Пра Паліну Паланейчык раптам загаварылі трохі больш за паўгады таму. Пасьля яе перамогі на фэстывалі «Бардаўская восень» відавочцы сталі настойліва раіць сваім фрэндам у сацыяльных сетках зьвярнуць увагу на творчасьць гэтай студэнткі Акадэміі Мастацтваў. За некалькі месяцаў пра Паліну гаварылі і напісалі так шмат, што цяпер падаецца, нібы ўсё гэта пачалося вельмі даўно. 18-гадовая Паліна Рэспубліка — новы герой сэрыі інтэрвію Generation.by «Кім я стану, калі вырасту».
Я нарадзілася ўвесну 1994 году ў Менску, гэта быў радзільны дом, што на Акадэміі навук, палата знаходзілася на 3-м паверсе. Матуля нарадзіла мяне ў 21 год, тату было столькі ж. Зараз маці гадуе дзетак, бо ў мяне 2 браты: 2 і 6 год. Бацька мае сваю фірму, робіць ёлкі ды розныя навагоднія радасьці.
У дзяцінстве мне ўсё было вельмі цікава. Я любіла нешта падпаліць, зламаць. Зараз, канешне, гэтага менш.
Аднойчы я хацела спаліць свой ложак. Проста абляпіла яго плястылінам і вырашыла, што лягчэй будзе спаліць яго, чым чысьціць рукамі.
Калі браць у рукі фарбы, то я намалявала б сваё дзяцінства ў яркіх зялёных, жоўтых і блакітных колерах.
Прэзыдэнт лічыць, што я з шматдзетнай сям'і, але ж так атрымалася, што матуля нарадзіла майго першага брата, калі мне было 11, а другога — калі мне было 16, таму я лічу, што я, матуля і тата — дарослыя і ў нас двое дзетак.
Зьяўленьне брацікаў вельмі моцна паўплывала на маё жыцьцё. Гэта з аднаго боку, адказнасьць, але ты ня можаш заўсёды быць зь імі сур'ёзнай, таму маё жыцьцё падзяляецца на вельмі дарослую Паліну і вельмі недарослую Паліну. Бывае, ты як вар'ятная птушка носісься па кватэры, а бывае, на вуліцы да цябе зьвяртаюцца «Жанчына, жанчына, Вам бы трэцяга яшчэ».
Быў час, калі я казала ўсім, што хачу стаць «учителём». Потым нейкі правал, але я вельмі хвалявалася ў дзіцячым садку і школе з нагоды таго, што ня ўмела маляваць. Усе мае сяброўкі ўмелі і хацелі стаць дызайнэрамі, а я ня ўмела. Мне гэта не падабалася і адпаведнага жаданьня стаць дызайнэрам у мяне не было. Ну як гэта, ня так як усе?
Я спрабавала сябе ў ролі журналіста, пісала артыкулы ў газэты кшталту «Юный спасатель», але калі напісала свой апошні артыкул пра бульбу, то вырашыла, што гэта не маё. Потым у тэатры трошкі пайграла і падумала пра Акадэмію мастацтваў, я хадзіла на курсы, але ж мне падалося, што я расчаравалася. І тады я вырашыла паступаць у наргас на «дырэктара аграпрамысловага комплексу».
Я сапраўды лічыла, што творчыя спэцыяльнасьці не для мяне. Але ж паступіла ў выніку ў Акадэмію мастацтваў. Праўда, ня ведаю, які зь мяне рэжысёр атрымаецца :)
Час ад часу мяне пужае, што я навучаюся ў Акадэміі Мастацтва, мне здаецца, што я ня скончу гэтыя тры курсы, бо тут таксама патрэбна аддаваць сябе на ўсе 100. А я не магу быць адначасова і ў музыцы, і ў рэжысуры.
У маім жыцьці заўсёды было ўсяго шмат і, бывае, падаецца, што так усё надакучыла, што вось-вось — і пашлеш усё. Але ж калі ты разумееш, што зрабіў усё, што ад цябе патрабуюць і нават больш, то адчуваеш неймаверны кайф.
