Гурт Akute. Вырасьці — гэта значыць супакоіцца, мы яшчэ не супакоіліся

Akute

Generation.by пачынае сэрыю інтэрвію з аднагодкамі. Пра мары дзяцінства, пра першыя дасягненьні, пра аднаклясьнікаў і іх канфармізм, пра тое, якім будзе наша заўтра. Раман Жыгараў і Стас Мытнік з гурта «Akute», якія днямі выдалі свой новы альбом, сёньня распачынаюць сэрыю «Кім я стану, калі вырасту».

Дзяцінства канфарміста

Стас: Я нарадзіўся ў Магілёве ў простай сям'і, хадзіў у садок, у школу.

Рома: Канфарміст! )

Стас: Маці аддала у мастацкую школу на тэатральнае аддзяленьне. Я вучыўся там 5 год. Але не застаўся. Шкадую напэўна. Бо пайшло б усё троху ў іншы бок.

Рома: ...быў бы як Ільля Чарапко зараз.

Стас: Першую гітару падарылі ў 10 гадоў у 1998-м. Яна потым вісела на сьцяне пару гадоў. Але пачалося ўсё з электрагітары. Хаця аднойчы, калі ня змог сыграць барэ, то падумаў: нахер гэта ўсё трэба. І закінуў.

Але барэ такі сыграў і напрасіўся ў школьны бэнд. Ня бралі спачатку. Купіў за 15 баксаў першую ўласную электрагітару. Пазьней усёй сям'ёй зьбіралі на новую электрагітару.

Мары-амары

Стас: Я глядзеў на вядомыя гурты. Без інтэрнэта гэта трэба было рабіць па тэлевізары. І ўяўляў сябе на іх месцы. Глядзеў — і хацелася на сцэну.

Рома: У дзяцінстве ты не ўяўляеш сабе, што ты там насамрэч хочаш, ці ня хочаш.

Стас: Першая ступень: пазнаёміцца з магілёўскімі музыкамі. Я адзін дома сядзеў дагэтуль. Доўга нідзе не тусаваўся ў нашым маленькім горадзе. Урэшце атрымалася потым усё само.

Першыя грошы на прымочку на гітару зьбіраў з грошаў на праезд: маці давала грошы, а я хадзіў пешшу.

Я мог ў дзяцінстве цэлы дзень праляжаць у сваім пакоі і слухаць музыку — цяпер так не магу.

Месца ў працоўнай кніжцы

Рома: І я нарадзіўся ў Магілёве. Шмат дзе вучыўся, шмат дзе працаваў. У мяне нават хутка скончыцца месца ў працоўнай кніжцы.

Рома: Адчуваньне, што музыка будзе маёй асноўнай працай, зьявілася калі трапіў у рок-гурт. Гэта было ў 1998 годзе.

Мы расьлі ў жудасным інфармацыйным вакууме. Ня ведалі нічога. Ні гурты, ні падзеі. Было нешта сакральнае ў гэтым ўсім. Цяпер такога няма.

Я думаў, што калі пра мяне напішуць у Музычнай газэце, дык гэта значыць, што я рок-зорка і можна ўжо нічога не рабіць.

Калі зьявіўся першы інтарэс у слухачоў, тады ўжо стала відавочна, што больш нічым іншым мне ў жыцьці займацца ня хочацца.

Akute на сябе зарабляе само. З гэтым усё ОК. Але на асабістае жыцьцё мы зарабляем асобна.

Першая праца? Я рабіў гумовыя запчасткі для аўтамабіляў Audi, мы пісалі на іх Made in Germany і адпраўлялі ў Маскву. Заробак быў 20 даляраў у месяц.

Стас: Я ніколі нідзе не падпрацоўваў. Першы заробак быў, калі пайшоў на працу пасьля тэхнікума. Сам знайшоў сабе месца працы, і мяне туды разьмеркавалі.

Рома: Я працаваў два тыдні па разьмеркаваньні там жа ў Магілёве. Прыйшоў на завод. Там усе сьмяяліся: хто ты? Як-як? О! Ну, не... Тут у нас людзі па трыццаць гадоў працуюць, каб такімі стаць. А ты толькі скончыў, прыйшоў і хочаш сказаць, што ты ўжо тэхноляг там ці інжынэр.

Бацькі і дзеці

Рома: Было цяжка зьяжджаць ад маці, каб жыць самому. Але калі дзеці зьяжджаюць, бацькі пачынаюць больш варушыцца.

Аднойчы мая мама прыйшла на мой канцэрт. Гэта было ў годзе прыкладна ў 2003-м. Я ёй гаварыў: ні-ні, ня трэба, навошта табе гэта. Але яна ўсё адно прыйшла. Сказала на ўваходзе, што яна мая мама, і яе прапусьцілі, канешне. І пайшлі ёй паказваць мяне. Але я быў... нецьвярозы. Прадугледжана ўжо спаў там за нейкай канапай. Таму мяне не знайшлі :) Мама якраз зьяжджала ў Піцер, і ўсё абышлося.

