Барацьба за мірны атам

35-гадовы бацька чатырох дзяцей Віталюс Балкус сядзіць на драўляным палене ў двары свайго прыватнага дому ў элітным раёне Вільні Жверынас. Двор хаты, што ацяпляецца выключна дровамі, спалучаны з крамкай сонечных батарэй. Але Віталюс ужо некалькі месяцаў не займаецца продажам прыладаў альтэрнатыўнай энергетыкі: цяпер усе свае намаганні ён укладае ў барацьбу супраць таго, што на доўгія гады можа паставіць крыж на ўсёй альтэрнатыўнай энергетыцы Літвы: праекту атамнай электрастанцыі, якую плануюць узвесці побач з горадам Вісагінас у 8 кіламетрах ад Беларусі.

«Калі вецер падуе ў бок Вільні, мы атрымаем другі Чарнобыль. Дакладней, трэці. Тады Кіеву пашанцавала, але накрыла поўдзень Беларусі», — Віталюс на добрай расейскай рупліва тлумачыць усе небяспекі атамнай станцыі і для Беларусі, і для Літвы. У ягоным маналогу час ад часу праскоквае слова «Фукушыма» — ужыты паводле транскрыпцыі з ангельскай назоў японскай АЭС, што больш за год таму праз землятрус і цунамі ператварыла наваколле ў радыўсе 20 км у бязлюдныя землі. Колькасць радыяцыі, выкінутае тады ў паветра, паводле афіцыйных дадзеных толькі ў 5 разоў менш за чарнобыльскія маштабы.

«У выпадку Фукушымы дадзеныя хаваюцца», — Віталюс пераканаўча і троху механічна, але ад таго не менш натхнёна тлумачыць тэхнічныя асаблівасці працы АЭС. Некалькі месяцаў таму ён разам з паплечнікам з партыі «Саюз зялёных і сялян» дамогся, здавалася, неверагоднага: правядзення рэферэндуму па пытанні будаўніцтва станцыі ў Літве.

Пяць АЭС за 10 гадоў

Так сталася, што амаль адначасова цэлых чатыры памежных з Беларуссю дзяржавы задумаліся пра будаўніцтва АЭС недалёка ад нашай краіны. Першымі, выглядае, адмовіліся ад ідэі ў Латвіі. Пасля сумнеў у планах такога будаўніцтва пачалі выказваць у Польшчы. Апошняй ахвярай «атамных» скачак можа стаць Расея, якая па словах мясцовых эколагаў, найверагодней не здолее з-за звычайных расейскіх праблем дабудаваць АЭС у Калінінградскай вобласці. На ядзернай дарожцы засталіся толькі два неверагодна блізкія і адначасова далёкія гульцы: Беларусь і Літва.

Цяпер Літва, як і Беларусь, вымушаная набываць паліва і энергію за мяжой. Яна не мае значных радовішчаў уласных энергарэсурсаў. Горш за тое: гэта краіна не мае магчымасці атрымліваць энергетычную падтрымку з Усходу, якой можа пахваліцца наша краіна. Размовы пра новую АЭС у Літве пачаліся прыкладна ў той самы час, калі ў Беларусі сталі шукаць месца для ўласнай АЭС. Месца знайшлося, дарэчы, вельмі арыгінальнае: у 20 км ад мяжы з Літвой недалёка ад пасёлку Астравец — адным з самых экалагічна чыстых рэгіёнах краіны, якія не закранулі аблокі з Чарнобылю і бум бруднай савецкай прамысловасці.

Хутка Астравец набыў статус гораду, а вялікі кавалак поля каля яго абнеслі плотам і перакапалі. Нязгодных з рашэннем ураду, якое некалькі разоў абмяркоўвалася публічна хутчэй дзеля гачаку, знайшлося няшмат. Адзін з астравецкіх актывістаў хутка апынуўся ў шпіталі з інфарктам, нехта трапіў пад нагляд міліцыі, некага звольнілі. Супраць АЭС паспрабавалі выступіць эколагі ў Менску і Расеі, па праекту якой і будуецца Астравецкая станцыя. Аднак у апошніх не знайшлося ніякіх інструментаў ціску, акрамя як папяровыя петыцыі. Адну з такіх папер беларускія эколагі і актывісты Таццяна Новікава, Ірына Сухій і Міхаіл Мацкевіч, а таксама расейскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі паспрабавалі перадаць у знак пратэсту ў расейскую амбасаду ў Менску. Затрымалі і іх. Старшыня праўлення беларускага грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій атрымала штраф, астатнія, у тым ліку расеец, — некалькі сутак на Акрэсціна. Андрэю Ажароўскаму ў дадатак забаранілі ўязджаць на тэрыторыю Беларусі на бліжэйшыя 10 гадоў.

«Бацька, не будуй у нас пад носам монстра!»

Прыкладна ў той самы момант, калі Андрэй Ажароўскі выходзіў пасля арышту з менскага ізалятару, мы сядзелі ва ўтульнай кавярні ў цэнтры Вільні і размаўлялі з мясцовымі актывістамі антыядзернага руху.

