Сацыяльная сетка Vkontakte перайшла пад 100% кантроль адыёзнага алігарха

Mail.ru Group, якой валодае алігарх Алішэр Усманаў, паведаміла сёння пра набыццё рэшты сацыяльнай сеткі Vkontakte. Буйнейшая рускамоўная сацыяльная сетка такім чынам перайшла пад 100% кантроль самага багатага алігарха Расеі.

Алішэр Усманаў

Раней Mail.ru Group ужо прыдбала 52% сацыяльнай сеткі, цяпер у яе ўласнасць перайшла і рэшта з 48% акцый. Агульны пакет Vkontakte каштаваў групе Ўсманава каля 2 млрд. Грошы на новую ўгоду Mail.ru выдаткавала з уласнага бюджэту, а таксама з крэдыта Газпромбанка.

Бакамі ўгоды сталі Mail.ru, Фонд UCP Іллі Шэрбовіча і заснавальнік Vkontakte Павел Дураў — усе яны дамовіліся пра тое, што ранейшыя разнагалоссі цяпер урэгуляваныя. Цягам некалькіх апошніх гадоў уладальнікі Vkontakte знаходзіліся ў канфлікце, які перыядычна выходзіў у медыі. 

Уладальнікам групы Mail.ru з’яўляецца самы багаты чалавек Расіі Алішэр Усманаў. Паводле дадзеных часопіса Forbes, у 2013-м маёмасць алігарха складала каля $17.6 млрд. Будучы аліхарх перабраўся ў Расею з Узбекістана, дзе праходзіў па некалькіх крымінальных справах і быў асуджаны на 8 год, але вызвалены датэрмінова праз тры гады. Экс-амбасадар Вялікабрытаніі ва Ўзбексітане Крэйг Мюррэй называе новага ўладальніка Vkontakte гангсцерам і рэкецірам.

Mail.ru Group валодае шматлікімі медыямі ў рускамоўным сегменце Сеціва, а таксама сацыяльнымі сеткамі «Одноклассники» і «Мой мир».

У красавіку 2014 года Павел Дураў сышоў з пасады генеральнага дырэктара «Вконтакте» і з’ехаў з Расіі. Заснавальнік Vkontakte таксама заяўляў, што быў змушаны прадаць свой пакет акцый, бо сацыяльная сетка адмовіла ФСБ у выдачы звестак пра ўкраінскіх карыстальнікаў, якія стварылі 39 паблікаў, прысвечаных ЕўраМайдану.

Карыстальнікі сацыяльнай сеткі «Одноклассники», якой раней завалодаў Mail.ru Group, паведамляюць пра шматлікія факты цэнзуры: папулярныя відэа, якія крытыкуюць Пуціна і агрэсію РФ супраць Украіны, часта блакуюцца ўжо праз некалькі гадзінаў пасля публікацыі. 

Паводле дадзеных Gemius, сацыяльная сетка vk.com з’яўляецца самым наведвальным рэсурсам сярод беларусаў, штодня на яе з Беларусі прыходзяць каля 1.5 млн чалавек.


Ягор Канапкін 14:50, 16.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0613 seconds.