Што здарылася з Akute за апошнія паўгады
Гурт Akute родам з Магілёву, таму кожны іх прыезд у Менск — гэта гастролі. Зрэшты, гурт і так знаходзіцца «ў турнэ». Прынамсі, аб гэтым сведчыць старонка Akute у музычнай сацыяльнай сетцы last.fm. За частку турнэ варта лічыць і выступ у Гомелі, які здарыўся на мінулыя выходныя. І, вядома, «вялікі сольны канцэрт» у Менску, які адбыўся 3 лістападу ў клубе Re:public.
Цяпер ужо ніхто не здзіўляецца, калі тры хлопцы (у такой колькасці зручней вандраваць машынай) збіраюць самую вялікую клубную пляцоўку Менска. Калі шчыра, я троху турбаваўся перад гэтым выступам. Ці памятаюць яшчэ фанаты пра стройных хлапцоў з Магілёву, ці ўсё яшчэ гатовыя яны набыць квіток за $7, каб паглядзець на двух гітарыстаў: аднаго ніжэйшага ў чорных акулярах і другога вышэйшага з лёгкай прывабнай няголенасцю?
Апошні раз музыкі гралі сольны канцэрт у Менску паўгады таму. На ім адбылася надзвычай паспяховая прэзентацыя другога альбому «Не існуе», поўнага ўтульных сэтаў на тэму кахання і смерці. Але з тых часоў пра Akute не было асабліва чуваць: яны з’яўляліся то на нешматлікіх беларускіх, то на замежных фэcтах. Але летні музычны эфір, здаецца, захапілі іншыя героі. Таму да гэтага выступу, у нечым экзаменацыйнага, хлопцы вырашылі падрыхтавацца больш сур’ёзна.
План па паўторным скарэнні сталіцы ўлучаў выпуск максі-сінглу «Ihołki» з клубнымі хітамі беларускага і бразільскага паходжання, спадарожны конкурс на вокладку да альбому і нечаканы выступ на разагрэве ў Placebo. Апошні факт стаў сапраўдным боскім падарункам для магілёўцаў: пра іх адразу прыгадалі ўсе, хто толькі мог нешта прыгадаць. Гэта ж дало нагоду хлопцам сціпла сказаць і напісаць пра сябе: «іх выбралі Placebo». Пасля такога прамазаць было проста немагчыма.
І вось я на шляху да залі напаўцёмнага клубу. Я пераступаю яе парог і ў момант забываюся на ўсе сваё турботы. Танцпляц — поўны, забіты, а праход да сцэны недаступны. Верхнія ж паверхі яшчэ троху ўтрымліваюць месца для салодкіх парачак і іншых музычных гурманаў, але тое было сведчанне хутчэй вялікай прагі фанатак да збліжэння з музыкамі, чым недахопу ўвагі да канцэрту.
«А-а, глядзіце, ён пахудзеў! — ківае на вакаліста Стаса адна з дзяўчынак пад сцэнай. — Гэта ж крута». Аднак сяброўка дзяўчыны не пагаджаецца: маўляў, раней было лепей. Спрэчка рызыкуе набыць сур’ёзны абарот, але ў гэты момант Стас падыходзіць бліжэй да мікрафона і дзяўчыны заміраюць у трапяткім чаканні.
«Зараз будзе прэзентацыя!» — Стас ўсміхаецца і выдае назоў новай песні гурта. «Наскрозь».
Дзяўчыны пераглядаюцца і перапытваюць адна ў адной «КАК?!»
Але ж Akute «укатваюць» не толькі першакурсніцам і дамам іншых узроўстаў і сацыяльных статусаў, але і «докам рок-н-ролу». Аб гэтым сведчыў як шэраг вядомых у музычных колах асоб, якіх можна было нажыва пабачыць, а можа нават і памацаць на канцэрце, але і надзвычай станоўчыя водгукі крытыкаў на апошні альбом гурту. У бягучым рэйтынгу парталу experty.by Akute саступаюць толькі «Серебрянной свадьбе». І гэта ў агульным спісе ўсіх музыкаў усёй краіны. У беларускамоўным року яны першыя-лепшыя (з тых, хто яшчэ не пазбаўлены гонару вольна выступаць у краіне пад чырвона-зялёным сцягам).
Наступнай прыступкай да замацавання поспеху мусіць стаць трэці альбом гурту, першым рухам да якога аказалася ўжо прыгаданая кампазіцыя «Наскрозь», а таксама «Бегчы», што не пазбегла прэзентацыі на канцэрце. І нават калі вы яшчэ не чулі гэтыя творы, то я ўпэўнены, нават па назовах лёгка здагадаецеся: рэвалюцыйных зменаў у стылі гурта чакаць не варта. Але і таго, што хлопцы хутка супакояцца, таксама.