Менскія ўлады спрачаюцца з дэпутатамі за льготы для студэнтаў

У менскіх уладаў няма адзінства аб пытаньні вяртаньня студэнтам ільготаў на праезд. У той час, калі дэпутаты мясцовага парлямэнту выступаюць «за» вяртаньне, адміністрацыя гораду жадае патраціць грошы на нешта іншае. Напрыклад, на чэмпіянат па хакеі, а студэнтам пакінуць толькі частку льготаў альбо нічога.

Нагадаем, на мінулым тыдні сьпікер парлямэнта Менску абвясьціў аб тым, што з пачаткам навучальнага году менскія студэнты зноўку будуць езьдзіць бясплатна у грамадзкім транспарце. На гэта было вырашана вылучыць пэўную частку з сумы ў $69 млн. — бюджэту, накіраваным на разьвіцьцё грамадзкага транспарту

«З 1 верасьня мы плянуем вярнуць бясплатны праезд для студэнтаў», — сказаў сьпікер Савановіч.

Аднак літаральна празь некалькі дзён намесьніца мэра Жана Бірыч сказала, што пытаньне яшчэ ня вырашанае, бо грошай можа не хапіць:

«Гэтае пытаньне будзе разглядацца як на паседжаньні мэрыі, гэтак і на сэсіі гарадзкога савету дэпутатаў у жніўні. Мы будзем бачыць фінансавыя плыні, у колькі нам гэта абыдзецца, ці зможа горад зь бюджэту вырашаць гэтыя пытаньні. Потым і будзе прынятае рашэньне», — цытуе Бірыч БелаПАН.

«Магчыма, льготу для студэнтаў па праезду ў грамадзкім транспарце ў поўным памеры вярнуць не атрымаецца, але іншыя меры падтрымкі будуць разглядацца», — заявіла Бірыч.

Супрацьлеглыя заявы чыноўнікаў сьведчаць аб унутранай барацьбе ва ўладных колах. Кошт пытаньня немалы: $69 млн. можна накіраваць на падтрымку студэнтаў, а можна — на чэмпіянат сьвету па хакеі, будаўніцтва мэтро. Акрамя гэтага многае будзе залежаць ад кошту праезду ў гарадзкім грамадзкім транспарце для іншых катэгорый пасажыраў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.