Пакуль пакаленне Y яшчэ само толькі падрастае, сёй-той з нашых аднагодкаў паспявае гадаваць і будучых беларусаў. Чаму выхаванне дзяцей можа раз’яднаць людзей, і як не прынесці сябе ў ахвяру дэкрэту — Воля Афіцэрава, фатограф і мадэратар беларускіх суполак слінга-мамаў, у серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» распавядае пра эпатаж слінгаў, слэнг глуханямых і беларускамоўную гапату.
Слінга-куртка яшчэ класная рэч, вельмі эпатажная. Я па жыцці сама вельмі эпатажная: бывала, і валасы ў зялёны колер фарбавала, і апраналася вельмі эксцэнтрычна. Але самая эпатажная рэч у маім жыцці, — гэта слінга-куртка, столькі ўвагі адразу я нідзе ніколі не атрымлівала. Людзі па-рознаму ставяцца, але гэта рэальна эксцэнтрычна. Хочаш выпендрыцца — нарадзі дзіцёнка і апрані слінга-куртку.
Ва ўніверсітэце пачала размаўляць па-беларуску. З мяне смяяліся, забаранялі, зніжалі адзнакі, але ж і завышалі таксама. Аднойчы пасля іспыту па матэматыцы сяджу і думаю: «Блін, я так цудоўна ўсё адказала, чаму толькі 8?!» Толькі ў наступным семестры выкладчыца патлумачыла: «Я нічога не зразумела з вашага адказу, але вы так упэўнена размаўлялі, што я паставіла 8». Аказваецца, яна прыехала з Расіі. Калі была біялогія, я выходзіла да дошкі і расказвала пра насенне, а аднагрупніцы рагаталі. «Насенне», слова як слова. Дзяржаўныя іспыты я здавала па-руску. Бо зразумела: хочаш добрую адзнаку, думай, якую мову на іспыце абіраць. Бывалі розныя выкладчыкі, некаторыя думалі, маўляў, выпендрываецца тут.
Цяпер усё болей і болей беларускамоўных. Я неяк іду, а каля сэканд-хэнду стаіць чувак такі, хіп-хоперскага выгляду, з ім побач такі самы, гадоў па 18. «Гапата нейкая», — думаю я, а падыходжу бліжэй, яны па-беларуску ў тэлефон крычаць. У мяне ў грудзях адразу ўскалыхнула, крута, нармальныя чувакі.
Калі ў дзяцей пыталі «Кім ты хочаш стаць?», усе казалі «касманаўтам», а я казала «чараўніцай, і ў мяне будзе чароўная палачка і я ўсё начарую сабе». Пазней хацела быць міліцыянтам, бо думала, што яны падыходзяць да шапіка і ім даюць бясплатна ўсё, што яны хочуць. Потым хацела быць прадавачкай селядца.
Заўсёды хацелася быць спявачкай. Першы раз я спявала на сцэне ў 13 год. Мне падабалася, што я такая зорка. А насамрэч, я вывучыла песню гурта «Дэмо» і спявала перад ПТВэшнікамі ў актавай залі, было вельмі крута.
У апошнія гады школы я захацела паступіць у тэатральны. Але лёс склаўся так, што паступіла я на «дэфекталогію», вывучала мову жэстаў. Калі мяне просяць сказаць нешта на мове жэстаў, я ўзгадваю, як мы ва ўніверсітэце спявалі песні. Бо глухія таксама слухаюць песні, яны адчуваюць вібрацыю рытму, што распаўсюджваецца па залі. І мы ва ўніверсітэце спявалі песні на мове жэстаў. Таксама вывучалі шрыфт для сляпых, такі выпуклы шрыфт, па якому яны водзяць пальцам і чытаюць.
Вывучэнне дэфекталогіі вельмі загартоўвае. Па-першае, ты разумееш, што яны такія самыя як і ты, але іх «ўзнагародзілі» дэфектам і людзі вакол успрымаюць іх, як нешта недаробленае. Уся сістэма гэтая ў нас неразвітая, глухія людзі ў нас ідуць працаваць на завод, асабліва іх любяць браць у цэх, дзе вельмі шумна і дзе аглухне звычайны чалавек. А, напрыклад, у Англіі ёсць універсітэт, дзе іх навучаюць па адмысловых методыках і потым глухога павінны ўзяць на любую працу, якую ён захоча, бо ён паўнавартасны чалавек з вышэйшай адукацыяй. Ва ўніверсітэце даведалася шмат праўды жыцця, як ставяцца ў нас да такіх людзей, наколькі ў нас непадрыхтаванае грамадства да іх, і чамусьці яно хавае такіх людзей.