У мяне добры настрой, калі я адчуваю сябе занятай.
Ёсьць рысы характару, ад якіх я хацела б пазбавіцца, але ж безь іх я буду ня я. Калі не было б нейкіх дрэнных рысаў, напэўна, не было б чагосьці станоўчага, бо гэта сваеасаблівы ланцужок. У чалавеку ўсё гарманічна. Тыя рысы, якія перашкаджаюць жыцьцю, можна зьмяніць, галоўнае - працаваць над сабой.
Мая самая дрэнная звычка — гэта нічога не рабіць. Калі браць наркотыкі, цыгарэты ці алькаголь, дык не магу казаць, што заўважала за сабой прыхільнасьці да чагосьці такога.
Я пачала займацца музыкай ужо ў нулявым клясе. Сьпявала ў хоры. Мяне заўважыла адна наша настаўніца — і я пачала сьпяваць асобна. У першым клясе я пайшла займацца на фартэпіяна.
Бацькі мяне падтрымліваюць, мы збольшага разумеем адзін аднаго, гэта вельмі істотна.
Самае галоўнае для таго, каб пачаць займацца музыкай — гэта мець жаданьне і мінімум здольнасьцяў. Зараз музыка ня мае рамак, якія былі яшчэ год 10 таму, кожны можа знайсьці тут нешта сваё і разьвівацца.
Музыка — найвялікшае каханьне ў маім жыцьці. У мяне ёсьць два вялікіх каханьня — да музыкі і да Беларусі. Я не кажу, што люблю, бо насамрэч кахаю іх як людзей.
З музыкай стасункі як з чалавекам, яна можа быць з табой, а можа і ня быць. І ты падпісаны на тое, што ўсё жыцьцё будзеш пакутаваць безь яе. Музыка — як жанчына. Яна можа прыходзіць да цябе, сыходзіць, але ж безь яе табе нават дыхаць складана. У мяне зь ёй стасункі нашмат складаней, чым нават з хлопцамі.
У музыцы мне больш за ўсё падабаецца адчуваньне космасу. Ты сядзіш на канцэрце, ёсьць музыка і ты, паміж вамі каханьне, ты ляціш, бо ты ўжо не чалавек — і ўсё, гэта сапраўднае шчасьце.
Я вельмі радуюся, калі ў мяне ёсьць новыя песьні. Калі ты маеш свой стабільны рэпэртуар у 25 песень і сярод іх будзе хоць адна песьня, якую выконваеш у межах толькі сотні разоў, то гэта надае смак таму, што ты робіш, бо бывае ён прытупляецца
Самае страшнае у музыцы — калі ты спыніўся і не разьвіваесься.
У мяне ёсьць праблема: я дагэтуль не магу як прафэсійны музыка карыстацца сцэнічным вобразам. І на сцэне, і ў жыцьці я ёсьць я, безь нейкіх там разьмежаваньняў.
Ёсьць адмоўныя бакі ў творчасьці, у папулярнасьці. Калі сядзіш «Укантакце» і разумееш, што твае словы прачытаюць зараз чалавек 800, за тваім кожным крокам можа нехта сачыць — ад гэтага бывае вельмі няўтульна.
Калі ты жадаеш быць вядомым і нарэшце маеш трошкі гэтай вядомасьці, разумееш, што гэта ня тое, што ты хацеў і ты не атрымліваеш ад гэтага тых пачуцьцяў, якія хацеў атрымаць. І бывае, губляесься ў гэтым, бо здаецца — вось тое, што хацеў, але ж ты больш не жадаеш гэтага. Так што ў кожнай мэдалі ёсьць адваротны бок, як, прынамсі, ва ўсім жыцьці ёсьць нешта добрае і ня вельмі добрае. Усё ж так пабудавана ўсё.
Мне ня раз казалі вядомыя музыкі, што ня трэба адмаўляцца ад канцэртаў, бо прыйдзе час — і цябе ня будуць клікаць.
