5 парадаў ад стваральнікаў аўкцыёну сустрэч пра паспяховыя знаёмствы ў Інтэрнэце

Мы звярнуліся да вопытных інтэрнэт-зводнікаў — стваральнікаў дабрачыннага аўкцыёну сустрэч «Мае Сэнс» — з просьбай даць некалькі парадаў па практыках паспяховых знаёмстваў у Сеціве.

«Мае Сэнс» дазваляе выставіць ці купіць магчымасць сустрэцца з хлопцам ці дзяўчынай. Галоўнай асаблівасцю праекту ёсць ягоная накіраванасць на дабрачыннасць — 80% сабраных сродкаў ідуць на дапамогу хворым дзецям, фондам і хоспісам, а таксама дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам.

1. Што лепей пазначыць ва ўласнай электроннай анкеце на аўкцыёне «Мае Сэнс»?

У анкеце прапанаваныя пытанні, якія дапамогуць у сціслай форме распавесці пра сябе. Можна размясціць самую рознабаковую інфармацыю пра ўласную асобу, інтарэсы, дасягненні, чаканні ад сустрэчы. А таксама ёсць магчымасць адказаць на пытанне, якое патлумачыць наведвальнікам старонкі, чаму ж Вы вырашылі дапамагчы дзецям.

2. Які здымак выбраць?

Як паказвае статыстыка сайту, увагу прыцягваюць фотаздымкі, якія найбольш яскрава адлюстроўваюць унутраны свет чалавека, ягоныя інтарэсы і стыль жыцця. Але ж ёсць і анкеты, у якіх змешчаныя звычайныя жыццёвыя фота. Часам яны збіраюць на аўкцыёне зусім не дзіцячыя сумы! :)

3. Што рабіць, калі ніхто не робіць стаўкі на мяне?

Падвысіць цікаўнасць да сваёй сустрэчы (лоту) можна, распавёўшы пра яе сябрам у сацсетках. Такім чынам Вы звяртаеце ўвагу досыць вялікай колькасці карыстальнікаў і адначасова падвышаеце рэйтынг Вашай старонкі ў праекце.

Да таго ж сустрэча на сустрэчу не прыходзіцца. Часам на Вас могуць паставіць маленькую суму, а часам — вельмі вялікую. Але ў любым разе Вы знаёміцеся з новымі людзьмі, а заадно робіце добрую справу.


Плыўчыха Герасіменя больш чым у два разы «даражэйшая» за вядоўцу з БТ Кур'яна. Зрэшты, найвышэйшую стаўку на Кур'яна пакуль зрабіла сама Герасіменя

Добра, Вы выставілі на аўкцыён сваю сустрэчу, яе хтосьці набыў, а што пасля?

4. Што рабіць, калі ён (яна), не прыйшоў(ла) на сустрэчу?

Пакуль такіх выпадкаў, здаецца, не было. Але цяжка ўявіць сабе гэтую сітуацыю. Бо два бакі зацікаўленыя пабачыцца ці хаця б стэлефанавацца паміж сабою. «Мае Сэнс» не ёсць класічным сайтам знаёмстваў, людзі проста сустракаюцца, каб добра пабавіць час за кубкам гарбаты ці, напрыклад, арганізаваць шпацыр на роварах.

5. Як сябе паводзіць, калі чалавек не адпавядае чаканням/анкеце?

Калі хтосьці выстаўляе сустрэчу з сабой, уся інфармацыя і фота праходзяць праз працэс мадэрацыі. Таму верагоднасць таго, што звесткі пра чалавека не будуць адпавядаць тым, што змешчаныя ў анкеце, мінімальная.

Варта дадаць, што беларускім праектам «Мае Сэнс» зацікавіліся не толькі ў нашай краіне, але і ў ЗША і Расеі. У Амерыцы праект пачаў сваю працу ў пачатку лета пад назовам Goodwillion (ад goodwill — добрая воля). Падрабязней пра амерыканскія прыгоды беларусаў чытайце ў нас пазней.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.