Хто з кіроўцаў падтрымае «Сусьветны дзень без аўтамабіля»?

Праезд у грамадзкім транспарце для беларускіх кіроўцаў у Дзень без аўтамабіля — 22 верасьня — будзе бясплатным, паведамляюць беларускія чыноўнікі. Паказваеш правы і тэхпашпарт на аўто і едзеш у тралейбусе бясплатна. Папулярная ў сьвеце акцыя — на дзень адмовіцца ад паездак на аўто — ужо сёмы год папулярызуецца ў Менску нефармальнымі ініцыятывамі і трэці год — уладамі. Мы азірнуліся вакол і апыталі кіроўцаў: музыкаў і дактароў, крэатыўшчыкаў і фатографаў — ці падтрымаюць яны акцыю і як. 


«Дзень без аўтамабіля» адзначаецца ў Беларусі ня першы год. У папярэднія гады адмысловы велапрабег ладзілі менскія роварысты ў межах «Крытычнай масы», каб прыцягнуць увагу да праблемы разьвіцьця роварнага транспарту, будаўніцтва веладарожак і нагадаць пра экалягічныя праблемы, выкліканыя аўтамабілізацыяй. Таксама на працягу пяці гадоў ладзіліся адмысловыя акцыі пад назовам «Перавозка» аматарамі спаборніцтваў па «гарадзкім арыентаваньні».

У 2008 годзе на папулярную ў сьвеце ініцыятыву зьвярнуў увагу і «афіцыйны» Менск. Тады міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя прапанавала ў гэты дзень беларускім чыноўнікам адмовіцца ад утульных аўто і праехацца з народам — на грамадзкім транспарце. Ці вытрымалі менскія тралейбусы наплыву чынавенства, гісторыя маўчыць, аднак пляны тады былі амбіцыйныя. Агучвалі, што плянуюць наагул зрабіць бясплатны праезд для ўсіх на гэты дзень. Пакуль такая ідэя толькі ідэя.

Вядома, што прынамсі два міністры мінулым годам у межах акцыі рызыкнулі прайсьціся пехам — міністар транспарту ды міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Сёлета кіроўцы змогуць трапіць на працу не на сваіх аўто, а бясплатна — прадаставіўшы кандуктару правы і тэхпашпарт. Праверым? У любым разе, на дзянёк пакінуць любімую машынку ля пад’езду таксама карысна — прынамсі можна быць спакойным, што не прыйдзецца шукаць па вяртаньні месца для паркоўкі. Што думаюць пра акцыю менскія кіроўцы?

Андрэй Лянкевіч, фатограф

«Кожны год хачу падтрымаць акцыю, але кожны год не атрымоўваецца — сёньня ўвечары еду на здымку ў Гомель, там без варыянтаў — трэба ехаць на машыне. Машыну ніколі не пакідаю;) А то быў адзін выпадак — выпіў на вясельлі і пакінуў машыну пад рэстарацыяй:) У цэлым, ня думаю, што ў нас шмат людзей падтрымае ініцыятыву — большасьць нават ня будзе ведаць пра гэты дзень. І няма ў нас коркаў, каб турбавацца».

Лявон Вольскі, музыка


«Ну, па-першае, я захварэў і магу не ачуняць да 22-га. Таму атрымаецца гэткая „вымушаная“ падтрымка. А так, увогуле, лічу, што ініцыятыва някепская і карысная, толькі лепей было б яе спалучыць з выходным днём, бо, думаю, у шырокіх народных масах Дзень без аўтамабіля ня знойдзе падтрымкі. Бо наўрад ці аматары стаяньня ў корках перад і пасьля працы прамяняюць гэтае задавальненьне на цісканіну ў мэтро. Апошнім часам якраз практыкую часьцей пакідаць аўто дома. Я зараз жыву ў цэнтры, тут усё блізка. І нечакана зразумеў, што ў мэтро на студыю (у Фрунзэнскі раён) едзецца хутчэй, чым на машыне. Але вось да аўтобусаў-тралейбусаў пакуль не дайшло».

Юра Згурскі, дызайнэр


«Чуў і хачу паўдзельнічаць, але ня ведаю, як атрымаецца. Шмат справаў і месцаў, у якія патрэбна патрапіць. Апошнія гады ежджу толькі на аўто, на жаль. Аднак хацеў бы паспрабаваць на ровары. З забруджваньнем паветра ёсьць праблема, але аўтобусы й маршруткі забруджваюць асяродзьдзе больш за мой аўтос! У параўнаньнi зь літоўскай Палангай у нас куды цяжэй дыхаць, але хутка прывыкаеш. Можа гэта клiмат такi?»

