Як стварыць Re1iktавы sound народных песень


Re1ikt на Басовішчы 2013

Гурт «Re1ikt» перад прэзентацыяй свайго дыску «Лекавыя травы», якая пройдзе 7 снежня ў клубе «Re: Public», даў вялікае інтэрв'ю Generation.by. Бубнач Аляксандр Дземідзенка і басіст Зміцер Наркевіч пра музыку, працу, фальклор, што не памірае, і жыццё ў Светлагорску мяжы стагоддзяў.

— Самае істотнае, што трэба ведаць слухачу пра «Лекавыя травы»?

Аляксандр: Гэта вобраз з дзяцінства: бабуля запарвала мне чабор, святаяннік.

Зміцер: Я збіраў таксама зёлкі з бабуляй.

Аляксандр: На вокладцы – траўніца Зоня Ігнатаўна Рудзько з вёскі Рачэнь пад Любанню. Мы яе сустрэлі на фэсце «Пятровіца» ў Шыпілавічах. Зоня Ігнатаўна распавяла пра зёлкі, пачаставала гарбатай. Калі прыдумалі канцэпцыю альбома, то запрасілі фатографа Андрэя Дубініна і паехалі ў Рачэнь.

Зміцер: Народныя песні дастаткова складаныя, выконваліся без інструментаў, для рок-аранжыроўкі няпроста захаваць усе меладычныя хады. Таму песні мы апрацоўваем у нашай, Re1iktавай манеры.

Аляксандр: У песні «Дождж ідзець» мы больш пакінулі мелодыі, якая была ў архіўным запісе. «Чаго ты, лосю» – таксама вельмі блізка. На кружэлцы ёсць дзве песні, натхнёныя творамі класікаў: «Кабета Інсэкта» па Яну Баршчэўскаму і «Балотныя агні» па Якубу Коласу.

– Распавядзіце трохі болей, вы пазіцыянуеце сябе як гурт з Палесся, а тут акурат балота…

Аляксандр: Мяне вабіў вобраз, нейкі таямнічы балотны агонь, палеская багна. Гэта пра мары, маладая бярозка ўглядалася ў цемру і нібы бачыла агонь. А старэйшыя дрэвы шапталіся – што яна там выглядае? Гэта ж проста гнілушкі. І мы ў песні пытаемся, ці праўда, што тыя агні – гэта ўсяго толькі гнілякі? Чалавек бачыць тое, што ён хоча бачыць, гэта адлюстраванне яго ўнутранага свету.

– А як пачаўся ваш «раман з фальклорам»?

Аляксандр: Я зацікавіўся праз гурт «Тройца». Іхні альбом «Сон-трава» ганяў па кругу. Здаецца, Уладзімір (вакаліст) прапанаваў зрабіць песню «Рана на Йвана», ён калісь спяваў у хоры. Як пачалі, нейкая моц з’явілася. З выкананнем народнай музыкі прыйшло разуменне, што ўсё робім правільна. Фальклор выкарыстоўваў і Курт Кабэйн, і Metallica. Нядаўна ў праграме «Аэрастат» пачуў, што і The Beatles перапрацоўвалі шатландскія народныя мелодыі. Пол МакКартні вельмі хацеў рабіць народныя песні, але не мог, бо ўвесь свет палічыў бы, што ён спісаўся. Музыкаў цягне да гэтага, новая крыніца натхнення, можна сказаць, бясконцая.

– Чым ёсць для вас фальклор? Матэрыялам для інтэрпрэтацый ці чымсьці большым?

Аляксандр: Усім. І Матэрыялам, і нечым духоўным. Калі спявалі, нейкая новая энергія паўставала ўнутры. Пакуль свядома адказаць на гэта пытанне не можам, гэта справа не аднаго года. Магу толькі сцвярджаць, што з беларускімі народнымі песнямі мне працаваць лёгка, я іх адразу чую.

– Як вы ставіцеся да народнага хрысціянства, да паганства?

Аляксандр: Я б устрымаўся ад адказу. Не хапае часу гэта зараз асэнсоўваць. Толькі хочацца верыць, што свет пабудаваны больш цікава, чым мы бачым.

