Іншае жыццё на ўкраінскім «АртПолі»

«Вандроўка на любы фестываль — гэта заўсёды чаканне пазітыўных эмоцый, новых знаёмстваў ды файнай музыкі, — піша пра ўкраінскі фэст „АртПоле“ знаўца ўсходнееўрапейскіх фестываляў Спадар Спірт. — Калі ты ніколі не чуў большасць гуртоў, што маюць выступіць на галоўнай сцэне фэсту, гэта не страшна, бо на такім мерапрыемстве як юбілейнае 10-е „АртПоле“ нецікавых каманд не бывае».

Вандроўка на любы фестываль — гэта заўсёды чаканне пазітыўных эмоцый, новых знаёмстваў ды файнай музыкі. Калі ты ніколі не чуў большасць гуртоў, што маюць выступіць на галоўнай сцэне фэсту, гэта не страшна, бо на такім мерапрыемстве як юбілейнае 10-е «АртПоле» нецікавых каманд не бывае.

Каб дабрацца да месца правядзення фестывалю, нам давядзецца праехаць з Менска амаль 900 км. па беларускіх і ўкраінскіх дарогах. Ды па такіх месцах, дзе, падаецца, праходзілі яшчэ танкі падчас Другой сусветнай вайны. Прычым пасля гэтага дарогу, падаецца, там не мянялі. Сам фэст ужо другі год запар размясціўся на пакатым беразе Днястроўскага каньёну ля хутару Уніж, што ў Івана-Франкоўскай вобласці Украіны.

Па-за цывілізацыяй

Па прыездзе кідаецца ў вочы высокая гара на супрацьлеглым беразе ракі Днястар. Пакрытая лесам, на самым версе яе стаіць яшчэ адзін аддалены ад цывілізацыі хутар. Каб дабрацца туды, давядзецца пераплыць саму раку, плынь якой даволі моцная, нават па карпацкіх мерках, падняцца ўздоўж вадаспадаў па горнай дарозе ды, нарэшце, атрымаць асалоду ад маляўнічых прыкарпацкіх краявідаў.

Яблыневы сад, што месціцца за галоўнай сцэнай «АртПоля», расфарбаваны ва ўсе колеры вясёлкі. Гэта ўсё ад намётаў гасцей ды ўдзельнікаў фэсту. Сцежка да рэчкі праходзіць роўненька праз увесь лагер. Яе аблюбавалі майстры хэнд-мэйд сувеніраў, адзення, мыла, музычных інструментаў, сумесяў зёлак для гарбаты. Далей стаяць мясцовыя гуцулы, у якіх можна танна пахарчавацца вясковымі прысмакамі. Пэўная частка фэсту заўсёды праходзіла ля гэтых самых намётаў, бо кожны трэці меў пры сабе нейкі музычны інструмент: дрымбу, дарбуку, джамбэй, маракас ці шэйкер.

Брытанцы, фіны і беларусы на адной сцэне

Штовечар, а 20-й гадзіне на галоўнай сцэне пачыналася галоўная музычная частка. На фэсце нам пашанцавала патанчыць пад такіх майстоў этна-тэхна, як брытанцы Transglobal Underground. Іх касмічная музыка была не горшая за бенефіс Льва Лешчанкі на Славянскім Базары, што ў той самы час адбываўся дзесьці на поўначы. Фінскія хлопцы з гурта Jaakkoo Laitinen & Väärä Raha заводзілі энергічныя балканскія матывы на пяці мовах, што не дало магчымасці публіцы пастаяць на месцы на працягу ўсяго выступу.

Нашы хлопцы з менскага Port Mone выступілі не толькі ў першы ж дзень фэсту, але і разам з украінскімі ды літоўскімі майстрамі перфомансу агню і сталі. Музычнае афтэпаці пасля сканчэння выступаў на галоўнай сцэны можна было працягнуць у некалькіх месцах. Эксперыментальная сцэна дазваляла арганізоўваць уласны музычны слэм хоць да раніцы, чым большасць «выжыўшых» і змагла скарыстацца, захапіўшы з сабой хэдлайнераў дня.

USB-порт да Сонца

Даволі незвычайна было не адчуваць укусаў звычайных для беларускага клімату камароў, хоць фэст і праходзіў ля самай рак. Прыкарпацкая прырода ўсё ж вельмі прыемна адрозніваецца ад беларускай. На фэсце можна было сустрэць людзей, якія ўмеюць разганяць дажджавыя хмары, лавіць сонечнае выпраменьванне ды зараджаць ім мабільныя тэлефоны праз USB-порт, рабіць лаўцы сноў ды развешваць іх на кожным дрэве. Агульная атмасфера была на столькі пазітыўнай, што нашы знаёмыя, якія штодня гублялі пад сцэнай свае ключы, спакойна маглі забраць іх на наступны дзень у штабе арганізатараў фестывалю. Усе мабільныя тэлефоны пакідаліся для зарадкі наўпрост на вуліцы, падлучаныя да некалькіх разетак, адмыслова для гэтага размешчаных тут.

Кожны ахвочы мог выступіць на сцэне у складзе каманды «Перкалабавых Прыдаткаў», што ўтварылася ды рэпетавала непасрэдна падчас фестывалю. Тое ж самае адбывалася з імправізаваным аркестрам, інструменты якога былі зробленыя выключна з садавіны ды гародніны. Увогуле майстар-класы зацікавілі б кожнага. Можна было атрымаць урокі грання на дрымбе, гарлавых спеваў, фаершоў, кавальскага майстэрства, ёгі.

Акрамя музычнага складніка «АртПоле» заўсёды быў яшчэ і фестывалем лэндарту. Трохметровы крыж са шпакоўняў, драўляная платформа з птушынымі пер’ямі на Днястры, выявы гуцулаў на шкле, шматлікія графіці на ўсіх сценках фэсту — усё гэта стварала ўнікальную атмасферу, якую пры магчымасці хацелася б запісаць на носьбіт, для далейшага аднаўлення.

Хоць раней нам і даводзіла бываць на іншых месцах базавання гэтага фэсту, цяпер можна быць упэўненым, што фестываль атабарыцца тут яшчэ не на дзін год, бо лепшае месца для яго правядзення знайсці складана.

Болей фота з украінскага фэсту ў нашым фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.