«Нядаўна мы прыйшлі да беларускай амбасады з расцяжкай «Бацька, не бяры грошы, не будуй у нас пад носам монстра!» — расказвае 44-гадовы выкладчык свабоднага ўніверсітэту Вільні з анархічнымі перакананнямі Дарюс Пачавічус. Барадаты, у пацёртай цішотцы з выявай зоркі, ён пакідае ўражанне чалавека, які нягледзячы ні на якія абставіны застаецца верным абраным ім калісьці ідэалам. Незалежная група, у якую ён уваходзіць, за гэты год зрабіла тры акцыі ля беларускай амбасады. «Яшчэ мы, напрыклад, малявалі плакат пра трох атамных монстраў, маючы на ўвазе меркаваныя АЭС у Беларусі, Калінінградзе і Літве. Але такія акцыі нічога не прыносяць», — наракае актывіст.

«Сажаюць? Не, канешне ў нас такога няма! А вашым актывістам у Астраўцы помнік паставіць трэба», — Віталюс троху ажывае, калі чуе пытанне пра пераслед літоўскіх актывістаў з боку ўладаў. Так, ён назірае за падзеямі ў Беларусі. Не, у Беларусь ехаць не збіраецца.

«Нашы ўмовы адрозніваюцца ад беларускіх тым, што верагоднасць апынуцца ў паліцэйскім участку дастаткова невялікая. Былі і ў нас непрыемныя сітуацыі. Аднак прыватны ціск не пераходзіць мяжы».

«Здаецца, у вас там яшчэ не ўсіх павязалі, — жартуе Дарюс на пытанне пра сувязі беларускіх і літоўскіх актывістаў супрацьатамнага руху. — Вось, заўтра прыедзе адзін. Шмат прыязджае ў Вільню беларускіх нда-ашнікаў. Яны таксама, мабыць, атрымліваюць нейкія гранты з-за мяжы. Зараз, праўда, яны там нешта прыціхлі».

Галоўнай арэнай барацьбы прыхільнікаў і праціўнікаў літоўскай АЭС стала самая папулярная сацыяльная сетка Літвы Фэйсбук. Урад краіны, які выбраў праект АЭС японскай карпарацыі Хітачы, уклаў болей за $1.5 млн. у кампанію падтрымкі будаўніцтва станцыі. Па словах антыядзерных актывістаў, цэлыя піяр-агенцыі працуюць на паляпшэнне іміджу станцыі ў вачах літоўцаў: нехта прадукуе сотні станоўчых каментароў у сацыяльных сетках пра праект АЭС, а нехта працуе з традыцыйнымі медыямі. Па словах Віталюса, ён выявіў мінімум 20 ip-адрасоў, з якіх масава паступалі каментары «за» АЭС. «Некаторыя з іх былі звязаныя з піяр-агенцыямі».

«Літоўцы вельмі апатычныя, — працягвае жаліцца іншы актывіст андыядзернай групы Томас Жалаліс. Год таму ён далучыўся да руху Акупай Вільню, які таксама зарадзіўся ў Фэйсбук. Сёлета ён апынуўся сярод тых, хто актыўна супрацьстаіць будаўніцтву АЭС у Літве. — Калі ў Фэйсбуку ствараеш падзею, на якую запрашаеш тысячы людзей, то абяцаюць прыйсці якіх 200, а прыходзіць у выніку 5. А нават калі нехта і прыйдзе на чарговую антыядзерную акцыю, то медыі яе вельмі неахвотна асвятляюць».

Затое літоўскія медыі заўсёды звяртаюць ўвагу на пратэсты супраць беларускай АЭС. На такія, напрыклад, як ладзіць група, аб’яднаная вакол сайту Zali.lt. «Мы таксама стаялі каля вашай амбасады. Хацелі, каб выйшаў ваш амбасадар, каб перадаць яму подпісы людзей супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Але ніхто не выйшаў. У Беларусі, мабыць, і не ведаюць, што ў Літве пратэстуюць», — прыгадвае адзін з удзельнікаў таго пікету 31-гадовы Лаўрынас Акоцкіс.

За два дні да рэферэндуму аб пытанні будаўніцтва АЭС у Літве баталіі аб ім становяцца ўсё гарачэй. Вось некалькі аргументаў, што найчасцей гучаць з вуснай прыхільнікаў і праціўнікаў АЭС:

Прэм’ер-міністр ураду Літвы Андрус Кубілюс

«Калі мы не пабудуем сваю АЭС, то Расія і Беларусь сапраўды пабудуюць свае. А ў выпадку поспеху літоўскага праекта, расійскі і беларускі можа спыніцца».

«Элементарныя падлікі паказваюць, што праз дывідэнды ў дзяржбюджэт за гэтыя 60 гадоў вернуцца вялікія сумы — больш за дзесяць мільярдаў літаў (2.9 млрд. еўра), калі не больш».

