Два хлопцы, што абудзілі дух беларускага року

Akute на першым сольным канцэрце ў Менску яшчэ раз пацьвердзілі статус галоўнай надзеі беларускага року.

Сонная раніца другога дню фэстывалю Be2gether-2010, што разьбіў некалькі сцэнаў у некалькі мэтрах ад беларуска-літоўскай мяжы, марудна перацякала ў цёплы вечар. Усё самае цікавае чакалася наперадзе. За некалькі гадзін да заходу сонца на самую малую сцэну фэсту выйшлі тры мала каму вядомыя музыкі. Нешматлікая пераважна беларуская публіка, што прысутнічала на іх выступе, а таксама некалькі п’янаватых літоўцаў настолькі былі ўражаныя тым, што пачулі ад гурта, што не хацелі адпускаць яго хвілін 20. Тады ўдзельнікі Akute, мабыць, і не ўяўлялі, што праз два гады здолеюць сабраць поўную залю буйнейшага менскага рок-клюбу.

І, варта сказаць, ня горшую публіку: на прэзэнтацыю другой плыткі Akute «Не існуе» прыйшлі самыя розныя людзі, ад прыгожых дзяўчын таго ўзросту, калі кожная нота, з-пад рукі прыгажуна-музыкі выклікае нешта сярэдняе паміж нябесным замілаваньнем і жаданьнем расцалаваць гэтага музыку, да сур’ёзных хлопцаў, якія маюць звычку ўсплываць на старонках незалежных сайтаў у разьдзеле «кронікі апазыцыі». Але ў адным усе гэтыя людзі, што дайшлі ў клюб Re:publiс на наступны дзень пасьля чарговага скандалу з забаронай выступу аднаго «падазронага» гурта (на гэты раз ім аказаўся IQ48), былі падобнымі: іх яднала неверагодная любоў ці прыязнасьць да гэтых двух хлопцаў, што амаль гэтак сама, як і два гады таму на малой сцэне Be2gether, трымалі гітары, сьпяваючы пра «шчасьце».

Akute

Апошняя надзея Akute

Ва ўмовах, калі «ўсе ўсё і так разумеюць», рок-каралі зарабляюць на жыцьцё прадуктам хуткага прыгатаваньня, а масы задавальняюцца віруснай бязглузьдзіцай з пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці, Akute сталі нечым накшталт надзеі на ратаваньне беларускай рок-душы. Адсутнасьць стымулаў і нагодаў працаваць па-беларуску робіць музычную сцэну амаль пустой, і зоркай мясцовага значэньня тут цяпер стаць даволі лёгка: усіх патэнцыйных сяброў-канкурэнтаў вынішчае ня іх творчая моц ці адсутнасьць такой, а ананімныя рашэньні ідэолягаў зь Мінгарвыканкаму. Але гэта гісторыя не пра Akute — так ужо супала, што росквіт іх талентаў прыйшоўся на гэткі змрочны для Беларусі час.

Самі ж тэксты Akute далёкія ад любых чорных сьпісаў. Хаця іх музыка хутчэй з разраду таго «хто слухае, той разумее». Канешне, у тым жа «Павольна» можна пабачыць што заўгодна: і зварот да тэмы паліцэйскай дзяржавы Фуко, і звычайны пратэст супраць паўсюднага нагляду камэраў на вуліцах Лёндану. Хаця ні другое, і нават ні першае: «Павольна» — гэта нешта пра нас з вамі. А пра што дакладна сказаць цяжка, як і пра другі альбом гурта: адчуваньне блізкасьці не пакідае, але да чаго тая блізкасьць, няясна да самага канца.

Akute

За апошні час Akute сталі амаль адзіным беларускім гуртом, за які адначасова і ні сорамна, і ні сумна: хлопцы ў вузкіх джынсах выдаюць надрыўную музыку, якая ў спалучэньні зь неверагодна лірычнымі, але зусім ня чорнымі тэкстамі пра кроў і сьмерць спрыяе выбуху эмоцый у залі. За гэтым хаваюцца даволі незвычайныя для цяперашняй Беларусі пэрсанажы, што трымаюцца ў баку ад «нармальнай працы» і шчасьця сямейнага жыцьця, і пры гэтым нікуды не «валяць». Такі магілёўскі шчасьлівы выпадак з жыцьця 27-гадовага Рамана і 23- Стася, што «акупаюць самі сябе».

Akute

У канцэрце ў Менску хлопцы паказваюць нешта незвычайнае. Прыкладна праз паўгадзіны пасьля выхаду на сцэну, як і звычайна сьціплыя і нешматслоўныя, Akute застаюцца ўдвох, выносячы на сцэну акустычныя гітары і пачынаючы граць на іх кампазыцыі зь першага і другога альбому. Пераўвасабленьне ідзе на карысьць: апошні альбом, песьні зь якога гучаць у пачатку канцэрту, бачна, яшчэ ня цалкам вывучаны фанатамі і ўспрымаецца менш эмацыйна за другі. А такая акустычная частка дазваляе троху перавесьці дух дзеля паглыбленьня ў «Адзіноцтва» і «Цішыню» першай плыткі хлопцаў.

Akute

Першы цалкам сольны выступ у буйнейшым менскім клюбе сканчаецца амаль трыюмфальным падвойным бісам і спусканьнем Рамана, Стаса і Паўла «ў народ», дзе на іх адразу накідваецца разгарачаны натоўп з фанатак. Вялікая іх частка яшчэ прыкладна гадзіну прастаіць у вялізнай чарзе ў грымёрку музыкаў, дзе яны будуць падпісваць асобнікі даўна выкладзенага ў Інтэрнэт альбому.

Болей здымкаў у фотарэпартажах: раз і два.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.108 seconds.