Зміцер: Гэта вядома, што ў беларусаў хрысціянства заступіла паганства, але тое нікуды не знікла, было і ёсць.

– Ці чулі вы гурт «Кудмень», што пераймае мужчынскую манеру аўтэнтычнага спеву?

Аляксандр: Кудмень, Кудмень… Чулі, там спявае Дзяніс Сухі, са Светлагорску, наш зямляк. Мы любім фальклор, але ўсё ж мы – рок-гурт. Калі ў машыне едзем, асабліва далёка, на Берасце ці на Польшчу, бярэм маленькую гітарлеле і спяваем свае любімыя песні. «Гаманіна» ёсць такая народная, казацкія любім паспяваць. Бо ўжо надакучвае размаўляць, ці сядзець у тэлефонах.

– Гляджу, не баіцеся выязджаць за межы МКАД?

Аляксандр: Мы ўжо ўсю Беларусь аб’ехалі. І гарады, і вёсачкі. Хочацца выступаць яшчэ больш.

Зміцер: Каля 40 гарадоў.

Аляксадр: Марым паехаць вандраваць і адначасова нешта запісаць, такая вандроўка-экспедыцыя. Але жывём у каменных джунглях, пакуль не атрымліваецца.

– А як успрымаюць у маленькіх мястэчках Вашу музыку? Хто прыходзіць?

Зміцер: Розныя людзі. Мы ж для людзей граем.

Аляксандр: Ад дзетак да бабулек. Мы там, канечне, выконваем акустычную праграму, неэлектрычную, такі unplugged, спакойны, прыемны на вуха.

– То бок, даводзіцца падладжвацца пад слухача?

Аляксадр: Мы ж не вар’яты, разумеем, што калі пачнём там граць на барабанах, яны пабягуць дамоў…

– Кажуць, Re1ikt пачынаўся з выканання гранджу. Праўда?

Аляксандр: Пачатак гурта быў вельмі даўно, яшчэ ў 99-м годзе. Было сумна жыць у горадзе, дзе нічога не адбывалася, хацелася нешта рабіць. Мы з сябрамі слухалі рок-музыку, Nirvana, розныя гурты, бралі гітары, спявалі ў дварах, гэта звычайны шлях амаль усіх рок-музыкаў майго ўзросту, я так думаю. Дамаўляліся, сустракаліся, нейкія каверы рабілі на Віктара Цоя, Ягора Летава, ну, як усе. Але хацелася пісаць сваю музыку. У Светлагорску быў рок-клуб, ён і зараз ёсць. Яго кіраўнік, Уладзімір Нікольчанкін, сапраўды шмат зрабіў для светлагорскай моладзі. Гэта была на той час адзіная магчымасць граць на сапраўдных электрычных інструментах.

– Вы часта падкрэсліваеце сваё палескае паходжанне.

Аляксандр: Так, мы лічым, што Светлагорск – гэта Палессе. Вова, наш вакаліст, нават жыў у мікрараёне, што зваўся «Палессе», мы рэпетавалі ў сутарэннях крамы з такой назвай…

Напэўна, наша музыка – гэта адлюстраванне нашых дзіцячых уражанняў. Светлагорск – гэта такі горад у лесе, там шмат дрэваў. І нават балота ў нас было маленькае ў цэнтры горада. Мне здаецца, мы маем гэта ў музыцы, тэмпы, памеры, вось гэтая палескасць. Мы хочам сябе трансляваць у сучаснасці як дзяцей Палесся, бо мы там нарадзіліся, выраслі, і асноўныя, натхняльныя рэчы адбыліся менавіта тады.

– Усе музыкі ў гурце са Светлагорску?

Аляксандр: Не, толькі я і вакаліст Уладзімір Казлоў.

Зміцер: Я і гітарыст Віталь Макшун выраслі ў Менску, далучыліся да гурта гадоў пяць таму.