Актывіст супрацьатамнага руху Дарюс Пачавічус

У прыхільнікаў АЭС ёсць два асноўныя аргументы. Энергетычная незалежнасць ад Расеі — гэта нумар адзін. Таму што мы купляем газ у Газпрому, і гэта каштуе дорага. А калі мы будзем мець сваю электрастанцыю, то купляць не будзем, а будзем неяк аўтаномна. Але ж мы ўсё роўна будзем купляць у Расеі ўран.

Другі аргумент — эканамічны. Людзей пераконваюць, што гэта электраэнергія будзе каштаваць танна, некалькі цэнтаў. Але, калі эксперты падлічваюць увесь кошт, уключаючы і закрытыя электрастанцыі [у выніку будаўніцтва АЭС], то атрымліваецца — вельмі вялікая сума. Але нікога гэта не хвалюе.

Андрыюс Мамантавас, папулярны музыка

Антыядзерны допіс аднаго з самых папулярных літоўскіх музыкаў зроблены ўчора ў Фэйсбуку, атрымаў ужо болей за 1 000 лайкаў і 266 расшарванняў. Аднак у каментарах пасля многія паабяцалі выдаліць песні музыкі з іх кампутараў, а буйны партал www.DELFI.lt апублікаваў меркаванне, у якім Мамантовас называецца «агентам Газпрому». Вось адзін з аргументаў Мамантаваса:

«Я не хачу, каб побач з маім домам з’явіўся плот электрастанцыі, незалежна ад таго, колькі мяне пераконваюць у яе бяспецы».

Шанец на правядзенне дыскусіі альбо звычайны піяр?

«У літоўскага МЗС няма ніякай пазіцыі па пытанні будаўніцтва станцыі ў Беларусі», — лічыць Віталюс Балкус. Затое ва ўладаў Літвы ёсць выразная пазіцыя аб АЭС у іхняй краіне: без яе, маўляў, нікуды.

«Затое мы сабралі 110 тысячаў подпісаў супраць будаўніцтва АЭС», — кажа Віталюс, маючы на ўвазе подпісы, сабраныя рознымі групамі ў падтрымку рэферэндуму аб пытанні будаўніцтва АЭС у Літве. Ён мусіць адбыцца 14 кастрычніка. У гэты ж дзень пройдуць выбары ў літоўскі парламент.

Рэферэндум, арганізаваны пад ціскам эколагаў, актывісты не лічаць за значную перамогу. Нягледзячы на тое, што, як яны мяркуюць, большасць літоўцаў выступаюць супраць АЭС. Каб надаць рэферэндуму законную моц, сабраць трэба было не 110, а 300 тысяч подпісаў (кожны 10-ы літовец мусіў пагадзіцца на плебісцыт). У любым разе, кіруючая кааліцыя напярэдадні парламенцкіх выбараў пайшла насустрач актывістам. І цяпер тыя ламаюць галовы: навошта?

Нехта, як Лаўрынас Акоцкіс, лічыць, што такім чынам улады спрабуюць узняць падзатухлую цікаўнасць літоўцаў да палітыкі наогул і падвысіць яўку на парламенцкіх выбарах. Іншыя, як Віталюс Балкус, бачаць у рэферэндуме шанец для распальвання дыскусіі ў грамадстве. Няхай ягоныя вынікі новы парламент і цалкам праігнаруе.

Выглядае, што барадаты анархіст-выкладчык Дарюс Пачавічус троху засмучаны тым, што аказаўся ўцягнутым у гэтыя атамныя баталіі. Будаўніцтва АЭС, кажа ён, гэта найперш вялікія грошы, якія «дзеляць бізнесоўцы і палітыкі».

«Мае сябры, якія рабілі антыядзерныя дзеянні, вельмі засмучаныя. Бо ўсё працуе на карысць палітычных партый, якія далучыліся да антыядзернага руху. Атрымліваецца, мы працуем на рэйтынгі такім партыям, партыйныя дзеячы вельмі разумна піярацца: усе акцыі яны прысвойваюць сабе. Мы не ведаем, што рабіць. Сітуацыя амаль безвыходная».

Актывісты руху Акупай Вільню Томас і Рычардас разварочваюць троху падраны чорны, падобны да пірацкага, сцяг руху. Больш схільны да развагаў пра палітыку і адносіны паміж Літвой, Беларуссю і Расіяй, Рычардас мог бы са сваёй інтэлігентнай знешнасцю сысці за ідэолага руху. Томас хутчэй нагадвае бескапраміснага барацьбіта. І выразна спраўджвае свой імідж, калі на развітанне пасля пытання аб пэўнай рысе ў антыядзерных пратэстах выдае:

«Мы будзем пратэставаць у любым разе, — і троху падумаўшы дадае. — Мы ж максімалісты».

Атамная геаграфія


Гэты артыкул стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Міністэрства замежных справаў Літоўскай Рэспублікі ў межах праекту Made in Belarus

Фота: Юля Ваўчок

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.