Гісторыя посьпеху: як зрабіць шалёна папулярны беларускамоўны паблік vkontakte

Ты штодзень заходзіш у VK, каб абнавіць стужку навінаў, і замест звычайных разумных-вясёлых-цынічных малюнкаў, што ў апошнія месяцы дамінуюць у гэтай сацыяльнай сетцы, на вочы трапляецца прыгожы малюнак з дасьціпным, але троху філязофскім тэкстам. Гэта сьведчыць пра дзьве рэчы: адзін з тваіх сяброў хутчэй за ўсё падпісаўся на старонку Lit.bel., што ў сваю чаргу робіць твайго сябра адным зь яе 17 тысячаў падпісчыкаў. Мы высьветлілі, хто стаіць за гэтай старонкай, якая цяпер паказвае самы хуткі рост сярод усіх беларускамоўных «паблікаў».


Сяргей Савіч

Казаць, колькі цяпер падпісантаў у Lit.bel, проста ня мае сэнсу: у той момант, калі Generation.bY дамаўляўся на інтэрвію зь яе заснавальнікам Сяргеем Савічам, старонку праглядалі каля 10 тысячаў чалавек, у момант размовы яе аўдыторыя вырасла да 17 тысячаў, а ўжо на наступны дзень да яе дадаліся яшчэ паўтысячы чалавек.

Як сьцьвярджае Сяргей, такую папулярнасьць публічная старонка здабыла дзякуючы ягонаму энтузіязму, пэўнаму вопыту працы ў гэтай сацыяльнай сетцы і празь цягу аўдыторыі да беларускай мовы. Зрэшты, галоўнае адрозьненьне старонкі Lit.bel. ад іншых, апісаньне якой сфармуляванае як «буфэрная зона беларускай мовы і культуры», палягае якраз у колькасьці гэтай мовы. У самай папулярнай у Беларусі расейскай сацсетцы Vkontakte не прынята камунікаваць па-беларуску нават сярод тых беларусаў, хто ня супраць выкарыстаць родную мову ў жыцьці альбо на іншых сайтах. У гэтым сэнсе вопыт Сяргея Савіча ўнікальны: ягоная старонка першая прадэманстравала такі хуткі рост падпісчыкаў, што дазваляе казаць аб праекце Lit.bel. як аб пасьпяховым стартапе.

Ад «Тыповага Мінску» да нетыповай Беларусі

Зрэшты, сам 28-гадовы мастак з Жодзіна Сяргей Савіч не разглядае Lit.bel. як нейкі бізнэс-праект ці інструмэнт атрыманьня ўплыву на беларускую аўдыторыю ў VK.

«Галоўная задача Lit.bel. — зрабіць так, каб народ не саромеўся сваёй мовы, — кажа Сяргей. — Канешне, у вузкіх колах яна мае пэўны статус, яе любяць і на ёй размаўляюць. Але цяпер ва ўсёй краіне такая сытуацыя, што збольшага мала хто яе ведае так, каб па-беларуску можна было гаварыць прыгожа».

Lit.bel. — ня першая спроба Сяргея ў раскрутцы публічных старонак ці «паблікаў». Ствараць такія старонкі ў VK стала магчымым адносна нядаўна. Паблік — гэта той самы акаўнт — аналяг «пэйджаў» у Фэйсбуку — але, каб праглядаць яго, ня трэба дадавацца да кагосьці ў сябры. Карыстальнікі проста падпісваюцца на старонку, і ўсе паведамленьні пабліку ў залежнасьці ад наладак пачынаюць зьяўляцца ў іхніх стужках навінаў. У такіх старонак звычайна адзін альбо некалькі мадэратаў: толькі яны маюць права пакідаць паведамленьні на сьцяне пабліка.

Першым сапраўды папулярным паблікам Сяргея стала расейскамоўная старонка «Тыповы Мінск». Цяпер у яе 32 тысячы падпісчыкаў, хаця яшчэ шэсьць месяцаў таму іх было некалькі дзесяткаў.

«Тыповы Мінск» я стварыў напрыканцы лістападу 2011, але займацца пачаў — паводле прыкладаў падобных старонак Піцеру, Кіева — у 2012, — кажа Сяргей. — У Менску такога яшчэ не было. Таму хацелася паказаць народу, што можна рабіць такое і тут. Нейкія сябры пабачылі паведамленьні са старонкі на маёй сьцяне і пачалі на яе падпісвацца«.

Але сапраўдны бум пабліку пачаўся напрыканцы зімы, калі ў яго «пачалі прыходзіць невядомыя людзі. Тады я адчуў, што гэта даволі цікавая штука». Калі колькасьць падпісчыкаў «Тыповага Мінска» дасягнула 20 тысячаў чалавек, Сяргей стварыў новы праект, «каб ён быў ня толькі пра Менск, але і пра Беларусь». Так узьнік Lit.bel.

«Рабіце самі. Рана ці позна вы даб’ецеся нейкага выніку»

Цытаты і фотаздымкі для пабліка Сяргей знаходзіць у Інтэрнэце.

«Але нейкага аднаго месца, дзе можна знайсьці ўсе гэты разумныя словы і прыгожыя малюнкі, няма. Часам нешта чытаеш-чытаеш па-ангельску, расейску, украінску, зьяўляецца думка ў галаве, і ты пачынаеш нешта прыгадваць, адаптоўваць да нашага чалавека», — апісвае працэс стварэньня кантэнту Lit.bel. Сяргей. Агулам у дзень на свае старонкі ў сацыяльнай сетцы ён траціць па некалькі гадзінаў: «гэта вялікая праца».

«Я стварыў Lit.bel. у канцы красавіка-пачатку траўня. І ўжо празь месяц-два там было дахалеры народу. Думаю, гэта толькі пачатак».

Сяргей ужо адчуў адзін з бакоў папулярнасьці: да яго пастаянна зьвяртаюцца людзі, што хочуць хутка раскруціць уласныя паблікі і групы.

«Мне даволі часта прапануюць супрацоўніцтва, пытаюць парады. У адказ на гэта я кажу: „рабіце самі. Рана ці позна вы даб’ецеся нейкага выніку“. Але людзі вельмі нецярплівыя. Можа быць, зараз такое пакаленьне, што ня хоча чакаць».

«Адно з галоўных правілаў стварэньня пасьпяховых паблікаў — разумець, што людзі хочуць пабачыць і што яны будуць камэнтаваць і адзначаць. Важна, у які час рабіць пасты, колькі разоў у дзень. Гэтыя дробязі даволі моцна ўплываюць на іх посьпех. Але я ня вельмі карыстаюся падобнымі колькаснымі правіламі».

Зрэшты, аб будучыні Lit.bel. у Сяргея няма цьвёрдага ўяўленьня.

«Vkontakte увесь час нешта мяняе. Магчыма, хутка нешта новае зноўку зьявіцца — і паблікі могуць адысьці ў цень. Але калі нешта і захочацца памяняць — то памяняю стыль старонкі. Самае галоўнае, каб беларуская мова заставалася. Каб людзі ішлі на старонку дзеля яе».

Самыя папулярныя малюнкі Lit.bel.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.