Але ж у мяне не бывае жаданьня кінуць усё, не, ні ў якім разе. Бывае, проста хочацца ляжаць дома і нічога не рабіць. Гэта пытаньне будзе актуальным праз год прыкладна дзесяць, калі, магчыма, я буду нешта зь сябе ўяўляць, а зараз… ну хто я такая? Ведаюць мяне ў пэўных колах — і ўсё.
Мяне натхняюць прыгожыя беларускія словы, прыгожыя гукавыя спалучэньні. Ёсьць такі стан, які вельмі складана апісаць, у якім ты эмацыйна тонка адчуваеш рэчаіснасьць, так званы, космас. Я шмат калі кажу, што песьні — яны прыходзіць зь неба. Адчыняецца партал — і да цябе прыходзяць песьні.
У мяне з гэтым космасам яшчэ ў дзяцінстве былі справы, калі доктар даслаў мяне да псыхіятра.
Проста аднойчы ў мяне балела галава і на пытаньне цётачкі «Як яна табе баліць?», я адказала, што так вось «коль-коль», нібыта нейкія сыгналы ідуць і пасьля расходзяцца па галаве. Пасьля гэтага мяне прапанавалі звадзіць да псыхатэрапэўта на праверку.
А ўвогуле, на ўсё патрэбна глядзець з усьмешкай.
Я не магу казаць, што ў школе ў мяне было шмат сяброў. Не было такога адчуваньня, як кажуць «мая школа — мая крэпасьць». Аднаклясьнікі былі добрымі людзьмі, але засталося толькі 1-2 чалавекі, зь якімі я пэрыядычна сустракаюся.
Ёсьць людзі, якіх я называю «твае людзі», іх няшмат, але ж калі такіх сустракаеш, гэта злучэньне душаў. І ўжо ўсё адно, якія яны, бо яны твае.
А вось аднакурсьнікі — гэта першыя, хто мяне падтрымаў. Яны паспрыялі таму, што на сустрэчах і кватэрніках я пачала сьпяваць. Дагэтуль я сьпявала амаль толькі для сябе.
Частка аднагрупнікаў заўсёды на маіх канцэртах, што вельмі прыемна. У нас дэмакратычныя стасункі ў групе.
Я шчасьлівая, што творчасьць прынесла мне шмат новых знаёмстваў і прыгодаў. Ты лічыш усіх людзей, зь якімі сустракаесься, ня проста знаёмымі, а сябрамі, якія былі заўсёды.
Дрэнна, што зараз шмат у каго існуе такое меркаваньне, што калі жадаеш чагосьці дасягнуць, то патрэбна быць сьцервай. Я гэтага не разумею і такіх людзей не люблю.
Патрэбна жыць, каб выпрацоўваць пазытыўную энэргію. Бо Богу гэта патрэбна, каб запальваць сонца :) У параўнаньні з космасам мы — нішто.
У мяне ёсьць такая аснова як Паліна-жанчына, як Паліна-маці, таму дзеці і сям'я для мяне — гэта неад'емныя часткі шчасьця. Усё будзе, у свой час.
Аднойчы я спытала ў таты, што ёсьць шчасьце? На што ён мне адказаў: «Калі ў цябе нарадзіўся сын — гэта шчасьце. Але ж калі ты вельмі хочаш ў прыбіральню і …вось, нарэшце! Гэта таксама шчасьце». Таму трэба жыць, каб быць шчасьлівым.
Я разумею, што мінулы год мяне вельмі зьмяніў, я стала іншым чалавекам. Было і шчасьце, была і эўфарыя. Толькі ніколі іх нельга блытаць.
Памятаю, калі пасьля «Бардаўскай восені» мне пачалі пісаць людзі, я была пад такой эўфарыяй, што мне давялося піць валяр'янку, каб спаць ноччу. Гэта вельмі складанае пачуцьцё, ад якога можна стаць вар'ятам. Шчасьце — як паветра, мы яго ня бачым, але ж адчуваем.