычым конкурс на беларускую філалогію параўнальны з конкурсам на «кампутарныя» спецыяльнасці, дзе рыхтуюць праграмістаў.

Плынь ахвотных вывучаць беларускую ў Кіеўскім універсітэце расце штогод з моманту з’яўлення адпаведнай спецыяльнасці ў 2010 годзе. Тады Цэнтр беларускай мовы і культуры (які нядаўна назвалі ў гонар былога студэнта гэтага ж універсітэту Уладзіміра Караткевіча) толькі пачаў набіраць студэнтаў. Частку першага набору склалі этнічныя беларусы.

Папулярнасць «беларускай» спецыяльнасці ва Украіне можна патлумачыць магчымасцю вывучаць паралельна больш распаўсюджаную ў свеце ангельскую.

Тыя ж, хто не трапіць на бясплатныя месцы, будуць вымушаныя плаціць у год мінімум $1.8 тыс. І такія таксама ёсць. Вучыцца на спецыяльнасці 4 гады. 

У Беларусі паралельна ідзе працэс скарачэння набору на беларускамоўныя філалагічныя спецыяльнасці. Да прыкладу, за апошнія тры гады БДУ зменшыў набор на беларускую філалогію больш як у два разы. Калі у 2010 набіралі 60 студэнтаў, то ў 2012 — толькі 25. Верагодна, адыграцца БДУ спадзяецца на прыбытковых спецыяльнасцях, напрыклад, кітаязнаўстве. Цяпер на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую.


Фота Юлі Сакалоўскай

comments powered by Disqus
 
In 0.0671 seconds.