ААН распаўсюдзіў правы чалавека на Інтэрнэт

Такія фундамэнтальныя правы чалавека, як права на свабоду слова і думкі цяпер афіцыйна распаўсюджваюцца і на Інтэрнэт. Гэта ў адмысловай рэзалюцыя прызнала Рада ААН па правах чалавека. Адзін з распрацоўшчыкаў дакумэнту міністар замежных справаў Швэцыі назваў прыняцьце дакумэнту «перамогай Інтэрнэту».

Рада ААН па правах чалавека прыняла першую ў гісторыі рэзалюцыю аб свабодзе распаўсюджваньня інфармацыі ў Інтэрнэце. 47 дзяржаў-сябраў ААН, у тым ліку Кітай і Куба, падпісалі дакумэнт, у якім гаворыцца пра тое, што права на доступ у Інтэрнэт ёсьць неад’емным правам чалавека і ня можа быць нікім абмежаванае.

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більд ў сваім артыкуле для The New York Times назваў дакумэнт «перамогай Інтэрнэту»:

«Мы ня можам дапусьціць, каб кантэнт у Інтэрнэце нейкім чынам абмяжоўваўся у залежнасьці ад часовых перавагаў палітычных лідэраў. Сапраўднае разьвіцьцё магчымае толькі праз абарону права на доступ да адкрытага і глябальнага Інтэрнэту», — напісаў міністар пасьля зацьверджаньня дакумэнту ў Жэнэве.

Цягам абмеркаваньня Кітай, Расея і Куба выступілі з крытыкай рэзалюцыі. Прадстаўнік Кубы адзначыў, што інтэрнэт-прастору збольшага кантралюе ЗША, а рэальны доступ да інфармацыйных тэхналёгій маюць толькі 30% насельніцтва краін сьвету і прыняцьце рэзалюцыі ніяк не дапаможа гэта змяніць. Прадстаўнік Кітаю сказаў, што людзі, у прыватнасьці моладзь, таксама маюць патрэбу ў абароне ад шкодных сайтаў, парнаграфіі і гвалту ў Інтэрнэце.

У сваю чаргу адзін з распрацоўшчыкаў дакумэнту — прадстаўнік Тунісу — сказаў, што Інтэрнэт меў важную ролю ў мабілізацыі людзей у час нядаўняй рэвалюцыі ў гэтай краіне. У сваю чаргу міністар замежных справаў Швэцыі адзначыў, што без Інтэрнэту мы б наўрад ці даведаліся б аб усіх выпадках гвалту, што адбываюцца цяпер у Сірыі.


Чырвоным пазначаныя краіны, дзе існуюць вялікія праблемы са свабодай Інтэрнэту. Беларусь мае шанцы хутка перайсьці ў катэгорыю "чорных" дзяржаў з "поўнай цэнзурай"

Адносіны Беларусі і ААН з нагоды стану правоў чалавека цяпер знаходзяцца ня ў самым выдатным стане. Традыцыі ўладаў ў забясьпечваньні гэтых правоў нядаўна прымусілі ААН прызначыць спэцдакладчыка па Беларусі. Цяпер ён, верагодна, зоймецца ў тым ліку і маніторынгам парушэньняў правоў у Байнэце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0738 seconds.