У Кіеве пачынаецца першы набор на спэцыяльнасьць беларусістыкі

З наступнага навучальнага году ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Шаўчэнкі пачнецца набор студэнтаў на спэцыяльнасьць «беларуская мова і літаратура». Спэцыяльнасьць адчыняецца на базе нядаўна створанага Цэнтру беларусістыкі.

Беларуская мова стала 30 замежнай мовай, якую будуць вывучаць у Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце. Стварэньне спэцыяльнасьці стала магчымым дзякуючы адкрыцьцю на базе Інстытуту філялёгіі КНУ Цэнтра беларусістыкі. Гэта першая падобная ўстанова ва Ўкраіне.


Адкрыцьцё Цэнтра супала з закладкай памятнага каменя на месцы будучага помніка пісьменьніку Ўладзіміру Караткевічу ў Кіеве. Фота BELARUS.BY

Галоўная задача цэнтра, па словах дырэктара Інстытуту філялёгіі КНУ Рыгора Семянюка — вучыць студэнтаў беларускай мове. Дагэтуль беларускай мове навучалі ў гэтым унівэрсытэце з 1990 па 1993 год у межах спэцкурсу.

Адной з умоваў паступленьня на спэцыяльнасьць — наяўнасьць як мінімум 140 балаў у атэстаце (маецца на ўвазе ўкраінская сыстэма адзнак). Дадатковую інфармацыю можна даведацца на сайце Інстытуту філялёгіі.

Беларускі цэнтар за беларускія грошы быў адчынены ў лістападзе 2009 году ў час візыту беларускага прэзыдэнта А. Лукашэнкі ў Кіеў. У той жа час Лукашэнка стаў ганаровым доктарам унівэрсытэту імя Шаўчэнкі. Званьне было прысвоена за «за вялікі ўклад у справу разьвіцьця двухбаковых беларуска-ўкраінскіх адносін, умацаваньне культурных і адукацыйных сувязяў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0766 seconds.