Стас: Я і цяпер жыву з маці. Але на канцэрты яе не пускаю.

Odnoklassniki. Прывітаньне, Андрэй!

Рома: Аднагрупнік зьехаў у Піцер адразу пасьля сканчэньня інстытуту. І праз год прыехаў дырэктарам уласнай фірмы на джыпе. Прывітаньне, Андрэй!

Стас: У тых, хто ідзе працаваць далей вось так пасьля навучаньня, галоўная мэта — грошы. А я ня ведаю, што рабіць з гэтымі грашыма, калі ў мяне ня будзе гурта, нейкай творчай справы. Справа дзеля таго, каб было больш грошай? Я буду сядзець дома і ня ведаць, куды іх патраціць.

Рома: Калі б мы ня верылі ў сваю справу, мы б нават і не пачыналі яе рабіць. Гэта не дзіцячыя гульні. Мы сур'ёзна займаемся гуртом. Не ставімся да яго як да хобі. Гэта наша жыцьцё. Нам нічога больш ня трэба.

Усе запісы мы рабілі за кошт ганарараў з канцэртаў. Гурт акупаецца на 100%. Найбольшая інвэстыцыя ў гурт з нашага боку — мы купілі сабе гітары, але тое было яшчэ да Akute.

У нас ёсьць магчымасьць пайсьці на нармальную працу, дзе будуць плаціць добрыя грошы, але няма сэнсу ў гэтым. Мы працуем цяпер на такіх працах, адкуль лёгка адпрасіцца.

Юра, мы кінулі працы!

Рома па тэлефоне: Алё. Так, так. Прыкладна ў шэсьць гадзінаў я буду ведаць усе расклады і мы зможам дамовіцца. Ок, тады набярыце мяне, калі ласка. Пакуль. Стас, гомельскі канцэрт 4 ці 5 мая? Нармальна?

Стас: :)) мяне выганяць з працы!

Ці магчыма зарабляць канцэртамі ў Беларусі? Не ў Беларусі, а беларусам.

Калі ў канцы года мы кінем працы, мы табе патэлефануем і скажам: Алё, Юра, ты не паверыш! :) Мы кінулі працы! 

Мы мабільныя, езьдзім на ўласным транспарце. Ўтрох граць зручна. Вандроўкі — гэта прыемная стомленасьць. Больш стамляесься, калі сядзіш дома і нічога ня робіш.

«Я і алькаголь»

На рэпэтыцыях мы ня п’ем. На канцэртах можам дазволіць крыху, але вельмі рэдка. Гісторыя з канапай — гэта было яшчэ ў часы «Глюкаў» і пасьля канцэрту.

Калі зусім ня піць, то гэта нездарова, напэўна.

Алькаголь не натхняе. Натхняюць стасункі зь сябрамі, з бацькамі.

Нават напіўшыся, можна нешта добрае раніцай пачуць на дыктафоне.

У іх няма ўжо гэтага піянэрскага кастра ў жопе

Сям'я і музыка — гэта розныя рэчы. Мы ня блытаем кіслае і гарачае. У сям'і мусяць разумець, што ты займаесься гуртом, а ў гурце павінны разумець, што ты займаеься сям'ёй. Ня будзе ні якіх пытаньняў: тут заткнуліся, тут заткнуліся. І ўсё ок :))

Ці сям'я ці канцэрты? Нічога ня трэба будзе абіраць — канешне, канцэрты. Сям'я павінна будзе разумець гэта. Іначай ня будзе ні таго, ні таго.

Яны ўсе там жанатыя ў Магілёве, дзяцей чакаюць. 

Стас: За апошні год тры сябры ажаніліся.

Рома: А мае ўжо разводзяцца.

Яны былі разьдзяўбаі: півасу папіць і г.д. А зараз гэта чалавек, які проста ходзіць на працу, які думае, што яшчэ зрабіць, каб мець някіслы паркет. Яму трэба існаваць, трэба жыць нармальна. У яго больш няма гэтага піянэрскага кастра ў жопе. Уступіў у партыю — і ўсё. Усе пайшлі ў лыжную сэкцыю — і я пайшоў. Але ўсё мусіць быць у свой час.

Стас: Раней думаў, калі быў малы: 18 гадоў!... Але наступіла — і нічога не адчуў. Цяпер ужо 23 нават. І нічога. А мой бацька ў 22 ажаніўся.

Ёсьць музыкі, якія займаліся нейкі час музыкай, потым ажаніліся і кінулі яе, потым зноў спрабуюць граць. Але ўжо нібы кастрыраваныя каты. Пагладжваюцца і ўсё.

Вырасьці — гэта значыць супакоіцца. Мы яшчэ не супакоіліся.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0831 seconds.