Я праходзіла практыку ў школе і ў садку. Мне вельмі падабалася, адзінае, шмат папяровай працы і мала плацяць. Калі для пачатковай школы яшчэ хапае ўніверсітэцкіх ведаў, то ў шостым класе дзеці пачынаюць з цябе сцябацца. Яны пачынаюць нешта казаць на мове жэстаў, а ты гэтага не разумееш, бо не дасканала валодаеш слэнгам. Кожная школа мае нейкія местачковыя асаблівасці мовы. Яны нешта кажуць, а ты стаіш разгубленая, як авечка, а яны пахіхікваюць. Вельмі баялася ісці да іх, каленкі трасліся. Але гэта крута, такі фан. Думаю на год бы мяне хапіла, потым згарэла б з такім заробкам і папяровай працай.
У нас была ў сям’і мыльніца, і я неяк маме сказала: «А можна я буду здымаць прыроду?», а яна мне: «Яшчэ чаго! Здымай мяне!» Потым у Менску з’явіўся афігенна круты праект — «Фотакрос». Табе давалі дзесяць паняткаў і трэба было іх сфатаграфаць у пэўным стылі. Усе любілі, каб было актуальна, смешна, трапна, можа трошкі палітычна. Напрыклад, на слова «нечаканасць» мы сфоткалі CD-плэер, на якім замест батарэек ляжалі маленькія салёныя агуркі. Альбо «навагодні экстрым» — аліўе з кнопкамі. Так я захапілася фатаграфіяй. Не хацела здымаць вяселлі, але панесла. Бывае, трапляеш на вяселле, дзе ўсе гарэлку бухаюць, а ты тут такі натхнёны інтэлігент прыйшоў.
Я стала слінга-мамай і цяпер фатаграфую рэкламныя здымкі для беларускага вытворцы слінгаў. Такую асалоду атрымліваю, я ведаю, як зняць слінг так, каб ва ўсіх мамачак сліна пацякла. Самае класнае, усе беларускія слінга-мамы як мадэлькі. Мы іх шукаем у ЖЖ-кам’юніці слінга-мам, і ўсе, хто адгукаецца, такія прыгажунькі. Гэта, між іншым, жанчыны, якія нядаўна нарадзілі. Жываты павінны звісаць, грудзі, а яны такія класныя. Так свецяцца. Такую працу з ніякімі вяселлямі не параўнаеш, спадзяюся стаць сямейным фатографам.
Я здымаю ў сваім стылі, калі кліенту не падабаецца, я мякка яму намякаю, што я па-іншаму здымаць не буду і калі не падабаецца, хай ідзе да каго іншага. Фатографаў у нас як сабак нярэзаных :) Тут кажуць, што падарваўся завод у Беларусі па спальванню фатографаў.
ЖЖ-суполка была ў свой час багатай на творчых людзей, і яны ладзілі «Творчы дом», такія капуснікі ў «Графіці». Я там выступала, там нават былі людзі, якія казалі: «Мы твае фанаты». А я пастаянна лажала, увесь час, вось у мяне такая неарганізаванасць нейкая, то тут слова забуду, то тут акорд саб’ецца, бо я ж яшчэ рагачу ўвесь час, я такая рагатлівая па жыцці чувіха. Але тут здарылася цяжарнасць і для гітары стала мала месца ў жыцці, цяпер я паціху вяртаюся. Але ж натхненне прыходзіць, калі ты гуляеш па парку, а не стаіш каля пліты і варыш манную кашу. Затое я высыпаюся: чым меней хобі, тым лепей высыпаешся.
З дзіцёнкам моцна не папрацуеш. Гэта цяжка, дзеці неяк адчуваюць, што ты не ім хочаш зараз займацца, а папрацаваць. І яны быццам бы на зло пачынаюць ноччу прачынацца, капрызнічаць. У мяне ўчора ў фоташопе быў адкрыты апрацаваны здымак, дачка падышла, нешта патыркала, і прыйшлося наноў рабіць. Кожны чалавек, калі нараджае дзіцёнка, ён неяк прыстасоўваецца. Ёсць людзі, якія наогул не мяняюць свой лад жыцця, дзеці адаптуюцца пад іх. А ёсць людзі, якія прыносяць сябе ў ахвяру і кажуць: «Усё, нічога не магу рабіць, у мяне дзіцёнак, я сяджу тры гады дома». Такіх людзей мне шкада.