Аляксандр: Зміцер мой даўні сябар, спачатку дапамагаў гурту ў адміністрацыйных справах. З Вовам вучыліся ў адной школе, ведалі адно аднаго. Нашага вакаліста забралі ў армію, а трэба было канцэрт адыграць. Я ўзгадаў, што ў мяне ёсць такі знаёмы Вова, прыйшоў да яго проста ў кватэру, тады было гэта значна прасцей. Ён выйшаў: «Прывет!» Я яму «А ці не хочаш з намі паспяваць?» «Давай!» Даволі лаканічна. І вось мы ўжо больш за 10 год у адным гурце.

– Аляксандр, распавядзіце, як трапілі ў Менск?

Аляксандр: Я вучыўся ў Гомлі, са мной туды, а потым у Менск у 2009 г. пераехалі Уладзімір і яшчэ гітарыст, які ўжо сыйшоў з гурта. Проста трэба было пераехаць, мая жонка жыла тут.

– Сутыкаліся з Gods’ Tower?

Аляксандр: У Гомлі – ніяк. Ужо ў Менску яны да нас звярнуліся, каб мы ім зрабілі кліп (упадабалі наш, «Рэкі пад ільдом»). Так і пазнаёміліся. Калі мы жылі ў Санкт-Пецярбурзе, яны да нас прыязджалі, калі былі з канцэртамі.

– А калі ў вас з’явіліся беларускамоўныя творы?

Аляксандр: Адразу. Мы слухалі NRM, спявалі яго таксама ў дварах, мой любімы альбом быў LaLaLa. Разумелі, што беларускі гурт павінен пісаць песні па-беларуску. Можа, тады не было добрага ўзроўню валодання мовай, калі мы былі маленькія. Па-ангельску было прасцей. Ужо на першых дысках было па адной-дзве песні беларускія, а альбом «Рэкі прабілі лёд» – цалкам беларускамоўны.

– У жыцці размаўляеце па-беларуску?

Аляксандр: Часам. На працы карыстаемся рускай і ангельскай. Калі трапляем у беларускамоўны асяродак, хоць адзін чалавек размаўляе, то пераходзім з радасцю.

Зміцер: Гэта з каранёў. У мяне бабуля настаўніца беларускай мовы ў вясковай школе, тата з вёскі. Ён вайсковец, столькі год праслужыў у розных краінах, а беларускія слоўцы ўсё роўна праскокваюць.

– А як ставіцеся да трасянкі?

Аляксандр: Я дык станоўча, з трасянкі на беларускую перайсці лягчэй.

Зміцер: Гаворка і гаворка. Літаратурная беларуская – з віленскіх дыялектаў. Дык чым іншыя гаворкі горшыя?

– Вы часта фатаграфуецеся ўсе разам у цішотках падобнага дызайну. Ён чый?

Аляксандр: Мой. На канцэртах ахвотней набываюць цішоткі, чым дыскі. Сабе вось спачатку зрабіў. Я вялікі прыхільнік серыялу Twin Peaks і ўвогуле рэжысёр Дэвіда Лінча. Калі стала вядома, што будзе працяг, зрабіў сабе байку, а потым ужо ў тым жа стылі нейкія такія цішоткі, sweat-шоткі для музыкаў і слухачоў Re1ikt.

– Гэта частка вашай маркетынгавай стратэгіі?

Зміцер: Ды не. Людзі проста хочуць набыць, вось і ўсё.

– А як сумяшчаеце заняткі музыкай і працу ў ІТ?

Зміцер: Спачатку быў гурт, ІТ ужо потым. Я адпрацаваў размеркаванне на заводзе, Generation.by калісь пра гэта пісаў.

Аляксандр: Вакаліст у нас працуе электрыкам у метро, у ІТ сферы астатнія нядаўна. А гурт у нас так даўно, што ўжо ведаем, як арганізаваць час, каб не перашкаджала ні сям’і, ні працы. Матывацыя граць у нас зараз наўрад ці грашовая. Але любоў да музыкі, да сачынення, да выканання – наш галоўны рухавік.


Івэнты ў сацсетках: FB i VK

Фота: Юля Сакалоўская, Generation.by і з архіву гурта.


Алена Ляшкевіч 13:00, 01.12.2015 | Пакаленне Y |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0465 seconds.