Улад Савельеў, крэатыўны дырэктар


«Я дык чуў, канешне, пра акцыю, але ў мяне здымкі роліка і як я з кропкі А ў Б буду перасоўвацца — не зразумела. Таму не падтрымаю, бо абставіны супраць мяне. Ды й не такое ў нас грамадзтва, каб такія вось акцыі іх краналі. Ну ні ў Швэцыі мы жывем. Лепш пару прадпрыемстваў закрыць ці прымусіць паставіць фільтры ды каталізатары на трубы. Сытуацыя безнадзейная, толькі адміністратыўнымі захадамі трэба вырашаць праблему. Ці крэатыўнымі. Скажу ў сябе ў агенцыі: хто заўтра прыходзіць без машыны — таму прыз! Калі кожны на сваім прадпрыемстве такое зробіць — абавязкова будзе дзейнічаць. Сам ежджу грамадзкім транспартам хіба што, калі ўвечары плянуецца карпаратыў ці цімбілдзінг з ужываньнем алькаголю:)»

Валерка Сушкевіч, праграміст

«Пра акцыю чуў, зьбіраюся далучыцца, але пакуль дакладна не гарантую. Залежыць ад таго, што прыйдзецца пасьля працы рабіць. Дый не забыцца б зранку. А ў мінулым годзе я прымаў удзел, таму што тады якраз ці то машына зламалася, ці на сэрвісе была. Грамадзкім транспартам ежджу на працу вельмі рэдка — калі перад гэтым нап’юся:) Думаю, нават калі 10–20% кіроўцаў акцыю падтрымаюць, то гэта будзе незаўважна, як тое было ў мінулым годзе. Забруджваньне паветра актуальна і бачна няўзброенымі вачыма ўздоўж буйных трасаў, але шляхоў для яго вырашэньня я пакуль ня бачу».

Воля Афіцэрава, фатограф


«Мяркую, акцыю падтрымаю, бо прастыла — сяджу дома, нікуды не зьбіраюся ехаць.
Што датычыцца працы, то часта еду на мэтро, бо так зручней, а вось па асабістых справах — нікуды без любімага міні купэра. Я думаю, акцыю падтрымаюць многія, бо абяцалі ж бясплатны праезд у грамадзкім транспарце — я б і сама праехалася. А праблема бруднага паветра ёсьць, бо маёй сям’і нават прыйшлося пераехаць з раёну трактарнага заводу, бо там няма чым дыхаць з-за аўтамабіляў у тым ліку. Каб былі дарожкі для ровараў, думаю, многія б пераселі — і паветру лягчэй і для здароўя карысна (-:»

Дзяніс Філіпенка, музыка

«Не зьбіраюся ўдзельнічаць. Вось каб быў у мяне дом пад Менскам, я б дзянёк пасядзеў дома і нікуды б ня езьдзіў наагул. Грамадзкім транспартам не карыстаюся амаль ніколі — мабыць, хіба што калі машына ламаецца. Думаю, мала хто ў нас далучыцца да ініцыятывы, бо пра экалёгію ў нас так ня думаюць, як у Эўропе. Я зараз за горадам па працы, вунь конік едзе з вазком — вось гэта экалягічна! З забруджваньнем у нас ёсьць праблема, і ня толькі з паветрам, ад выхлапаў церпяць і расьліны, і жывёлы — наагул страшна. Таму пастараюся заўтра езьдзіць па мінімалу тады».

Андрэй Вітушка, доктар

«Калі будзе надвор’е добрае і змагу прачнуцца раней і сына падняць у школу, то можна і транспартам паехаць. І ў іншыя дні, калі ёсьць магчымасьць — імкнуся езьдзіць на працу роварам. Звычайна гэта калі дзяжурства на выходных і надвор’е нішто сабе, хоць люблю і ў дождж езьдзіць. Аднак ня думаю, што многія падтрымаюць акцыю, бо грамадзкі транспарт у нас — нераўназначная і блізка замена аўтамабілю. Да таго ж у нас машына — гэта часта і прыкмета калі не раскошы, то пэўнага жыцьцёвага статусу».

Сусьветны дзень без аўтамабіля (World Carfree Day) — гэта глябальная акцыя, якая ладзіцца ў многіх краінах сьвету 22 верасьня. Яна нагадвае пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяродзьдзе. Штогод «Дзень без аўтамабіля» афіцыйна сьвяткуецца ў 1000 гарадох Эўропы і сьвету. На адзін дзень у іх мяняюцца парадкі: уводзяцца абмежаваньні для аўто ў цэнтральных зонах гарадоў, вітаецца выкарыстаньне «ўстойлівых» відаў транспарту — грамадзкі гарадзкі транспарт, ровары, пешыя шпацыры і інш. У Эўропе Дзень без аўтамабіля вельмі папулярны.

Беларусь — самая «аўтамабілізаваная» краіна ў СНД. Па дадзеных Асацыяцыі аўтавытворцаў Эўропы (АСЕА) на весну 2010 на тысячу жыхароў Беларусі прыходзіўся 261 аўтамабіль, аднак экспэрты адзначаюць, што беларускі аўтапарк не адрозьніваецца высокай якасьцю і навізной. Другое месца па СНД займае Расея (230 аўто на тысячу). Першае месца ў цэлым па Эўропе займае Нямеччына з 563 аўто на тысячу насельніцтва.

У Беларусі зарэгістравана болей трох мільёнаў аўто, прыблізна пятая іх частка прыходзіцца на Менск. Адзін аўтамабіль пры сярэднім прабегу 15 тыс. кілямэтраў у год спальвае 2 тоны паліва, скарыстоўваючы 30 тонаў паветра, у тым ліку 4,5 тонаў кіслароду. Пры гэтым у атмасфэру выкідаецца 700 кг угарнага газу, 400 кг дыаксіду азоту і 200–300 кг вуглевадародаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.