Немец Марцін: «Два гады размаўляў з беларусамі толькі па-беларуску»

Марцін Шон-Чанішвілі прыехаў у Беларусь у далёкіх 2000-х, каб працаваць дабраахвотнікам з дзецьмі-інвалідамі і паралельна вучыць рускую, але ж праз нейкі час вырашыў, што беларуская мова гэта яшчэ большая экзотыка, чым расейская. Вывучыўшы мову, пачаў на ёй размаўляць з усімі беларусамі, у тым ліку са сваёй беларускай жонкай, якой гэта моцна не падабалася. Аднак праз няведанне беларусамі сваёй мовы вярнуўся да рускай. Цяпер Марцін працуе ў Менску менеджэрам адукацыйных праграмаў і разважае пра стратэгіі шматмоў’я ў нашай краіне. 

Беларуская жонка не разумела беларускія словы

Мая былая беларуская жонка размаўляла са мной па-руску, больш за тое, калі я перайшоў на беларускую, яна пачала скардзіцца, што гэта не самавіта і ёй непрыемна. Але я працягваў, і два гады размаўляў з ёй па-беларуску. Бывалі выпадкі, што яна не разумела нейкія словы. Тое звязана з тым, што я чытаў газеты і літаратуру, у якіх выкарыстоўвалася мова творчай інтэлігенцыі. І тая ўвогуле часта беларусу не зразумелая. Што можа быць, дарэчы, і віной творчай інтэлігенцыі. 

Экзотыка

Я прыехаў у Беларусь у 2000 годзе і праз нейкі час заўважыў гэтую моўную спецыфіку. Мне стала проста цікава. І тады я яшчэ патрапіў у беларускамоўнае кола людзей, там і пісьменнікі, і мастакі былі, і музыкі. Гэта ўсё я ўспрымаў як экзотыку.

«Гэта нейкі інтэлектуал наш, трэба асцярожна словы выбіраць»

Набыў падручнік, слоўнік і пачаў шмат чытаць і слухаць, набываў газеты, слухаў радыё. Праз год я пачаў ужо размаўляць з людзьмі, з памылкамі, праўда. У 2002-м я ўвогуле перайшоў на мову, з усімі беларусамі пачаў размаўляць па-беларуску. Для людзей гэта была таксама своеасаблівая экзотыка. А мне здавалася, па-першае, што гэта крута, цікава і класна, што я ўмею. Па-другое, мне было лягчэй, бо людзі мяне не ўспрымалі як іншаземца. Бо, калі я размаўляў па-руску, быў чутны акцэнт, і беларусы добра самі ведаюць рускую мову. А калі па-беларуску, то меней быў заўважны акцэнт і людзі самі баяліся, што не ведаюць мовы. Атрымліваецца, мы памяняліся ролямі: дагэтуль я баяўся, што быў іншаземцам, які нешта не так скажа, а тут ужо яны баяліся, маўляў, гэта нейкі інтэлектуал наш, трэба асцярожна словы выбіраць. Самі беларусы ўжо сталі іншаземцамі. 

«Усё, гарбаты нет, есть только чай»

Пасля двух гадоў я пачаў ужо карыстацца і рускай мовай, бо мне, шчыра кажучы, проста надакучыла. Цяпер я размаўляю з беларускамоўнымі па-беларуску, з астатнімі — па-руску. Па-першае, гэта заўсёды нейкі бар’ер, калі ты размаўляеш з чалавекам на іншай мове. Па-другое, у побыце гэта ўскладняе шматлікія рэчы. Вырашальны момант для мяне быў, калі я быў у Бярэсці, жыў там тыдзень, пайшоў неяк у краму і пытаў хвіліны чатыры гарбату. Яны так і не зразумелі, што гэта такое і тады я вырашыў, што не буду прыносіць сябе ў ахвяру гэтай мовы. Падумаў: «Усё, гарбаты нет, есть только чай». 

«Мажліва» ці «магчыма»?

Я зрабіў у свой час памылку, што набыў слоўнік Станкевіча, а там ён выкарыстоўвае такія своеасаблівыя словы. Я не заўжды ведаю, ці нейкае слова альбо выраз — гэта норма. Вось напрыклад, «мажліва» ці «магчыма»? Вучыўся я па тарашкевіцы, бо мне тады падавалася, ну, калі ўжо і вучыцца, то вучыцца. А потым усе папрыбіралі гэтыя мяккія знакі, ну і я перастаў пісаць. Па лексіцы я імкнуся беларускае слова выкарыстоўваць, але ж без мяккіх знакаў.

«Пока вы живете тут, вы будете писать на том языке, который мы понимаем»

Аднойчы, калі я атрымліваў від на жыхарства, са мной была асабістая размова. Інспектар вельмі абрадаваўся і сам перайшоў на мову. А другі інспектар, жанчына, калі я запаўняў анкету па-беларуску, мне сказала нешта накшталт такога: «А что вы тут написали? Пока вы живете тут, вы будете писать на том языке, который мы понимаем». Карацей, давялося запоўніць анкету па-руску. Увогуле, стаўленне было нармалёвае, гэта быў толькі адзіны выпадак такі. Некаторыя беларусы пераходзілі са мной на мову, але такіх было мала. Ім некамфортна, яны звыкліся размаўляць па-руску. 

Стратэгія шматмоўя

Шматмоў’е ў прынцыпе гэта добра, але ў Беларусі няма стратэгіі шматмоў’я. Мусіць быць болей выкладання па-беларуску, больш ужывання. Магчыма, перавесці карэспандэнцыю на беларускую. Няма двухмоўя нават у адукацыйных установах. Чаму не зрабіць так, каб адна выхавацелька размаўляла па-беларуску, як гэта робіцца ў англійска-рускіх, англійска-французскіх садках. Гэта насамрэч вялікі патэнцыял, бо дзіцё развіваецца лепей, пашыраецца кругагляд. Калі ад мяне нешта залежыла б, то ў мяне была б мэта двухмоўя, я бы не імкнуўся перавесці краіну цалкам на беларускую, руская дае шмат магчымасцяў. 

«Хоцькі-няхоцькі»

У беларускай ёсць словы, якіх у іншых мовах наўпрост няма. Напрыклад, «фанабэрысты». А слова «кавун» магло бы быць з нейкай каўказскай мовы. Вельмі спадабаўся выраз «хоцькі-няхоцькі», і «кружэлка» таксама нядрэнна гучыць :)

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0655 seconds.