Зарабляць у сэнсе «сшыбаць бабло» на мастацтве пакуль што немагчыма. Але можа мы да гэтага прыйдзем калісьці. Калі-небудзь людзі пачнуць звяртаць увагу на прадметы сучаснага мастацтва. Будзе больш якаснага прадукту, больш разумення з боку простых людзей. Бо густ трэба выхоўваць. Раней ты едзеш у метро, бачыш каравы фоташоп і думаеш «о, божа», а людзі за гэта грошы атрымліваюць. Цяпер такога ўсё меней. Яшчэ пяць год таму, фатографу тэлефануюць і пытаюць: «А вы відэа здымаеце?» — «Не».— «Што толькі фота? Ды навошта фота, я відэа хачу!».
Я ўсё мрою, каб у мяне з’явіліся беларускамоўныя сябры, з якімі бы мы бачыліся ледзь не кожны дзень, але ў 26 год ужо цяжка заводзіць новых сяброў. Аднак дачку выхоўваем на дзвюх мовах: бацька, дзядулі і бабулі размаўляць па-руску. Не ведаю, што з гэтага атрымаецца і што яна абярэ. Не хачу яе прымушаць, але хачу, каб ведала абедзве мовы. Чым болей моваў ведае чалавек, тым лепей працуе мозг. Мы ёй мульцікі па-англійску выключна паказваем, мабыць, вывучыць, ужо некаторыя словы ведае.
Нішто так не раз’ядноўвае людзей, як розныя спосабы выхавання дзяцей. Таму пасля сыходу ў дэкрэт, некаторыя сябры адпалі. Пэўна, гэта і добра. Я вось, напрыклад, захоўвала грудное кармленне, а нехта прыходзіць і кажа: «А я кінула, фігня нейкая». Гэта як апазіцыя, ты нешта робіш, за нешта змагаешся, а нехта прыходзіць і кажа: «Што вы тут робіце?! Вы нічога не дасягнеце». Такое абурэнне бярэ, што хочаш па пысе надаваць. І з дзіцёнкам тое самае. Вельмі раз’яднала гэта з сябрамі. Я па жыцці такая, калі мне нешта важна, я за гэта змагаюся. А ёсць людзі, для якіх, маўляў, няма — дык і не трэба, а бы не было вайны.
Мая мама выхоўвала мяне па савецкіх правілах, як ёй казалі ў паліклініцы, так яна і рабіла, і лічыць, што ўсе гэтыя метады былі правільныя. Нашае пакаленне мае выбар інфармацыі, мы яе адсейваем, абіраем з розных метадаў нешта сваё. Мая мама была ў шоку ад усяго, што я раблю. Яна лічыць, што слінг — гэта навінка, і ніхто яшчэ не выгадаваў ніводнага пакалення ў слінгах, таму ў нас усе дзеці будуць інвалідамі. Нашае пакаленне ўжо не баіцца ісці супраць плыні. Мама кажа: «Дай ёй пустышку, шэсць мільярдаў людзей выгадавалі так дзяцей».
Людзі, якія жывуць у сучасным тэмпе жыцця, не могуць карыстацца ЖЖ, ім гэта ўсё цяжка. Бо нельга ў ЖЖ лайкнуць і пайсці далей. Каб нагадаць пра сябе, трэба залезці ў пост, адкаменціць — шмат маніпуляцый занадта. Таму, напэўна, людзі і перабеглі ў іншыя сеткі. Але ў мяне такі смутак па ЖЖ, гэта выглядала нашмат эстэтычней, было вельмі прыгожа аформлена, у кожнага свой дызайн блога.
Мне шчыра хацелася нешта змяніць, і я ў 2006 годзе пайшла на плошчу. Пасля таго, як знеслі намётавы гарадок, унутры нешта абарвалася. Памятаю, гэта быў моцны адрэналін, калі мы стаялі па перыметру. А потым заходзіш у сотку, і на цябе людзі глядзяць з брыдкасцю і кажуць: «Ну і чаго вы дамагліся?», а ты хочаш ім нешта такое адказаць. Усё ўнутры бурліла і не хапала словаў. Цяпер мне прасцей сабраць манаткі і з’ехаць у іншую краіну, каб дачка не жыла ў гэтым савочку.