Akute выступяць на разагрэве ў Placebo
Гурт Placebo, які будзе выступаць у Менску 22 верасня абраў гурт, які адчыніць канцэрт. Сярод усіх дасланых заявак выбар брытанцаў спыніўся на беларускамоўных Akute.
Падрабязнасцей выступу магілёўскі гурт пакуль не ведае:
«Я з нагоды суботняга выступу пакуль нічога не ведаю, — распавёў Ultra-music бас-гітарыст Akute Раман Жыгараў. — Мы выслалі сваю заяўку і чакалі вынікаў. Наколькі мне вядома з інтэрнэту, музыкаў, якія будуць на разагрэве, выбіралі самі Placebo — гэта іх ўмова. З нагоды праграмы, якую адыграем ў Палацы спорту, яшчэ не думалі: канкрэтных умоў пакуль ніхто не агучваў. Магу сказаць адно: мы вельмі доўга чакалі прыезду Placebo. І, натуральна, вельмі прыемна, што мы ў іх на разагрэве: ігнараваць такое нельга».
Placebo — брытанскі гурт, сфармаваны ў 1994 годзе. Выпусціў цэлы шэраг хітовых альбомаў. Апошні з іх «Battle for the Sun», што выйшаў у 2009 годзе, разышоўся накладам болей за 1 млн дыскаў.